ГЕАМО́РЫ
(грэч. geōmoroi),
землеўладальнікі ў Стараж. Грэцыі. У розных рэгіёнах і ў розны час яны мелі розны статус. У Атыцы — гэта адна з 3 груп свабоднага насельніцтва, якая, паводле падання, утварылася ў часы праўлення Тэсея (13 ст. да н.э.). Паступова яны страчвалі свае зямельныя надзелы за даўгі і траплялі ў даўгавое рабства. Рэформы Салона аднавілі б.ч. гаспадарак Геамораў, але ў 4 ст. да н.э. яны ў асноўным разарыліся. У Сіракузах і на в-ве Самас — арыстакраты, буйныя зямельныя ўласнікі, улада якіх скінула дэмасам. Некалькі разоў часова вярталі сваё панаванне, у 4 ст. да н.э. страцілі яго канчаткова.
т. 5, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)