ПЕРПЕНДЫКУЛЯ́РНАСЦЬ,

узаемнае размяшчэнне 2 прамых, плоскасцей ці прамой і плоскасці, пры якім гэтыя фігуры ўтвараюць прамы вугал. 2 прамыя наз. ўзаемна перпендыкулярнымі, калі яны ўтвараюць прамы вугал (у прасторы такія прамыя не абавязкова перасякаюцца). Прамая і плоскасць наз. ўзаемна перпендыкулярнымі, калі дадзеная прамая перпендыкулярная да кожнай прамой, што знаходзіцца на плоскасці. 2 плоскасці наз. ўзаемна перпендыкулярнымі, калі пры перасячэнні яны ўтвараюць прамы двухгранны вугал. Гл. таксама Артаганальнасць.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)