БЕ́ЛІ,
паталагічныя выдзяленні з палавых органаў жанчыны; сімптом парушэння сакраторнай функцыі палавых органаў пры хваробах палавой сферы (ганарэя, трыхаманоз, септычныя запаленчыя працэсы, пухліны і інш.), а таксама сімптом агульных захворванняў. У здаровай жанчыны выдзяленні могуць павялічвацца перад менструацыяй і пасля яе, пры цяжарнасці, юрлівасці, у гэтых выпадках яны светлыя, хутка знікаюць.
Адрозніваюць похвенныя, вестыбулярныя, шыйкавыя, матачныя і трубныя белі. Найчасцей бываюць похвенныя белі белаватага колеру пры агульных хваробах (туберкулёз, інфекц. хваробы, хваробы шчытападобнай залозы і інш.), а таксама ў жанчын пры згасанні функцыі яечнікаў і парушэнні глікагенаўтварэння ў слізістай абалонцы похвы. Усе похвенныя белі (жоўтага колеру) могуць узнікаць ад інфекцыі пры разрывах прамежнасці і зеўранні палавой шчыліны, пры апушчэнні сценак похвы, мочапалавых і кішачна-палавых свішчах як вынік няправільных і непатрэбных спрынцаванняў. Прычына вестыбулярных беляў — запаленне вульвы або вял. залоз перад уваходам у похву (барталінавыя залозы). Белі збіраюцца ў складках вульвы і выклікаюць раздражненне. Шыйкавыя белі белаватага або гемарагічнага колеру ўзнікаюць пры запаленнях і пашкоджаннях, паліпах і раку маткі; у норме яны празрыстыя, слізістыя, найчасцей у першую фазу менструальнага цыкла і перад авуляцыяй. Матачныя белі ў другую фазу (сакраторную) менструальнага цыкла толькі ўвільгатняюць паверхню эндаметрыя. Пры вострых запаленчых працэсах яны гнойныя, пры хранічных — вадзяністыя, пры ракавым пашкоджанні — колеру мясных памыяў. Трубныя белі ўтвараюцца пры запаленчых працэсах у трубах, праз матку і похву яны выдзяляюцца вонкі і праз ампулярны аддзел трубаў у брушную поласць. Бываюць серозныя, вадзяністыя або гнойныя. Лячэнне беляў залежыць ад прычыны хваробы.
І.У.Дуда.
т. 3, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)