збіць, саб’ю, саб’еш, саб’е; саб’ём, саб’яце; зак., каго-што.

1. Ударам, рэзкім рухам аддзяліць што‑н. ад чаго‑н., прымусіць адваліцца, зваліцца. Збіць снег з ботаў. Збіць попел з папяросы. □ Васіль знайшоў на антонаўцы пераспелы яблык, збіў яго. Гаўрылкін. Салдат штурхнуў яго ў бок, і толькі па версе галавы перабежчыка слізгануў кулак Сяргея Карагі і збіў шапку. Колас. // Патушыць (агонь, полымя). Самалёт загарэўся. Збіць агонь пікіраваннем не ўдалося. Матрунёнак. Вось вецер пайшоў на таполі І полымя збіў з верхавін. Кірэенка.

2. Ударам, штуршком паваліць, прымусіць упасці. Збіць з ног. □ Цімошка затрымаў дух, як бы над ім узнялі булаву, каб збіць яго адным махам. Колас. // Падстрэліўшы, падбіўшы на ляту, прымусіць упасці. Збіць самалёт. Збіць птушку.

3. Ударам, рэзкім рухам ссунуць, перамясціць каго‑, што‑н. з належнага месца. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю і шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Сімен не паспеў адказаць: хлынуўшы натоўп збіў .. [яго і Рыгора] з месца і адапхнуў на некалькі крокаў назад. Гартны. // Ссунуўшы, парушыць правільнасць чаго‑н. Збіць прыцэл. // З боем адцясніць, выбіць адкуль‑н. Збіць ворага з пазіцыі. // Прымусіць сысці з правільнага напрамку. Збіць з курсу. Збіць з дарогі. □ Толік уважліва паглядзеў наперад. — Яны тут... Глядзі, сляды пасыпаюць нечым... — Гэта каб сабаку збіць са следу, — шэптам растлумачыў Васілёк. Зуб. // Прымусіць зрабіць што‑н. насуперак сваім намерам, меркаванням. — Ужо два тыдні дыхнуць [бацька] не дае — усё ўгаворвае мяне ісці ў прымы к Іллюкевічу. Усё думае — мяне тым саб’е, што там хутар багаты. Чорны.

4. Моцна пабіць, знявечыць пабоямі. Збіць да смерці. □ Усіх сялян [казакі] моцна збілі бізунамі. □ Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. Сварыўся .. [бацька] з людзьмі, і, мусіць, аднойчы збілі яго. Лужанін.

5. Ударамі сапсаваць, зрабіць непрыгодным. Збіць лязо. Збіць падковы. // Разм. Стаптаць, знасіць (абутак). Косцік за вясну збіў бацінкі. □ Валі туфлі цесныя зрабіліся. Васілевіч. // Разм. Здзерці, абадраць скуру аб што‑н. Збіць калена. □ [У Леаніда] шчыміць барада, дзе збіў скуру. Намацаць пальцамі, — здаецца, прыгаілася. Пташнікаў.

6. Прыбіць адно да другога, змацаваць адно з другім цвікамі. Збіць дошкі. □ Румам у нас называюць тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною збіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы. Колас. // Зрабіць, вырабіць што‑н., прыбіваючы адну частку да другой. Збіць стол. Збіць скрынку.

7. Дамагчыся знікнення або рэзкага памяншэння чаго‑н. Збіць тэмпературу ў хворага. // Выклікаць зніжэнне, падзенне чаго‑н. Збіць цану. // перан. Разм. Прымусіць знізіць, зменшыць праяўленне чаго‑н. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал. Шамякін.

8. Зблытаць, прымусіць памыліцца. Не заходзячы ў хату, [Аўгіння] заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён, не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх. Колас. // Выклікаць замяшанне, прымусіць разгубіцца. — Пранюхваеш? — насмешліва спытаў Сяўрук з яўным разлікам збіць ціхага чалавека, не прывыкшага выступаць. Кулакоўскі. Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Мележ.

9. Зблытаць, змяць (валасы, шэрсць і пад.). Замест ложкаў ці нараў у бараку ўздоўж сцяны была паслана салома. Яе збілі, перацерлі на мякіну. Якімовіч. // Палажыць, паблытаць, стаптаць (аб пасевах). Летась град збіў жыта. Васілевіч.

10. Прыгатаваць што‑н., узбіваючы, узбоўтваючы. Збіць масла. Збіць мус.

11. Разм. Б’ючы, таўкучы, зрабіць што‑н. глінабітнае. Збіць печ. Збіць сцяну.

•••

Збіць гонар — прымусіць каго‑н. не задавацца.

Збіць з (правільнай) дарогі — прымусіць адступіць ад правільных думак, меркаванняў; штурхнуць на што‑н. нядобрае.

Збіць з панталыку (з толку, з тропу) — а) выклікаць замяшанне, заблытаць; б) тое, што і збіць з дарогі.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык — моцна пабіць, адсцябаць.

Ногі збіць — тое, што і ногі адбіць (гл. адбіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лад 1, ‑а і ‑у, М аб ладзе, у ладу; мн. лады, ‑оў; м.

1. ‑у; звычайна адз. (з азначэннем). Дзяржаўная ці грамадская сістэма, арганізацыя. Сацыялістычны лад. Першабытнаабшчынны лад. Рабаўладальніцкі лад.

2. ‑у. Уклад жыцця. Лабановіч доўга хадзіў па пакоіку, намячаючы больш-менш сталы і пэўны лад свайго жыцця. Колас. // перан. Сэнс жыцця, спосаб жыцця. Ля завадзі, сярод чароту, сяджу я схілены ў тры пагібелі і не ўстану, не пайду, пакуль не зразумею самы лад жыцця людскога як мае быць... Бядуля.

3. ‑у. Разм. Згода, дружба. Бацькі .. [Аксёна] былі маўклівыя. Між імі не было ні добрага ладу, ні сваркі. Дуброўскі. [Мацей:] — Здаецца, і любяць адно аднаго, дастатак ёсць, а ладу няма: адсюль-адтуль ды ў сварку за дробязь якую. Пальчэўскі. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас. // Парадак, зладжанасць. Вялікім клопатам лета былі дарогі.. Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Вядома, да ладу яшчэ далёка, дарогі яшчэ багата дзе рэжуць без нажа. Мележ. Гуркацяць, гудуць маторы Ці пры сонцы, ці пры зорах, Калі ў працы лад, Кожны сэрцам рад. Кірэенка.

4. ‑у. Спосаб, манера; узор. На ваенны лад. На новы лад. На свой лад. □ Домікі, найбольш на вясковы лад, то заходзілі ў глыб двароў, то выступалі на самую вуліцу. М. Стральцоў. Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў. Шамякін.

5. ‑у. Настрой, гумор; тон. Гумарыстычны лад. Філасофскі лад. Самотны лад. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад. Паслядовіч.

6. ‑у. У музыцы — спосаб пабудовы гукараду, арганізацыя музычных гукаў; строй музычнага твора. Ніхто з нас не ведаў слоў песні. Але мы хутка засвоілі яе лад і дружна пачалі падпяваць адным голасам. Якімовіч. // У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго строй і эмацыянальная афарбоўка. Вобразны лад. Урачысты лад. □ Меладычны лад верша, захаваны перакладчыкам, дае магчымасць адчуць нацыянальную форму арыгінала. Палітыка.

7. ‑а. Адно з дзяленняў на грыфе струнных музычных інструментаў; клавіша гармоніка, баяна, клапан духавога інструмента. Вася прабег пальцамі па ладах, расцягнуў гармонік. Асіпенка.

8. ‑у; звычайна адз. Сістэма будовы, склад мовы. Граматычны лад беларускай мовы.

•••

Давесці (прывесці) да ладу гл. давесці.

Дайсці (да) ладу гл. дайсці.

Даць лад гл. даць.

Збіцца з ладу гл. збіцца.

Ладу не дабраць гл. дабраць.

Навесці лад гл. навесці.

На добры лад — так, як патрэбна; па-сапраўднаму.

На свой лад — па-свойму.

На ўсе лады — усебакова (абмяркоўваць, разбіраць і пад.).

На ўсе (розныя) лады — па-рознаму. На ўсе лады заліваліся жаваранкі, свісталі шпакі. Дайліда. Мелодыя акрыляецца, мяняе тэмп, паўтараецца на розныя лады. Бядуля.

Не ў лад — нязладжана, нястройна; не ў адпаведнасці з чым‑н.

Не ў ладу; не ў ладах з кім-чым — быць не ў згодзе, у дрэнных адносінах.

Ні складу, ні ладу гл. склад.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Спор ды лад (у рабоце, жыцці і інш.) гл. спор.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

У лад — зладжана, стройна; у адпаведнасці з чым‑н.

У ладу; у ладах з кім-чым — дружна, у згодзе.

(Усе) на адзін лад — (усе) аднолькавыя.

лад 2, ‑у, м.

У граматыцы — катэгорыя дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння да рэчаіснасці.

•••

Абвесны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае рэальнае дзеянне, што адбываецца ў цяперашнім, прошлым і будучым часе.

Загадны лад — катэгорыя дзеяслова, якая выражае загад, просьбу, чыю‑н. волю.

Умоўны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае магчымае, пажаданае або мяркуемае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.

1. Ступіўшы адзін або некалькі крокаў назад, убок, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н.; адступіць. «Ці ісці, ці не?» — усумніўся Рыгор і нават адступіўся некалькі крокаў ад брамы. Гартны. Бачу, што чалавек.. зусім не жадае са мною гаварыць. І я адступіўся ад дзвярэй. Кавалёў. // Саступіўшы ўбок, перастаць засланяць дарогу, святло каму‑, чаму‑н. Бяссонаў адступіўся, прапусціў машыну паўз сябе. Мележ.

2. перан. Аказацца на далейшай адлегласці ад чаго‑н. Ясеняў і цяпер многа па дварах, хоць вёска даўно ўжо адступілася ад лесу. Арочка.

3. перан. Адмовіцца ад чаго‑н.; перастаць дамагацца чаго‑н. Саўка хацеў паквітацца з войтам і яго прыяцелямі, парваць з імі кантакт і адступіцца ад той бруднай ролі, на якую падбілі яго. Колас. // Адкаснуцца, адчапіцца. [Ганна:] — Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла. Мележ. Я думаў, стражнікі пабаяцца нас дваіх і адступяцца. Не будуць жа яны страляць у нас! Якімовіч.

4. Парваць адносіны, сувязь з кім‑н.; пакінуць каго‑н. па волю лёсу; адвярнуцца ад каго‑н. [Вялічка:] — Максім, калі будзе што са мною — не адступіся ад майго Уладзі, як бы я табе прыпаручыў яго. Чорны.

5. Перастаць прытрымлівацца (абяцанняў, поглядаў, перакананняў і пад.), адрачыся ад чаго‑н. Адступіцца ад прысягі. □ Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. // Пайсці на прымірэнне, згоду. Ганна чула душою адно: адумаўся, адступіцца рашыў [Васіль]. Мележ.

6. перан. Адысці, аддаліцца ад першакрыніцы, ісціны і пад. [Сакратар:] — Ты ж глядзі, каб ні на крок не адступіўся ад тэксту. Сабаленка. [Завуч:] — І калі.. [карэспандэнт] не напіша пра твае ўцёкі, то адступіцца ад праўды. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пасадзіць (у 2, 4 і 8 знач.).

2. звычайна мн. (паса́дкі, ‑дак). Тое, што пасаджана; пасаджаныя расліны, дрэвы. Пасадкі маладога сасонніку скончыліся, і наперадзе заросшая верасам паляна з рэдкімі бярозкамі. Навуменка. Я прыпынілася ля веснічак станцыйнай агароджы, азірнулася: вагоны ўжо схаваліся за ялінамі пасадкі. Савіцкі.

3. Упусканне пасажыраў у вагон, на самалёт, карабель і пад., каб яны маглі заняць месца на час паездкі. Пасадка ішла хутка. Праз дзве-тры хвіліны чарга дайшла да пасажыра ў цёмна-сінім гарнітуры. Пальчэўскі. Падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. Пачалася пасадка, Блізнюк заняў сваё месца, пазіраў праз акно на людзей, што прыйшлі праводзіць сваіх блізкіх, бачыў Ліду, усміхаўся ёй. Дамашэвіч.

4. Прызямленне (самалёта і пад.). Пасадка першага самалёта ў такі час мела для партызан велізарнае значэнне. Шамякін. // Апусканне міжпланетнага касмічнага карабля або лятальнага апарата на паверхню якога‑н. нябеснага цела. Вымушаная пасадка.

5. Манера конніка трымацца ў сядле. Чырвонаармеец паглядзеў на конніка, ацаніў яго пасадку, усміхнуўся сам сабе. Мікуліч.

6. Палажэнне цела ў час сядзення. // Размяшчэнне, пастаноўка адпаведным чынам (пра вушы, вочы, галаву).

7. Спец. Характар злучэння дэталей. Нерухомая пасадка гаек.

8. Спец. Размеркаванне (пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. Пасадка пчол у вулей.

•••

Квадратна-гнездавая пасадка — спосаб пасадкі прапашных культур, пры якім насенне размяшчаюць на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго ў падоўжным і папярочным напрамках.

Мяккая пасадка — пасадка касмічнага лятальнага апарата, пры якой хуткасць апарата к моманту сутыкнення з паверхняй планеты або іншага нябеснага цела мінімальная (у ідэальным выпадку — нуль) і якая забяспечвае цэласць канструкцыі і сістэм апарата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго. Гонячы, падганяючы, даставіць куды‑н. Прыгналі коней з начлегу, і калгасны двор напоўніўся тупаннем і крыкамі. Шамякін. Толькі, бывала, .. [Лявонка] прыгоніць Белалобую ў статак, глядзіць — а яе ўжо зноў няма... Шуцько. [Няміру] прыгналі туды, куды зганялі ўсіх мужчын — у крайнюю хату. Чорны. // Разм. Прывесці, прыслаць. Салдаты пачалі ачышчаць для .. [Тоўхарта] пакоі. Прыгналі некалькі жанчын мыць падлогу. Чорны. // перан. Разм. Прымусіць прыйсці, з’явіцца куды‑н. Па ўсім было відаць, што чалавека не раскоша прыгнала сюды, на навагранскую вуліцу. Сабаленка.

2. што. Разм. Едучы на чым‑н., кіруючы чым‑н., даставіць (машыну, лодку і пад.). Грысь з Тодарам прыгналі сюды некалькі лодак, і калі трэба было, то партызаны перапраўляліся з аднаго боку на другі. Кулакоўскі. На .. двор прыгналі.. трактар, які ў пачатку вайны схаваў у лес Кастусь Серада. Шахавец. // Рухаючы, перамяшчаючы сілай сваёй плыні, даставіць куды‑н. [Тварыцкі] сказаў, што пойдзе прынясе плашку, якую прыгнала аднекуль рэчкай вада. Чорны. Цёплы вецер павявае, Хмар дажджлівых нам прызнаў. Колас. / у безас. ужыв. [Завішнюк] глядзеў на вуліцу, на пясок — думаў: адкуль яго набралася гэтулькі ў Лонве, мусіць, памыла, прыгнала з вадой у дажджы ад лесу. Пташнікаў. // безас. каго-што. Разм. неадабр. Прыйсці куды‑н., з’явіцца дзе‑н. Мы з цёткай глядзім: А чаго іх [братоў] прыгнала Да нас? Проста так пасядзець дзе-нідзе б? Прыходзька.

3. што. Прыладзіць адно да другога так, каб супала па форме, памерах, каб было якраз; падагнаць. Што ні замысліць [Антось], то ўсё зробіць, І так прыгоніць, так аздобіць, Што і для вока нават міла. Колас. Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прыгнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.

•••

Чорт прыгнаў каго гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Зрушыць, скрануць што‑н. Людзі ўсталі, Сталы з месца ссунулі. Калачынскі. // Скрануць з прызначанага месца. Ссунуць акуляры на лоб.

2. Сунучы, скінуць што‑н.; перамясціць. Ссунуць снег са страхі. □ Скончыўшы наразаць,.. [Кашын] акуратна нажом ссунуў селядца на вузкую даўгаватую талерку, паглядзеў так-гэтак, паправіў. Карпаў. // Сунучы, спусціць на ваду. Я ссунуў байдарку з пясчанай водмелі і паплыў па забалочанай рачулцы туды, дзе яна зліваецца з Пінай. В. Вольскі. // Зняць што‑н. Пры калёсах корпаецца дзядзька Ігнат. Ссунуў кола і шчодра і клапатліва, нібы масла на хлеб, намазвае на вось каланіцу. Хадановіч.

3. Сунучы, зграбаючы, сабраць у адно месца. Хлопцы і дзяўчаты яшчэ цясней ссунулі вакол Міколы скрыні, на якіх сядзелі. Новікаў. // Адсунуць што‑н. Тым часам жанчына ссунула з краю стала абрус, паклала некалькі лустак хлеба, драўляную лыжку, пачала даставаць з печы чыгун. Бураўкін.

4. Перамясціць (пра галаўны ўбор). Дзед Талаш ссунуў з ілба шапку, нібы яна замінала яму думаць. Колас. Аксіння Хвядосаўна энергічна ссунула з галавы хустку. Шамякін. На хвілінку спыніўся [Валюжынец], глянуў, .. ссунуў на патыліцу шапку, махнуў рукой і павярнуў у праўленне. Б. Стральцоў. // Зняць з сябе што‑н. зусім або не поўнасцю (пра адзенне, абутак). Ссунуць з ног боты. □ Было пакутна і балюча, і ўсё ж ён [Сотнікаў], расшпіліўшы, ссунуў да каленяў таксама скрываўленыя штаны. Быкаў.

5. Рухаючы, наблізіць адзін да другога. Тады Баран унёс «рацыяналізатарскую прапанову»: усім сесці на канапе, а замест стала ссунуць дзве табурэткі. Дамашэвіч. // Насупіць, нахмурыць (пра бровы). Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы. Грахоўскі. Ссунуў чорныя бровы, Суровыя бліснулі вочы: — Я на вецер, — адрэзаў ён, — словы Кідаць не ахвочы. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пук1 ’выклічнік, што перадае стук, стрэл, лопанне ці гук падзення’ (“падение чего, особенно круглого”, Нас.; мсцісл., Нар. лекс.; Сержп.; Нік. Очерки; ЭШ), ’бух, бульк’: бобе́р пук у во́ду (ПСл), укр. пук, пу́ку, рус. пук (пераважна смаленскае), польск. puk, pąk, чэш., славац. puk, в.-луж., н.-луж. puk, славен. pok, серб.-харв. пук, балг., макед. пук. Старое гукаперайманне, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт. 170 (варыянты pukъ! puku!), роднаснае ням. pochen ’стукаць’ (Махэк₂, 406). Гл. пукаць1.

Пук2 ’выпукласць, пукатасць’: у пуку клепка выгінаецца (ТС), ’самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго-небудзь’: пук неба (Нар. Гом.), ’самая сярэдзіна’: puk zimy (Варл.), ’выгіб пілы’ (ПСл), пук, мн. л. пуке́ ’выступы на падэшве нагі каля пальцаў’ (Сцяшк.), пука́ ’выпукласць ступні каля большага пальца’ (Дразд.); параўн. укр. дыял. пу́ка ’ўнутраны бок канца пальца’, рус. дыял. пук ’выпуклая сярэдняя частка бочкі’, пуки́ ’найбольш шырокія месцы ў ступні’. Утворана на базе прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае, выпіраючае’, звязана з пу́чыць ’выступаць, выстаўляць, выпіраць’ (гл.).

Пук3 ’кветканоснае сцябло, стрэлка (цыбулі, шчаўя і інш. раслін)’ (пераважна паўн.-усх., ЛА, 2; Яўс., Варл., Сл. ПЗБ, Шатал., Янк. Мат., карэл., Жыв. сл.; Жд. 2), пу́чча ’тс’ (ЛА, 2; Ян.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’маладыя парасткі’ (брагін., Шатал.), ’аер’ (б.-каш., Мат. Гом.), пукі́ ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (брасл., Нар. словатв.; паст., ЛА, 1), сюды ж пучы́цца ’расці ў стрэлкі (аб цыбулі)’ (Яўс.), фраз. пайсці ў пук (пукі, пучча) ’ператварыцца ў пустацвет (пра расліны); іран. ’застацца ў дзеўках, не выйсці замуж’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), пукава́тая ’якая пайшла ў пукі (пра моркву)’ (Жд. 1); рус. пуки́ ’шчаўе ў час цвіцення’, польск. pąk ’завязь кветкі’, чэш., славац. puk ’тс’. Прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ звязваюць з пу́каць ’лопацца, раскрывацца’ гукапераймальнага паходжання, роднасным ням. pochen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1189; Махэк₂, 406; параўн. Фасмер, 3, 403; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 629.

Пук4 ’звязка; сноп; скрутак; ахапак’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., ЛА, 4; Варл., ТС, Ян., Яўс., Раст., Шат., Сл. ПЗБ, ПСл) ’галінкі, пасечаныя і звязаныя ў куль для паліва’ (Сцяц.), пучо́к ’ахапак звязаных дроў’ (стол., Сл. Брэс.), ’збітыя жэрдкі для прыціскання стога’ (мазыр., Шатал.); укр. пук ’звязка’, рус. пук ’звязка; паплавок з пучка травы; мяч з шэрсці, апука’, польск. pęk ’гронка, звязка’. Утворана на базе праслав. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ як вынік злучэння ў адно некалькіх аднародных прадметаў. Гл. папярэдняе слова.

Пук5 ’расліна дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ (Кіс.), укр. пук ’расліна гірча, Selinum carvifolia L.’, а таксама ’баршчэўнік, Heracleum sibiricum L.’ Хутчэй за ўсё, ад пук3 ’стрэлка, кветаноснае сцябло’, параўн. рус. дыял. пуки́ ’шчаўе ў час квецені’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 629.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысці́ць1 ‘зводзіць дзве або тры ніткі ў адну для далейшага сукання’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Мядзв., Варл., Янк. 1, Сцяц., Янк. 1, Сцяц., Сл. ПЗБ; арш., мёрск., в.-дзв., Шатал.; мсцісл., Жыв. сл.; рагач., Арх. ГУ, ЛА, 4, Мат. Маг.; круп., Нар. сл.), ‘падрыхтоўваць ніткі для сукання’ (Жд. 2), тросці́ць ‘тс’ (ТС), трасці́ць ‘тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тростить, тра́щивать, трестить ‘скручваць, звіваць, сплятаць, віць (вяроўку), сукаць, здвойваць пражу на верацяне’, ‘зліваць, ссыпаць у адно месца’, ‘змешваць’: не трости жита с ячменем (Даль), сюды ж, відаць, і балг. дыял. тръсти́на ‘вяроўка з конскага хваста або грывы’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 47), дзеяслоў вытворны ад *trъstь/*trьstь (гл. тросць1;) з двума супрацьлеглымі значэннямі ‘віць, звіваць’ і ‘драбіць, расшчапляць на часткі’ (гл. трысціць2). Вывядзенне дзеяслова з тросць1 пацвярджаецца выразай трысьці́ць бе́рда ‘ўстаўляць новыя трысцінкі ў бёрдзе замест выпаўшых або паламаных’ (Нік. Очерки), а таксама трысці́ць аснову ‘ўводзіць аснову ў бёрда’ (там жа), трасці́ць ‘рабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасцінкі’ (в.-дзв., Шатал.). Крытычны разгляд ранейшых версій з канстатацыяй іх недастатковай агрументаванасці гл. у Фасмер, 4, 108. Сюды ж трэ́шчаны ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.; чэрв., ст.-дар., лід., Сл. ПЗБ), тры́шчаны ‘злучаны з 2–3 столак, нітак’ (Нас.; мсцісл., Жыв. сл.), трышчо́ны ‘злучаны разам (пра ніткі)’ (Ск. нар. мовы, Сцяц., Янк. 1, Мат. Гом.), тро́шчаны ‘складзены ўдвая’ (стол., ЛА, 4), тро́шчэны ‘ў якім зведзены дзве ніткі разам’ (ТС).

Трысці́ць2 ‘біць, разбіваць’ (Мат. Маг.), ‘ламаць з трэскам, без разбору’ (Юрч. Сін.), ‘ламаць на дробныя кавалкі, трэскі’ (Растарг.), тры́сціць ‘ламаць што-небудзь слаістае’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж тры́шчыць ‘рабіць, шчапаць, ламаць’ (Нас.) і трашчыць2 (гл.). На рускай тэрыторыі — толькі на мяжы з беларускай, параўн. рус. смал. растрысти́ть ‘драбіць на кавалачкі’, потрысци́ть ‘пашчапаць, паламаць на дробныя часткі’ (Дабр.). На думку Мяркулавай (Очерки, 47), ідэнтычна паводле паходжання трысціць1 (гл.), што, відавочна, грунтуецца на фіксацыі Даля (без указання тэрыторыі) рус. трести́ть лучину «расшчапляць мелка, на запалкі» ад тре́ста ‘чарот, траснік’. Аднак больш шырокая семантыка дазваляе зблізіць словы з іншымі дзеясловамі з варыянтным вакалізмам, як у трусці́ць ‘біць, разбіваць на кавалкі’, тру́шчыць, тру́скаць (гл.), укр. тро́скати ‘ўдараць пугай’, польск. trzaskać ‘раптоўна ўдараць па чым-небудзь, выклікаючы моцны розгалас’, ‘біць, таўчы’, ‘лопацца з трэскам’, чэш., славац. trosky ‘абломкі, рэшткі, руіны’, харв. trȍska, серб. тро̏ска ‘гараль, акаліна’, ‘шлак’, што да прасл. *trъstiti/*troskati гукапераймальнага паходжання, гл. троскат, трэск. Параўн. Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 649; Борысь, 647.

Трысці́ць3 ‘крыць хату’, ‘перабудоўваць хату’ (слуц., Жыв. сл.). Відаць, пашырэнне значэння трысціць1 ‘складваць, злучаць’, магчыма, з канкрэтызацыяй ‘пакрываць чаротам’, што да тросць1, трысцё, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звалі́ць 1, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., каго-што.

1. Ударам або штуршком паваліць, заваліць. Вецер зваліў дрэвы. □ Сушчыцкі хацеў абараніцца нажом, але не паспеў, — пагранічнік спрытна зваліў яго. Пальчэўскі. // Спілаваць, ссячы (дрэва, лес). — Сляды прывялі ў гэты двор, — зычна пачынае [Драгун]. — Самаўпраўная парубка. Гаспадар гэтага дома зваліў дзве сасны. Навуменка. // Зрэзаць, скасіць (пра траву). Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі. Бялевіч. // Прымусіць упасці, забіўшы або падстрэліўшы. — Біў я ў цэль. Калі б не я яго, дык ён мяне зваліў. Гурскі. // перан. Пазбавіць улады, пасады; скінуць. «Ты думаеш, так і зваліш Бабейку? Пачакай, пабачым яшчэ, хто каго...» Хадкевіч.

2. перан. Адолець, асіліць каго‑н. (пра сон, хваробу і пад.). Сон зваліў. □ Гарачка зваліла .. [Аляксея Мартынавіча] на нары. Грамовіч.

3. Скінуць (што‑н. вельмі цяжкае). Зваліць мех з плячэй. // перан. Збавіць сябе ад чаго‑н. цяжкага, непрыемнага. Зваліць з сябе клопат.

4. перан.; на каго-што. Пералажыць на каго‑н. (свае абавязкі, справы і пад.). Малодшы сын рашыў астацца дома і памагаць брату па гаспадарцы, бо старэйшы не глядзеў яе зусім, усё зваліў на старога бацьку. Дамашэвіч. // Несправядліва прыпісаць каму‑н. чужую віну, учынак. — Ты ж вінаваты... Толькі, мусіць, усё роўна на мой узвод зваляць. Мележ.

5. Неакуратна скідаць, беспарадкава злажыць куды‑н. у адно месца. Зваліць дровы ў кучу.

•••

Зваліць з ног — а) прымусіць упасці. [Саўку] нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног. Колас; б) прымусіць злегчы (пра хваробу, працу, гора і пад.). Хваляванні, бяссонныя ночы, думы пра лёс камуны звалілі .. [Вераб’ёва] з ног. Дуброўскі.

Зваліць з плячэй — збавіцца ад чаго‑н. непрыемнага, цяжкага.

Зваліць з хворай галавы на здаровую — перакласці віну з вінаватага на нявіннага.

звалі́ць 2, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., што.

Зрабіць з шэрсці, пуху і пад. шляхам валення. Зваліць валёнкі. Зваліць сукно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)