паса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пасадзіць (у 2, 4 і 8 знач.).
2. звычайна мн. (паса́дкі, ‑дак). Тое, што пасаджана; пасаджаныя расліны, дрэвы. Пасадкі маладога сасонніку скончыліся, і наперадзе заросшая верасам паляна з рэдкімі бярозкамі. Навуменка. Я прыпынілася ля веснічак станцыйнай агароджы, азірнулася: вагоны ўжо схаваліся за ялінамі пасадкі. Савіцкі.
3. Упусканне пасажыраў у вагон, на самалёт, карабель і пад., каб яны маглі заняць месца на час паездкі. Пасадка ішла хутка. Праз дзве-тры хвіліны чарга дайшла да пасажыра ў цёмна-сінім гарнітуры. Пальчэўскі. Падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. Пачалася пасадка, Блізнюк заняў сваё месца, пазіраў праз акно на людзей, што прыйшлі праводзіць сваіх блізкіх, бачыў Ліду, усміхаўся ёй. Дамашэвіч.
4. Прызямленне (самалёта і пад.). Пасадка першага самалёта ў такі час мела для партызан велізарнае значэнне. Шамякін. // Апусканне міжпланетнага касмічнага карабля або лятальнага апарата на паверхню якога‑н. нябеснага цела. Вымушаная пасадка.
5. Манера конніка трымацца ў сядле. Чырвонаармеец паглядзеў на конніка, ацаніў яго пасадку, усміхнуўся сам сабе. Мікуліч.
6. Палажэнне цела ў час сядзення. // Размяшчэнне, пастаноўка адпаведным чынам (пра вушы, вочы, галаву).
7. Спец. Характар злучэння дэталей. Нерухомая пасадка гаек.
8. Спец. Размеркаванне (пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. Пасадка пчол у вулей.
•••
Квадратна-гнездавая пасадка — спосаб пасадкі прапашных культур, пры якім насенне размяшчаюць на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго ў падоўжным і папярочным напрамках.
Мяккая пасадка — пасадка касмічнага лятальнага апарата, пры якой хуткасць апарата к моманту сутыкнення з паверхняй планеты або іншага нябеснага цела мінімальная (у ідэальным выпадку — нуль) і якая забяспечвае цэласць канструкцыі і сістэм апарата.