вы́брацца, ‑беруся, ‑берашся, ‑берацца; зак.

1. Пераадольваючы або абмінаючы перашкоды, выйсці, выехаць, вылезці адкуль‑н.; прабіцца цераз што‑н. Выбрацца з натоўпу. Выбрацца з-пад абломкаў. □ Партызаны цяпер пачалі адыходзіць у лес. Там, не даходзячы да вёскі, можна было выбрацца балотнымі зараснікамі на ўзгоркаватае поле. Чорны. Аўтобус прапоўз міма [дамоў], выбраўся з загару машын, паімчаў хутчэй. Асіпенка.

2. перан. Разм. Выйсці з цяжкага становішча. Выбрацца з бяды. Выбрацца з даўгоў. □ [Мясцком].. дапамагаў сялянству выбрацца з векавечнай цемры, распачаць новае, прыгожае жыццё. Шынклер.

3. Выселіцца, пераехаць з дамашнім скарбам у другое памяшканне, месца; перабрацца. Выбрацца на другую кватэру. □ Хто-ніхто выбраўся па хутар і цяпер сяліба пуставала. Галавач. Жыхароў у мястэчку амаль не было, Яны выбраліся ў шалашы. Навуменка.

4. Падрыхтавацца да выезду, пераходу; сабрацца. Выбрацца ў далёкую дарогу. □ Пасля поўдня Уладзік з дзядзькам Антосем выбраліся ехаць у лес. Чорны.

5. Разм. Знайсці магчымасць, час пайсці, паехаць куды‑н. Выбрацца ў кіно. □ Куды, старая, выбралася з дому? Праведаць сына? Ці паклікаў зяць? Гілевіч.

•••

Выбрацца сухім з вады — тое, што і выйсці сухім з вады (гл. выйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пле́сня, пле́сінь, пле́сні, пле́сене ’мікраскапічны грыбок на харчовых прадуктах, рэчах хатняга ўжытку, на жывёльных і раслінных рэштках, цвіль’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), плісна́ ’тс’ (Нас.), пле́сіньня, пле́сьнівыньня ’бросня, слізь, гніль’ (Бяльк.); пле́сня, плі́сня ’раска, Lemna minor L.’ (рагач., бяроз., ЛА, 1); пле́сневіць, плесня́віць ’пакрывацца плесняй’ (Нас.), пле́снець ’тс’ (ТС), пле́сневы, плесня́вы ’плесняваты’ (Нас.), плясні́вы, плясня́вы ’бела-руды (масць каня)’ (Сл. ПЗБ). Укр. плі́сень, плісня́ ’плесня’, плісо́нь ’расліна Mucor mucedo’; рус. пле́сень, плеснь, пле́снедь, пле́снядь ’плесня’, польск. pleśń ’бросня’, н.-луж. plěseń ’плесня’, pleś ’пена на піве’, в.-луж. plěsń, чэш. plíseň, славац. pleseň, славен. plẹ́sen, харв. plȉjesan, серб. пле̑сањ ’тс’; балг. плесен, магчыма, сюды ж макед. плесна ’лішай; плямка, крапінка’. Прасл. *plěsnь, роднасныя якому літ. pelė́ti, лат. pelêt ’плеснець, pelė̃siai ’плесня’, plė́kti ’тлець, плеснець’, лац. palleo ’станавіцца бледным’, аднаго кораня з рус. пелёсый (Міклашыч, 236, Траўтман, 212; Мацэнаўэр, LF, 13, 164; Фасмер, 3, 279). Склад *plě‑ паводле закона метатэзы плаўных узыходзіць да і.-е. *pel‑ (абазначае розныя бледныя колеры, Скок, 2, 683). Паводле Махэка₂ (460), прасл. *plesnь паходзіць з *plěk‑snь, у якім пазней ‑k‑ выпала (спрасцілася). Аналагічна Банькоўскі (2, 607) выводзіць прасл. *plěsnь < і.-е. *plēk‑sn‑is, якое з прыметніка *plēk‑sn‑os, параўн. літ. plėkas, звычайна plėkaĩ ’ясныя яркія плямы’ і з plė́kti ’пакрывацца яркімі плямамі’; самым блізкім фармальным літоўскім адпаведнікам прасл. *plěsnь з’яўляецца літ. plẽkšnė ’пляма’. Сной (453), Бязлай (3, 55) мяркуюць, што *plěsьnь (а не *plěsnь) утварылася пры дапамозе абстрактнага суфікса *‑ь ад прыметніка *plěsьnь (параўн. чак. plȉjesan ’плесневы’), які ўзыходзіць да *plěsъ, параўн. харв. plijes, славен. белакраньск. plẹ̑s ’плесня’, каш. ples ’тс’, ідэнтычныя літ. pol̃isiai (мн. л.) ’тс’, што ўзыходзіць да і.-е. *pel‑ ’шэры, сівы’ (Борысь, Папоўска–Таборска, ZPSS, 10, 26). Сюды ж плесь ’плесня’ (зах.-гом., ЛА, 4), відаць, як цвіль, бросьць (гл.). Вытворныя: добр. пля́сніца ’плесня, цвіль’, рагач. плясні́ўка ’вочка на гародніне’ (Мат. Гом.), плясні́вы ’які заплеснявеў і пасівеў’ (Варл.). Паводле Німчука (Давньорус., 289), формы на ‑ня і на ‑ен(ь) — у выніку аналогіі да слоў тыпу песня, восень і пад., каб пазбегнуць цяжкага для вымаўлення спалучэння зычных, што ў святле сказанага вышэй малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спры́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласцівы фізічны спрыт; лоўкі, паваротлівы. Сам [хлапчына] высокі, спрытны, стройны, да работы ўсякай здольны. Дубоўка. З усіх каралінскіх хлопцаў .. [Рыгор і Мікодым] былі самыя спрытныя і не баяліся лазіць на ясакар. Сабаленка. Валя ўсім падабаецца. Спрытная, усё ў яе руках гарыць. Ермаловіч. / Пра рукі, пальцы. Часам хто і слабейшы, ды спрытнай рукой зробіць больш за дужэйшых. Дубоўка. Прыемна было пазіраць, як пад спрытнымі пальцамі ў .. [маці] расцвітаюць васількі, рамонкі, сплятаюцца ў вянок. Карпаў. // Які валодае спрытам, уменнем (у якой‑н. галіне). Міхась Кірылавіч быў не надта спрытны лыжнік, ды яшчэ на пачатку крыху прыхінуўся, што не ўмее. Шамякін. Заўжды дзіўнаградцы — Племя заўзятых — І ў працы, і ў танцах Спрытныя надта. Калачынскі. Мабыць, найбольш гаваркі, вясёлы і спрытны на словы быў сёння Віктар. Зарэцкі. // Зроблены, выкананы са спрытам, уменнем; лоўкі. Віця доўга любавалася спрытнай работай Івана Харытонавіча. Новікаў. Вось .. [Мая] нагінаецца, бярэ рыбіну з вялікага каша, кладзе на стол, два спрытныя ўзмахі нажом — і рыбіна гатова. Дуброўскі. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка.

2. Разм. Акуратны, зграбны. Спрытная постаць. □ А нос... я глянуць мушу ў неба, Бо не патраплю, як пачаць І з чым нос дзядзькаў параўнаць, Каб выйшаў ён такі, як трэба: Ну, нос кароткі і таўсматы, Ды досыць спрытны, хоць кірпаты. Колас.

3. Які лёгка знаходзіць выхад з цяжкага становішча; кемлівы, знаходлівы. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Неадабр. Прадпрымальны, абаротлівы. Спрытнаму на розныя махінацыі і гешэфты Хурсу добра шанцавала. Кудраўцаў.

4. Разм. Добры, зручны ў карыстанні (пра рэчы, прадметы). Спрытная сякера. □ Боты спрытны, за калені. Рог — бы чортава рабро. Завяршала ўсё адзенне Тое гордае пяро. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́цягнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Прыклаўшы сілу, выняць што‑н. умацаванае, завязлае; вырваць. Выцягнуць кій з плоту. Выцягнуць воз з гразі. □ Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Андрэй крэпка абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас. // Выдаліць, выняць. Выцягнуць нітку з іголкі. Выцягнуць асколак з раны.

2. Разм. Дастаць, выняць што‑н. знутры. Выцягнуць папяросы з кішэні. □ Гаспадыня тым часам выцягнула з-пад прыпека самавар і, перакуліўшы дном угару, стала вытрасаць з яго старое вуголле. Дуброўскі. // Высунуць што‑н. устаўленае. Выцягнуць шуфляду са, стала, // Выцягваючы, здабыць што‑н. Выцягнуць поўны невад рыбы.

3. Перамясціць, цягнучы па паверхні. Выцягнуць човен на бераг. Выцягнуць сані з-пад павеці.

4. Выдаліць што‑н. вадкае, газападобнае з дапамогай якіх‑н. прыстасаванняў. // Разм. Выпіць. [Тодар:] — Я магу, браце Сідор, гарнец выцягнуць і хоць бы што. Чорны.

5. Нацягнуўшы, павялічыць у даўжыню. Выцягнуць дрот. // Выставіць уперад, працягнуць. Выцягнуць лыч, морду, шыю.

6. Выпрастаць, распасцерці. Выцягнуць рукі. □ Адкінуўшыся на спінку крэсла, маёр Раманенка з асалодай выцягнуў ногі і заплюшчыў вочы. Шамякін.

7. перан. Разм. Дапамагчы выйсці з цяжкага становішча; выбавіць. Выцягнуць з бяды.

8. перан. Дабіцца, дасягнуць чаго‑н. з вялікімі цяжкасцямі. Выцягнуць слова праўды.

9. Разм. Прымусіць, пераканаць каго‑н. выйсці адкуль‑н., пайсці куды‑н. Выцягнуць з дому. □ — Дзякую, хлопцы, што выцягнулі, а то занудзіўся быў, — прызнаўся.. [Алесь], калі гульня скончылася. Шыцік.

10. Разм. Асіліць, вытрымаць; адужаць. Выцягнуць дзве нормы. Выцягнуць экзамен на чацвёрку.

11. перан. Разм. Прымусіць каго‑н. патраціцца. Выцягнуць з пакупнікоў апошнія грошы.

12. Разм. Потайкам забраць чужое; украсці.

•••

Выцягнуць (усе) жылы — замучыць якімі‑н. непрыемнасцямі.

Выцягнуць з гразі — дапамагчы пазбавіцца беднасці, галечы.

Ногі выцягнуць — тое, што і ногі працягнуць (гл. працягнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стано́вішча, ‑а, н.

1. Месца знаходжання, размяшчэння каго‑, чаго‑н. у прасторы. Геаграфічнае становішча краіны. □ З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў яму крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо .. [Сяргей Карага] заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. // Знаходжанне гукаў, складоў і пад. у пэўнай пазіцыі. Галосныя а, о, у, э, ы ў становішчы пасля зычных.

2. Пастава цела або яго частак; поза. [Ленін:] — Вам, таварыш, цяжка ўвесь час стаяць у адным становішчы. Вось табурэтка, сядайце. Мяжэвіч. Парашут трымаўся ў паветры неяк вельмі доўга. І зусім не ў тое патрэбнае месца пачынала [Марыю] зносіць. Што можна зрабіць у такім вісячым становішчы? Кулакоўскі.

3. Абставіны, выкліканыя якімі‑н. умовамі. Перайсці на нелегальнае становішча. □ Алёша павінен быў знайсці выхад з гэтага надзвычай цяжкага становішча. Навуменка. Становішча .. [Машы] было надзвычай крыўднае, абраглівае. Шамякін. // Спец. Умовы, у якія аўтар ставіць герояў для раскрыцця характараў, вобразаў або сюжэта. Аўтар гвалтоўна ставіць .. [людзей] у такое становішча, якое павінна ілюстраваць яго пэўную думку. Кудраўцаў. // Суадносіны сіл пры гульні ў шахматы (або шашкі), абумоўленыя колькасцю і размяшчэннем фігур на дошцы. Нічыйнае становішча.

4. Сукупнасць грамадска-палітычных адносін, абставіны грамадскага жыцця. Эканамічнае становішча працоўных мас. □ XX з’езд партыі даў .. аналіз сучаснага міжнароднага і ўнутранага становішча. «Звязда». Праўда аб становішчы ў краіне пранікла ў вёску праз бальшавіцкіх агітатараў, гарадскіх рабочых і салдат. «Весці».

5. Месца ў грамадстве, роля ў грамадскім жыцці. Сацыяльнае становішча. Службовае становішча. □ На працягу некалькіх соцень год Лейпцыг займае становішча горада сусветных кірмашоў. «Маладосць». // Роля, месца ў сям’і, ва ўстанове, у якой‑н. галіне дзейнасці. [Міхась:] — Яшчэ, брат, далёка да таго, каб запоўніць у спіску графы аб сямейным становішчы. Лынькоў. Усяго тыдзень назад, працуючы энергетыкам,.. [Дзімін] быў у падначалены ў Максіма Сцяпанавіча і цяпер ніяк не мог прывыкнуць да свайго новага становішча. Карпаў.

6. Рэжым, распарадак дзяржаўнага, грамадскага жыцця, устаноўленага ўладай. Ваеннае становішча. □ [Вайскавікі] адразу перайшлі на лагернае становішча. Казлоў. Наша мясцовасць на ваенным становішчы. Жычка.

•••

Казарменнае становішча — пастаяннае знаходжанне ў воінскай часці або на прадпрыемстве людзей, пераведзеных на ваеннае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́сці, упаду, упадзеш, упадзе; упадзём, упадзяце; пр. упаў, упала; заг. упадзі; зак.

1. Зак. да падаць (у 1, 2, 4, 5, 7–10 знач.).

2. Уваліцца, запасці ўнутр. [Гардзей:] — Вунь як яна [сястра] пастарэла. Нос завастрыўся. Вочы ўпалі, як бы выцвілі. Сабаленка. Цяпер.. [Андрэй] амаль не падобны на сябе: твар густа зарос, скроні ўпалі і быццам бы пасівелі. Кулакоўскі.

3. у што. Дайсці да якога‑н. стану, становішча (звычайна цяжкага). Упасці ў роспач. Упасці ў спячку. Упасці ў беднасць. □ Кет Джэры паспрабавала расплюшчыць павекі і ўспомніць. Але ні першае, ні другое зрабіць не ўдалося. Яна зноў упала ў забыццё. Гарбук. Упаў Даніла ў злосць, у ярасць, Уладу страціў над сабой. Колас. // Прыйсці ў сваіх поглядах, паводзінах да чаго‑н. непажаданага. Упасці ў ідэалізм. Упасці ў фармалізм. Упасці ў распусту. Упасці ў крайнасць.

•••

Волас з галавы не ўпаў (не ўпадзе) гл. волас.

Не ўпасці тварам у гразь — тое, што і не ўдарыць тварам у гразь (гл. ударыць).

Сэрца ўпала гл. сэрца.

Упала заслона гл. заслона.

Упасці духам — тое, што і заняпасці духам (гл. заняпасці).

Упасці на калені — тое, што і стаць на калені (гл. стаць).

Упасці (укінуцца) у вока (вочы) каму — а) звярнуць на сябе ўвагу. «Чым я так упаў яму [дакладчыку] ў вока? — падумаў я. — Вучыўся, як і ўсе.» Сабаленка; б) спадабацца. [Несвіжанка] адразу ўпала.. [Кірылу] ў вока, але ён усімі сіламі стараўся ніколі не спатыкацца з ёю. Чорны.

Упасці ў ногі — а) пакланіцца каму‑н., упасці ніц перад кім‑н.; б) пачаць маліць, прасіць каго‑н. [Язэп] разумеў, што Клава ў ногі яму не ўпадзе... Яна гордая і прасіць яго не стане. Асіпенка.

Яблыку няма дзе ўпасці — а) вельмі многа каго‑н. Бываюць такія сходы, што тут яблыку няма дзе ўпасці: і на падаконніках людзі сядзяць, і на парозе, хто ўжо зусім змарыўся, ёсць у канцылярыі ляжанка, дык і на ляжанку садзіцца. Кулакоўскі; б) вельмі цесна. — Зноў Заранік адчыніў дзверы, — злосна заўважыў нехта з глыбіні вагона. — Тут і так няма дзе яблыку ўпасці. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кла́сціся, кладу́ся, кладзе́шся, кладзе́цца; кладзёмся, кладзяце́ся; пр. кла́ўся, кла́лася; незак.

1. Прымаць ляжачае, гарызантальнае становішча; проціл. ўставаць (пра людзей, жывёл). Класціся на ложак. □ Волька Янкава сказала Тодарчыку не кідаць Смыка, бо ён наравісты. А знаравіцца — кладзецца ў аглоблях нават на сухім. Хоць забі яго. Пташнікаў. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці такога становішча. Класціся на бок. Класціся на спіну. // Укладвацца, размяшчацца (для сну, адпачынку). Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Пестрак. // Адпраўляцца на лячэнне (у клініку, шпіталь і пад.). Класціся ў бальніцу. // перан. Разм. Паміраць, гінуць (у баі, на вайне). — Б’юць царскае войска. Як пракосы на сенажаці пад касой кладуцца, гэтак там кладуцца.. салдаты. Мурашка.

2. Апускацца, падаць на якую‑н. паверхню. Снег кладзецца белым пухам. □ Навокал Каляды клаліся варожыя снарады, узнімаючы зямлю. Гурскі. // Размяшчацца дзе‑н. пэўным чынам. Доўгія русыя валасы [у Іны] хвалямі клаліся на плечы. Ваданосаў. // Выступаць на паверхні ў форме следу, адбітка і пад. А за касцом двума слядамі Адбіткі ног яго кладуцца. Колас. Ад зубчатых трактарных калёс След адменны клаўся па зямлі. Астрэйка.

3. Засцілаць сабою што‑н., распаўсюджваючыся на паверхні. На поле клаўся туман. На захадзе раз’яснівалася. Пташнікаў. Гарыць, патрэсквае касцёр, водсветы яркага полымя кладуцца на твары, на чырвоныя гальштукі. Бялевіч. / Пра загар, румянец, маршчыны. Прыжмурана глядзеў [Абрам] у даль вуліцы, а каля вачэй клаліся свежыя маршчыны. Пестрак. // Наступаць (пра зіму). Пачала класціся зіма. Лужанін.

4. Браць які‑н. напрамак (пра самалёт, карабель). «Балтыка» ідзе ранейшым курсам, а караблі кладуцца на зваротны курс. «Звязда».

5. Добра прыставаць, паддавацца кладцы. Цэгла роўна кладзецца ў сцяну. □ Пячатка клалася ясна, аж прыліпала, і абадок з назваю ведамства, і асяродак з назваю завода відны былі вельмі добра. Скрыган. // Адпавядаць, падыходзіць. Сапраўды, калі апошні зборнік «Пад мачтай» супадае з перыядам спаду Народнага фронту, дык два папярэднія ніяк не кладуцца ні тэматычна, ні храналагічна ў рамкі творчых перыядаў. У. Калеснік. // перан. Лёгка і свабодна выкладацца, выказвацца (пра думкі, слова і пад.). Калі думаеш і нават калі гаворыш, словы гладка кладуцца адно да аднаго, атрымліваецца складка, прыгожа. Новікаў.

6. перан.; на каго-што. Станавіцца чыім‑н. абавязкам, заняткам і пад. — Гэта можна зрабіць і дома, — запярэчыў Аляксееў, адчуваючы, што адказнасць за Юркаў лёс у гэты момант кладзецца і на яго. Карпаў. Усе клопаты кладуцца на плечы брыгадзіра. Асіпенка. // У спалучэнні са словамі «на душу», «на сэрца» і пад. абазначае: рабіцца прадметам цяжкага роздуму, непакою, трывогі. Енкі і балючы плач раздзіралі мураваныя сцены, цяжкім каменем клаліся на сэрца вязня. Няхай. На сэрца кладзецца Дум горкіх цяжар. Колас.

7. Зал. да класці.

•••

Класціся ад смеху (са смеху) — моцна смяяцца.

Класціся спаць з курамі — класціся спаць вельмі рана, як толькі сцямнее.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знайсці́, знайду, знойдзеш, знойдзе; пр. знайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. знайдзі; зак., каго-што.

1. У выніку пошукаў выявіць, адшукаць. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры. Колас. У горадзе, зразумела, можна было б знайсці хірурга. Якімовіч. // Падшукаць, падабраць. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка. [Сястра] не ведае, што адказаць. Тузаецца, не можа знайсці слоў. Скрыган. // Прыдумаць (у выніку разважання). Знайсці выхад з цяжкага становішча. // (у спалучэнні з інф. і словамі «чым», «чаму», «за што» і пад.). Ужываецца для выражэння іранічных адносін да выказвання; роўна па значэнню адмоўным канструкцыям: нечым, нечаму, няма за што і пад. Знайшла чым хваліцца. Знайшоў чаму радавацца. □ — Знайшлі за што сварыцца, — умяшаўся Карусь. Колас. // Выявіць у выніку спецыяльных пошукаў, даследаванняў; адкрыць, вынайсці. Знайсці новыя залежы каменнага вугалю. Знайсці новы спосаб рашэння задачы. // Вызначыць шляхам вылічэнняў, вывадаў. Знайсці суму двух лікаў. Знайсці корань слова. // Выбраць, удзяліць для чаго‑н. (які‑н. адрэзак часу). Знайсці вольную хвіліну. □ Калі час толькі вольны знайду — Збіраюся ў падарожжа! Нядзведскі.

2. Выявіць, убачыць, заўважыць. — Надоечы мы знайшлі ў алешніку прыкрытую ламаччам яму. Бажко. // (звычайна ў пытальнай канструкцыі са словам «што»). Выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. якія‑н. уласцівасці, якасці. — Што ты смешнага тут знайшоў, супастат? Лынькоў. — Што ты з мяне, старога, кпіш, знайшоў таварыша!.. Чорны. // Застаць, заспець. Прыйшлі і не знайшлі цябе.

3. Атрымаць, набыць. Знайсці прымяненне. Знайсці адлюстраванне. □ [Білецкі:] Ты памятаеш, Сцяпан, — я не дрэнна страляю і, можаш не сумнявацца, кожная выпушчаная мною куля знойдзе свой адрас. Маўзон. Разбіты граніт Знойдзе месца сваё ў адбудове. Танк. // у кім-чым. Сустрэць з боку каго‑н. якія‑н. адносіны, пачуцці; адшукаць у кім‑, чым‑н. крыніцу якіх‑н. пачуццяў, адчуванняў. Сямён рашыў пайсці да Булая. Не затым, каб паскардзіцца на каго-небудзь. Проста хацелася раскрыць сваю душу, знайсці спачуванне. Шыцік.

4. са злучн. «што». Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Ва ўрадніка пранеслася ў галаве думка: арыштаваць і папа за пакрыванне крамольніка. Але перадумаў і знайшоў, што не варта. Колас. // Палічыць, прызнаць. Знайсці неабходным паведаміць аб прыездзе.

•••

(Днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш — пра што‑н. далёка закінутае, схаванае.

Знайсці агульную мову — дасягнуць узаемаразумення, узгодненасці.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу — выклікаць у каго‑н. да сябе любоў, сімпатыі.

Знайсці канец (канцы) — разабрацца ў чым‑н., даведацца пра што‑н.

Знайсці смерць (магілу) — загінуць, памерці.

Знайсці сябе — правільна вызначыць свае схільнасці, зразумець сваё прызванне.

Знайшоў (знайшлі) дурня (іран.) — выражэнне нязгоды з кім‑, чым‑н., адмаўлення ад чаго‑н.

На дне мора знайсці — адшукаць у любым выпадку, незалежна ад абставін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней. Кулакоўскі. // Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці. Чорны. // Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі. Якімовіч. [Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч. Даніленка. // Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры. Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном. Скрыган.

2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю. Якімовіч. Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі. Ракітны.

3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача. // Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці... Бядуля. // Просты, ясны. Лёгкі стыль. // Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык. Мікуліч. // Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце. Куляшоў. / у знач. наз. лёгкае, ‑ага, н. Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці. Смагаровіч. // Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей. Панчанка.

4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль. На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся. Чарнышэвіч. // Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон. // Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога. Крапіва. // Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну. Якімовіч. // Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць. // Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь. // Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Маўр.

5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. Скрыган. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы. Шамякін.

•••

Лёгкая атлетыка гл. атлетыка.

Лёгкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Лёгкая прамысловасць гл. прамысловасць.

З лёгкай рукі гл. рука.

З лёгкаю параю гл. пара.

З лёгкім сэрцам (душой) гл. сэрца.

Лёгкая рука ў каго гл. рука.

Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.

Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).

Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

министе́рство міністэ́рства, -ва ср.;

Министе́рство авиацио́нной промы́шленности Міністэ́рства авіяцы́йнай прамысло́васці;

Министе́рство автомоби́льного и сельскохозя́йственного машинострое́ния Міністэ́рства аўтамабі́льнага і сельскагаспада́рчага машынабудава́ння;

Министе́рство а́томной энерге́тики и промы́шленности Міністэ́рства а́тамнай энерге́тыкі і прамысло́васці;

Министе́рство вне́шних экономи́ческих свя́зей Міністэ́рства зне́шніх эканамі́чных су́вязей;

Министе́рство вну́тренних дел Міністэ́рства ўну́траных спраў;

Министе́рство водохозя́йственного строи́тельства Міністэ́рства водагаспада́рчага будаўні́цтва;

Министе́рство геоло́гии Міністэ́рства геало́гіі;

Министе́рство гражда́нской авиа́ции Міністэ́рства грамадзя́нскай авія́цыі;

Министе́рство здравоохране́ния Міністэ́рства ахо́вы здаро́ўя;

Министе́рство иностра́нных дел Міністэ́рства заме́жных спраў;

Министе́рство культу́ры Міністэ́рства культу́ры;

Министе́рство лесно́й промы́шленности Міністэ́рства лясно́й прамысло́васці;

Министе́рство медици́нской промы́шленности Міністэ́рства медыцы́нскай прамысло́васці;

Министе́рство монта́жных и специа́льных строи́тельных рабо́т Міністэ́рства манта́жных і спецыя́льных будаўні́чых рабо́т;

Министе́рство металлурги́и Міністэ́рства металу́ргіі;

Министе́рство морско́го фло́та Міністэ́рства марско́га фло́ту;

Министе́рство нефтяно́й и га́зовой промы́шленности Міністэ́рства на́фтавай і га́завай прамысло́васці;

Министе́рство оборо́нной промы́шленности Міністэ́рства абаро́ннай прамысло́васці;

Министе́рство оборо́ны Міністэ́рства абаро́ны;

Министе́рство о́бщего машинострое́ния Міністэ́рства агу́льнага машынабудава́ння;

Министе́рство путе́й сообще́ния Міністэ́рства шляхо́ў зно́сін;

Министе́рство радиопромы́шленности Міністэ́рства радыёпрамысло́васці;

Министе́рство ры́бного хозя́йства Міністэ́рства ры́бнай гаспада́ркі;

Министе́рство свя́зи Міністэ́рства су́вязі;

Министе́рство станкострои́тельной и инструмента́льной промы́шленности Міністэ́рства станкабудаўні́чай і інструмента́льнай прамысло́васці;

Министе́рство строи́тельства предприя́тий нефтяно́й и га́зовой промы́шленности Міністэ́рства будаўні́цтва прадпрые́мстваў на́фтавай і га́завай прамысло́васці;

Министе́рство судострои́тельной промы́шленности Міністэ́рства суднабудаўні́чай прамысло́васці;

Министе́рство торго́вли Міністэ́рства га́ндлю;

Министе́рство тра́нспортного строи́тельства Міністэ́рства тра́нспартнага будаўні́цтва;

Министе́рство тяжёлого машинострое́ния Міністэ́рства ця́жкага машынабудава́ння;

Министе́рство у́гольной промы́шленности Міністэ́рства ву́гальнай прамысло́васці;

Министе́рство фина́нсов Міністэ́рства фіна́нсаў;

Министе́рство хими́ческой и нефтя́ной промы́шленности Міністэ́рства хімі́чнай і на́фтавай прамысло́васці;

Министе́рство электро́нной промы́шленности Міністэ́рства электро́ннай прамысло́васці;

Министе́рство электротехни́ческой промы́шленности и приборострое́ния Міністэ́рства электратэхні́чнай прамысло́васці і прыборабудава́ння;

Министе́рство энерге́тики и электрифика́ции Міністэ́рства энерге́тыкі і электрыфіка́цыі;

Министе́рство юсти́ции Міністэ́рства юсты́цыі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)