штрафны́, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны са штрафам, з платай штрафу. [Войцік:] — І на якое ліха нам здаўся той білет! Сунулі б правадніку колькі залатовак — і без штрафнога пратакола абышлося б. Машара. // Які назначаецца за парушэнне чаго‑н.; з’яўляецца штрафам. Штрафны ўдар.

2. Накіраваны рашэннем суда ў спецыяльную дысцыплінарную часць (пра ваеннаслужачых). Штрафныя матросы. // Які складаецца з такіх ваеннаслужачых, прызначаны для іх. Няхай штрафны батальён, няхай іншая кара. Нас нічога не страшыць пасля тых здзекаў і пакут, якія мы перажылі і пабачылі ў нямецкім палоне. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагары́, прысл.

На спіне, на спіну. Легчы дагары. □ [Міша] ляжаў дагары і моўчкі назіраў, як у блакітнай вышыні плыла маленькая хмарка. Пальчэўскі. // Угору, уверх. Паставіць кубак дагары дном. □ Як ні ары, абы чорным дагары. З нар.

•••

Дагары нагамі — а) на спіну, уверх нагамі (паваліцца, паляцець і пад.); б) у перавернутым, перакручаным становішчы, нізам уверх. У вадзе адлюстроўваліся ліпы, дамы, рыштаванні. Але дагары нагамі. Грамовіч; в) зусім процілегла таму, як павінна было б быць (пра ход якіх‑н. спраў, парушэнне звычайнага парадку). Адбылася другая рэвалюцыя, і прадпрыемства пайшло дагары нагамі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кавыра́ць ’падплятаць’ (Касп.). Рус. ковырять ’тс’ утворана прэфармантам ко‑ ад вирати ’плесці лапці, сеці і да т. п.’, параўн. рус. дыял. вирать ’плясці лапці, кашолкі, сеці; падплятаць лапці; сшываць і інш.’. Такія значэнні дазваляюць тлумачыць кывіряць ’крывіць, перадражніваць’ (Бяльк.), параўн. бел. каверыць (гл.) і рус. дыял. коверить ’крывіць, перадражніваць каго-н.’, як структурную і семантычную паралель параўн. рус. дыял. шевырять ’капацца, варушыць’, шевырялка ’балбатуха’. Адносна фанетыкі (кавырацькывіраць) параўн. рус. дыял. вирать ’плесці’ і вирать ’хлусіць, маніць’, вырить ’хітраваць, мудрагеліць’, магчыма і рус. вырей ’чараўнік’. Магчыма, як прыклад суаднесенасці ы/і, можна прывесці і рус. вир ’вір’ і выр, вырь, вырік ’тс’, нягледзячы на заўвагу Фасмера, 1, 370, што паводле фанетыкі гэтыя словы нельга аб’ядноўваць. Адносна ы/і гл. яшчэ Шанскі, ЭИРЯ, 1972, VII, 206–207. Засведчаныя ў рус. гаворках значэнні вирать ’кідаць і пад.’, структурна і семантычна падобныя смал. каверзать ’блытаць; біць, калаціць’, кубан. ’ісці, спатыкаючыся’ дазваляюць зразумець мсцісл. кавырь ’пра парушэнне прывычнага, звычайнага ладу’ (Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разло́м, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разломваць — разламаць і стан паводле знач. дзеясл. разломвацца — разламацца. // Вынік гэтага дзеяння; разламанае месца. Лінія разлому. □ [Кандрат] абскроб бульбіну аж да ружовай лушпайкі, разламаў, — пара так і паваліла з сопкага разлому. Караткевіч.

2. перан. Парушэнне ўнутранага адзінства, цэльнасці ў свядомасці чалавека, у грамадскім жыцці. Мне здаецца, яны не страцілі і ніколі не страцяць сва[ёй] глыбокай цікавасці тыя таемныя, кожны раз новыя, своеасаблівыя шляхі, па якіх ідзе чалавек ад вузка асабістых сваіх разломаў да поўнага расчынення сябе ў калектыве. Зарэцкі. Разлом у .. душы [Вярсенева] пачаўся даўно: з паражэння царскай Расіі ў вайне з Японіяй. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э́тыка, ‑і, ДМ этыцы, ж.

1. Вучэнне аб маралі, як адной з форм грамадскай свядомасці, аб яе сутнасці, законах яе развіцця і ролі ў грамадскім жыцці. Марксісцкая этыка. □ А. К. Ільінскі ў пытаннях мастацтва, этыкі, маралі заўсёды стаіць на прынцыповай вышыні. «Полымя».

2. Сукупнасць норм паводзін, мараль якога‑н. класа, арганізацыі, прафесіі і пад. Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе.. «усемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчына, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх — парушэнне ўрачэбнай этыкі. Шамякін.

[Грэч. ēthika ад ēthos — звычай.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́нкцыя, ‑і, ж.

1. Зацвярджэнне вышэйшай інстанцыяй якога‑н. акта, што надае яму прававую сілу; прызнанне законнасці якой‑н. з’явы. Ніхто не можа быць падвергнуты арышту інакш як па пастанове суда або з санкцыі пракурора. Крымінальна-працэсуальны кодэкс БССР. Увечары, маючы санкцыю на высяленне, .. [домакіраўнік] прыйшоў разам з міліцыянерам. Скрыган. // Кніжн. Адабрэнне чаго‑н., дазвол на што‑н. Конюху Міхалю Слагадзе — выдаваць коней і калёсы для перавозкі камення без санкцыі брыгадзіра, па першаму патрабаванню зборшчыкаў. Сергіевіч.

2. Мера ўздзеяння за парушэнне закона. Санкцыі суда за хабарніцтва.

3. У міжнародным праве — мера ўздзеяння ў адносінах да дзяржавы, якая парушае свае абавязацельствы, дагаворы. Эканамічныя санкцыі. Ваенныя санкцыі.

[Ад лац. sanctio — строгая пастанова.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухапу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які праходзіць па сушы, размешчаны на ёй. — Служыў я і на сухапуцці, — адказвае Буханцаў. — Усё роўна граніца. Ці сухапутная, ці марская, яна павінна ахоўвацца з усёй пільнасцю. Хадкевіч. Пазней беларускія купцы накіроўваліся ў заходнееўрапейскія краіны ўжо сухапутным шляхам праз Нольшчу і Германію. Жураўскі.

2. Які жыве або расце на сушы. Чайкі лямантавалі, скардзіліся на нахабнае парушэнне сухапутнай птушкай іхніх марскіх межаў. Караткевіч. // Разм. Пра людзей, што жывуць і працуюць на сушы. — Канец, відаць, ці яшчэ мо паходзім? — без ценю панікі ў голасе пытаецца з-за аеру наш сухапутны энтузіяст [Юрка]. Брыль.

3. Які адбываецца на сушы. Сухапутны паход. // Які дзейнічае на сушы, перамяшчаецца па сушы. Сухапутныя войскі. Сухапутны транспарт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыяпарушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbō ‘вір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

характары́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Апісанне, вызначэнне істотных, адметных рыс, асаблівасцей, якасцей каго‑, чаго‑н. — Ну, а скажыце, як настроена сялянства? [Настаўнік:] — Розныя ў іх [сялян] бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна. Колас. [Гаспадыня] падрабязна расказвала аб кожнай сваёй кватарантцы, давала ім дакладныя характарыстыкі, пераводзячы крывы палец дрыготкай рукі з адной фотакарткі на другую. Ракітны. // Апісанне характару, учынкаў і пад., якое даецца дзеючай асобе ў мастацкім творы. Трапная партрэтная характарыстыка герояў, як у люстры, адбівае іх унутраны свет. Майхровіч.

2. Афіцыйны дакумент, у якім змяшчаецца водзыў, заключэнне аб чыёй‑н. працоўнай і грамадскай дзейнасці. Характарыстыка з месца работы. □ Следам за мной з панямонскага пастарунка прыйшла мая характарыстыка. Брыль. [Анатоль Пятровіч:] — Ведайце: усякае парушэнне дысцыпліны будзе запісана ў характарыстыкі, якую я завёў на кожнага з вас. Нядзведскі.

3. У матэматыцы — цэлая частка дзесятковага лагарыфма.

4. Спец. Графічны наказ уласцівасцей чаго‑н. праз крывую; асноўны графічны паказчык чаго‑н. Характарыстыка магутнасці рухавіка. Характарыстыка турбіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́рх, прысл.

1. У вышыню, угору; увысь; проціл. уніз. Струнамі гудуць правады, прагнае полымя шалёна ўзвіваецца ўверх. Лынькоў. Туман ірвануўся ўверх. Бядуля. // У напрамку да верхняй часткі чаго‑н. Перамагаючы страх, я пачынаю карабкацца па сцяне. Але ногі мае коўзаюцца, рукі зрываюцца, і хутка я лячу ўніз .. — Пачакай, — кажу я, — дай злаўчыцца. Зноў карабкаюся ўверх. Якімовіч.

2. (звычайна ў спалучэнні з наз. у Т). Унутраным бокам наверх, ніжняй часткай прадмета ўгору. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас. [Рыбацкая лодка] не была прыкута, а ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.

3. У напрамку да вытоку, вярхоўя ракі, супраць цячэння. Буксір узяў курс уверх па рацэ. «Маладосць». Дзіцячы гоман і плёскат вады чуўся .. далей, уверх па рэчцы. Брыль. — Дзядзька Мікола, — кажа [Настасся Ніліпаўна] старому, — не ўніз, а ўверх плывём. Бялевіч.

•••

Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.

Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.

Уверх дном — не так, як трэба (ісці, пайсці і пад.) — пра ход спраў, парушэнне звычайнага парадку. [Марыля:] Як вярнуўся малады паніч недзе з далёкага краю, з навук, дык усё пайшло ўверх дном. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)