прапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; пр. прапаў, ‑пала; заг. прападзі; зак.

1. Згубіцца, знікнуць невядома куды (з прычыны крадзяжу, нядбайнасці і пад.). Сума грошай, што прапалі з банка, была вялікая. Чорны. [Хведар:] — У маёнтку, дзе стаіць усё начальства, паперы нейкія прапалі... Чарот.

2. Перастаць з’яўляцца дзе‑н.; знікнуць. Праз які тыдзень Косцік зноў прыйшоў на тое месца. Але грыбоў не было. Кінуўся ён туды-сюды, — прапалі баравікі! С. Александровіч. [Дзед:] — Гэй, Ляксей! Дзе ты прапаў? Пайшлі... Шуцько. // Адправіцца, пайсці куды‑н., не вярнуцца, знікнуць, не даўшы пра сябе знаць. Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому і прапала немаведама дзе. Скрыган. Сам Андрэй вярнуўся з перавязанай шыяй, а Васіль зусім прапаў. Пальчэўскі. // Знікнуць з поля зроку; перастаць быць бачным ці чутным. Пятро ўбачыў стагі. Ён глядзеў на іх, пакуль яны не прапалі з вачэй, — за маркотна-мройным даляглядам. М. Стральцоў. У канцы сяла гукі гармоніка перамяшаліся з сабачым брэхам і прапалі. Лобан.

3. Знікнуць, страціцца. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў. Кірэй адчуў яшчэ, як прапаў боль у падбародку і як яго цела лягло на нешта мяккае, мяккае, як пух. Дамашэвіч.

4. Загінуць; памерці. — Пазбавішся кавалка хлеба, прападзеш нізавошта. Шынклер. Так і прапалі абодва браты праз зайздрасць чалавечую. Скрыган. // Загінуць, здохнуць (пра скаціну). [Даміра:] — За два месяцы на калгасных фермах ніводнае парася не прапала. Асіпенка. // Спыніць рост, завянуць, засохнуць (пра расліны). — Ну, пра гэта можна пасля пагаварыць, — заўважыла Маша. — А вось скажыце, Лаўрэн Карпавіч, чаму ў калгасе «Сейбіт» лён прапаў? Гроднеў.

5. Трапіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча. — Прапаў!.. — ледзь чутна толькі прамовіў Сяргей і змоўк, апусціўшы нізка галаву... Нікановіч.

6. Прайсці без карысці. Тры з паловай гады падпольнай працы, працы ў самых складаных і цяжкіх умовах, не прапалі дарэмна. Гурскі.

•••

Без вестак прапасці — бясследна знікнуць (пра чалавека).

Пішы прапала гл. пісаць.

Прападзі ты пропадам! — выказванне моцнага раздражнення, злосці з прычыны чаго‑н.

(І) след прапаў гл. след.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утапі́цца, утаплюся, утопішся, утопіцца; зак.

1. Загубіць сваё жыццё, кінуўшыся ў ваду. Некалі адна дзяўчына з нашай вёскі не вытрымала, што яе каханага ажанілі з другой, і ўтапілася. Карпюк.

2. Патануць у вадзе пад уздзеяннем сілы цяжару. Лодка ўтапілася. // Загінуць у вадзе. [Людзі:] — Кажуць, што ледзь сам [хлопчык] не ўтапіўся, бедны... Не ўмеў добра плаваць, а кінуўся на выручку. Кулакоўскі. // Праваліцца ў што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. І ўтапілася, укрылася глыбока ў валок Ганначка, сорамна неяк стала, што зманіла матцы. Нікановіч. Апошнія снапы Андрэй падкінуў пад ногі — стаяў пасярод воза; яны ўтапіліся, што ў яму, задраўшыся ўверх камлямі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У вочы [Алесі] глянеш — так і ўтопішся ў іх бездані. Васілевіч. // Разм. Стаць нябачным, схавацца ў якой‑н. вельмі прасторнай, шырокай адзежы. Максім, гледзячы на тое, як Толя ўтапіўся ў яго вялікай кашулі, засмяяўся, нібы набраўшы ў рот вады. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыццё, -я́, н.

1. Сукупнасць з’яў, якія адбываюцца ў арганізмах, асобая форма існавання і руху матэрыі, якая ўзнікла на пэўным этапе яе развіцця.

Узнікненне жыцця на Зямлі.

Ж. раслін.

Законы жыцця.

2. Фізіялагічнае існаванне чалавека, раслін, усяго жывога ад зараджэння да смерці.

Ж. — бясцэнны дар.

3. Час такога існавання ад яго ўзнікнення да канца, а таксама ў які-н. яго перыяд.

Кароткае ж.

Пад канец жыцця.

Ж. пражыць — не поле перайсці (прыказка).

4. Дзейнасць грамадства і чалавека ў розных праявах.

Грамадскае ж.

Вясковае ж.

5. Навакольная рэчаіснасць.

Сувязь навукі з жыццём.

Правесці прапанову ў ж.

6. Ажыўленне, праяўленне дзейнасці, энергіі.

На вуліцы чулася ж.

Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, ахвяраваць сабой.

Даць жыццё каму-н. — нарадзіць каго-н. (высок.).

Кончыць жыццё — памерці.

Не ад добрага жыцця — з гора, з бяды, не па сваёй ахвоце.

Не на жыццё, а на смерць — не шкадуючы жыцця.

Паміж жыццём і смерцю — знаходзіцца ў вельмі небяспечным стане.

Паплаціцца жыццёмзагінуць.

Пуцёўка ў жыццё — веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю.

Пытанне жыцця або смерці — пра што-н. вельмі важнае, рашаючае.

|| прым. жыццёвы, -ая, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; пр. памёр, памерла; зак.

1. Перастаць жыць. Некалькі разоў прыходзіла да хлопцаў [сястра], праведвала Сцяпана: яму станавілася ўсё горш і горш. Увечары ён памёр. Мележ. Маці і памерла, як жыла, ціха, непрыкметна. Ваданосаў. // за каго-што і без дап. Ісці на смерць у імя чаго‑н., загінуць, абараняючы што‑н. [Камандзір:] — Рана, Астап, ты выбраўся ў дальнюю дарогу... Рана... Слаўна ты жыў... Слаўна памёр за людзей нашых... Лынькоў. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

2. перан. Знікнуць, бясследна прапасці. Ён памёр. Расстралялі Якіма... Цёмны гай зашумеў галасней... Але справа магутнага КІМа Не памрэ, — будзе вечна квітнець!.. Трус.

3. перан. Разм. Пазбавіцца сіл, знемагчы ад якіх‑н. пачуццяў. [Данілка:] Яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху. Купала.

•••

Памерці пад нажом — памерці ў час хірургічнай аперацыі.

Хоць памры — абавязкова (зрабіць, выканаць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пост 1, паста, м.

1. Месца, з якога можна пазіраць за кім‑, чым‑н. ці ахоўваць каго‑, што‑н. Баявы пост. □ Каля ўмоўленага месца .. [Вася] спыніўся са здзіўленнем: на пасту не было вартавога. Шчарбатаў.

2. Адна асоба або некалькі, пастаўленыя для аховы чаго‑н., назірання за чым‑н. На перакрыжаваннях вуліц скрозь будаваліся доты і дзоты або выстаўляліся ўзброеныя пасты. Якімовіч. Толькі на ўскраіне.. [людзей] спыніў паліцэйскі пост. Новікаў.

3. Адказная пасада. На высокім пасту [дэпутата] ён аказаўся, сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч.

•••

На пасту — пры выкананні службовых абавязкаў (знаходзіцца, загінуць і пад.).

пост 2, ‑у, М посце, м.

Устрыманне ад скаромнай ежы, згодна з царкоўным законам. // Перыяд такога ўстрымання. [Такароўцы] святкавалі ўсе святы, пасцілі ўсе пасты. Бядуля. Прасцей бывае ў пост: сушаныя грыбы, цыбуля, кіслая капуста — усё гэта расце, сушыцца і валіцца на месцы. Васілевіч. // перан. Разм. Устрыманне ад чаго‑н. наогул.

•••

Вялікі пост — сямітыднёвы пост перад вялікаднем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Застацца цэлым, непашкоджаным, не разбурыцца. Сяло ўцалела, не было відаць ніводнай спаленай хаты, каля сцен хат весела зелянелі клёна, ліпы і вастраверхія ігрушы. Мележ. Дом гэты, адзін з нямногіх у цэнтральнай частцы горада, уцалеў пасля варварскіх бамбардзіровак. В. Вольскі. // Аказацца ў наяўнасці, незрасходаваным. Пасядзяць, пагавораць людзі.. ды папросяцца за стол.. Якраз слоік баравічкоў ўцалеў, у гарлачыку мёду трохі. Гроднеў. // Не быць знішчанымі, згубленымі; зберагчыся. Захавалася вельмі мала сатырычных тэкстаў XVII стагоддзя.. Уцалела па некалькі спісаў «Прамовы Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Казека. Яны [артысты] падаставалі з матчыных скрыняў, калі яна ў каго ўцалела, кашулі-вышыванкі, шаўковыя каснікі, фартушкі і кофтачкі. Няхай. // Застацца жывым, не загінуць. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі.. уцалелі. Гурскі. Адно думала [жанчына] і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі... М. Стральцоў. // Пазбегнуць чаго‑н., не падвяргацца чаму‑н. Уцалець ад суда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пропа́сть сов. прапа́сці, мног. папрапада́ць; (исчезнуть — ещё) зні́кнуць; (утратиться — ещё) адпа́сці; (погибнуть — ещё) згі́нуць, загі́нуць;

пропа́ли докуме́нты прапа́лі (зні́клі) дакуме́нты;

зре́ние пропа́ло зрок прапа́ў;

охо́та пропа́ла ахво́та адпа́ла;

цветы́ пропа́ли от моро́за кве́ткі прапа́лі (згі́нулі) ад маро́зу;

мно́го вре́мени у меня́ пропа́ло да́ром шмат ча́су ў мяне́ прапа́ла дарма́;

пропа́сть бе́з вести прапа́сці (згі́нуць) без ве́сткі;

пиши́ пропа́ло! пішы́ прапа́ла!;

или пан, или пропа́л погов. ці (або́) пан, ці (або́) прапа́ў;

пропади́ про́падом! згінь-прападзі́!

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

злажы́ць, злажу, зложыш, зложыць; зак., каго-што.

1. Палажыць многія прадметы разам у адно месца; палажыць у пэўным парадку, прыдаўшы пэўную форму, від. Злажыць дровы. Злажыць бярвенне штабялямі. Злажыць сена ў стог. // Сабраўшы, змясціць у што‑н. Злажыць рэчы ў скрыню. // Разм. Падрыхтаваць рэчы ў дарогу, паклаўшы ў што‑н. Злажыць чамадан. Злажыць партфель.

2. Перагнуўшы, скруціўшы, надаць новую форму, паменшыць у аб’ёме. Злажыць газету. □ Садраў [дзед] з воўка скуру, вымыў у снезе рукі,.. злажыў скуру, закінуў яе на плячо. Колас.

3. Пабудаваць, зрабіць шляхам кладкі, рубкі ​1. Злажыць печ. Злажыць зруб.

4. Скласці, стварыць (песню, верш і пад.). Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала.

5. Паваліць, палажыць (пра ўсё, многае). Вялізныя жывыя дрэвы ляжалі на зямлі, мясцінамі па некалькі, адно на адным. Шалёны віхор злажыў іх. Сташэўскі.

6. перан. Перакласці віну на каго‑н. — Даўно ж ужо не было.. [кражы] ў Мядзведзічах. Аж з таго часу, як у Марціна Крываношкі пару коней вывелі, ды на пасэсара злажылі. Крапіва.

•••

Злажыць (скласці) галаву (косці)загінуць у баі, памерці.

Злажыць рукі — перастаць дзейнічаць, працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знайсці́, знайду́, зно́йдзеш, зно́йдзе; знайшо́ў, -шла́, -ло́; знайдзі́; зно́йдзены; зак.

1. каго-што. Заўважыўшы, узяць; выявіць у выніку пошукаў, назіранняў, роздумаў і пад.

З. грыб.

З. грошы на дарозе.

З. згубленую рэч.

З. выхад з цяжкага становішча.

З. новы спосаб рашэння задачы.

З. апраўданне чаму-н.

2. каго-што. Заспець, убачыць, выявіць дзе-н. ці ў якім-н. стане.

Не з. дома сябра.

З. каго-н. ляжачым хворым.

3. каго-што ў кім-чым. Зазнаць, сустрэць што-н. з боку каго-, чаго-н.

З. ў чым-н. суцяшэнне.

Я не знайшоў у гэтым нічога асаблівага.

З. добрага дарадчыка ў кім-н.

4. каго-што або з дадан. Прыйсці да высновы, палічыць, прызнаць, склаўшы думку пра каго-, што-н.

З., што таварыш праў.

З. неабходным паведаміць аб прыездзе.

Урач знайшоў яго здаровым.

5. прош. знайшо́ў (незак. цяпер. знахо́дзіць) з займ. ва ўскосн. скл. або з прысл. і з інф. Ужыв. пры іранічных адносінах да каго-, чаго-н. (разм.).

Знайшоў чаму радавацца (няма чаму радавацца). Знайшлі з-за чаго сварыцца (няма з-за чаго сварыцца). Знайшоў дурня (выражэнне нязгоды з кім-, чым-н., адмаўлення ад чаго-н.).

Знайсці сабе смерць (магілу) дзе (высок.) — памерці, загінуць дзе-н.

Знайсці сябе — зразумець сваё прызванне, прызначэнне, правільна вызначыць свае інтарэсы, схільнасці.

|| незак. знахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; наз. знахо́джанне, -я, н. (паводле 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Няг̌е́г̌лы ’кволы, слабы; несамавіты’ (Касп.; Жд. 2; бялын., Янк. Мат.; Крыў., Дзіс.), няге́глымі ’нездаровы, слабы’ (Бяльк.), ніг̌е́г̌лы ’няўдалы, непаваротлівы’ (Цых., Сл. ПЗБ), сюды ж няг̌е́г̌а ’чалавек слабага здароўя’, няг̌е́г̌лік ’няздара, няўмека’ (Сл. ЦРБ), ’нямоглы, няўдалы, хворы чалавек’ (Янк. 3.), няге́гляццё ’нягеглае стварэнне’ (Юрч. Фраз. 1). Няясна. Існуе некалькі версій, якія не здаюцца дастаткова пераканальнымі. Талстой (Бел.-укр. ізал., 78) звязвае беларускія словы з укр. валын. г̌е́ги ’ногі’, балг. ге́га ’палка’, макед. гега ’доўгая пастухова палка’ і асабліва гегав ’крываногі, кульгавы’, гегало ’кульгавы, апушчаны чалавек; замухрышка’, гега (се) ’хадзіць кульгаючы, хістаючыся’ з семантычным развіццём ’хістацца’ — ’хадулі’ — ’палка’, ’хто хістаецца’ — ’кульгавы’ — ’замухрышка’ і ўзмацняльным ні‑ (не-), што ўрэшце ўзводзіцца да імітацыйнага (гука- і рухапераймальнага) кораня *geg‑, *gig‑, *gog‑, параўн. нягога (гл.). Мартынаў (пісьмова) збліжае з балг. як ’моцны, здаровы’, варыянт ягк (Гераў) < прасл. *jagъkъ, суадноснае з літ. jegús ’моцны, магутны’, рус. неяглый ’вялы’, на падставе чаго рэканструюецца *геглы < *еглы ’здаровы, моцны’ — l‑авы дзеепрыметнік ад балт.-слав. *jagti (⩽ літ. jėgti ’быць у стане, магчы’), што малаверагодна. Можна дапусціць сувязь з балтызмам ǧéǧa ’крэмень’ (гл.), што з’яўляецца сімвалам моцнага, трывалага (параўн. моцны, як крэмень), адкуль няг̌е́г̌а з процілеглым значэннем, аднак гэтаму пярэчыць вузкая тэрыторыя распаўсюджання зыходнага слова (Гродзеншчына, усходняя Беласточчына). Калі ўлічыць фанетычна і семантычна блізкія формы тыпу няге́длы ’недаразвіты, слабы’ (Мат. Маг.), няге́длый ’нягеглы, нездаровы, слабы’, ныге́длый ’нікчэмны’ (Сл. Брэс.) і асабліва неге́лда ’няўдаліца’ (Сцяшк. Сл.), то названыя словы можна вывесці з дзеясловаў тыпу г̌е́лдаць ’хутка есці, глытаць’ (гл.), г̌елдава́ць ’разумець’ (КСТ), параўн. таксама не́галда ’няўдалы, слабасільны, кволы’, якое лічыцца праблематычным балтызмам (гл.). Тураўскае неге́бны ’нягеглы, няўдалы’ можна звязаць з г̌ебнуць, г̌ег̌нуцьзагінуць, памерці’ (гл.), пры гэтым не мела б экспрэсіўна-ўзмацняльны характар, параўн. гродз. геблы ’дрэнны, шкодны’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)