Капту́р ’дзіцячы ці жаночы галаўны ўбор’ (ТСБМ, Жд. 3, Сцяшк.; маладз. Янк. Мат.; Др.-Падб., Гарэц., Мал.; КЭС, лаг.), ’галаўны ўбор, які старыя кабеты насілі пад хусткай’ (ДАБМ, 331; Сцяшк.; Мат. Гродз.; Зав.; Мат.; дзісн., КЭС), ’абруч, які насілі жанчыны на галаве’ (клец. КЭС), ’высокая прычоска’ (Жд. 3), ’асобым чынам завязаная намітка’ (глус. ДАБМ, 840; Нік. Очерки); ’пірамідальна выцяжны комін над горнам’ (драг., Жыв. сл.; Жд. 3; Бяльк.; міёр., Нар. сл.; Дразд.; нясв., Нар. словатв.; паўн.-усх. КЭС; мядз., міёр., Шатал.); ’абажур’ (Гарэц., Др.-Падб.); ’дзесяты сноп, якім накрываецца бабка’ (карэліц., Шатал.) ’з коптурам, з верхам (накласці)’ (ТСБМ; глух., Янк. Мат.); ’жалезнае колца на канцы калодкі кола’ (Масл.). Ст.-бел. каптуръ, коптуръ ’каўпак, капюшон, клабук’ запазычана са ст.-польск. kaptur, якое, аднак, не мае надзейнай этымалогіі, дакладней, надзейнай крыніцы запазычання. Калі прыняць пад увагу значэнне ’пакрыццё галавы або вачэй жывёлам і птушкам’, то лексема магла б находзіць з лац. captūra ’лоўля’, с.-лац. ’турма’. Бернекер (485–486) дапускае сувязь з раманскім сар‑: с.-лац. capparo, італ. capperone ’плашч ад дажджу’, іншыя с.-лац. пакрыцці галавы — capitra, capiturare… (гл. Слаўскі, 2, 61–62). Устаўное ‑т‑ магло б быць вынікам дысіміляцыі ‑pp‑ > ‑pt‑. ЕСУМ (2, 377) услед за Міклашычам першакрыніцу лексемы выводзіць з цюрк. моў (параўн. чагат. kaptur ’вялікі мех’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́та ’вязанка, цюк’, ’сноп бобу, льну’, ’мажная тоўстая жанчына’ (Сл. паўн.-зах., Мат. АС, Нар. лекс., КЭС, лаг., Сцяшк.). Параўн. кіціца (гл.). Укр. кита ’гронка, мяцёлка, пучок, кутас’, рус. кита ’сцябло’, балг. китка ’букет, вязка’, серб.-харв. кита ’галінка, пучок, вязка’, китка ’жаночы галаўны ўбор’, славен. kita ’каса (валасоў), вязка, пучок’, польск. kita ’султан на шлеме, пучок, вязка’, чэш. kytice, kytka ’букет, вязка’, славац. kyta ’вязка’, kitka ’гронка’, в.-луж. kita ’гронка, пучок’. Прасл. kyta не мае верагоднага этымалагічнага тлумачэння. Зусім умоўны характар мае версія аб kyta < Z*kūp‑ іа (сюды ж чуб) (Бернекер, 1, 679). З прасл. kystь (гл. кісць) таксама нельга выводзіць kyta, бо kystь (kyt‑tь) вытворнае ад kyta. Існуе, аднак, іншая магчымасць тлумачэння, на якую звярнуў увагу Праабражэнскі (1, 310), параўнаўшы kyta з kyką: ст.-слав. кыка ’валасы на галаве’, балг. кика ’каса (валасоў)’ (параўн. славен. kita, kitica ў тым жа значэнні), серб.-харв. кика ’тс’, кичица ’чубок’, рус. кика ’жаночы галаўны ўбор’ (параўн. серб.-харв. китка ў тым жа значэнні), бел. кічка (гл.) ’гронка’. Параўн. укр. кита ў тым жа значэнні. Дублет kyta/kyką мы тлумачым змяшэннем k’ і /’ у праславянскай мове. Яно на карысць таму прасл. kyką разглядаецца як першаснае. Яно мае надзейную этымалогію ў адрозненне ад kyta (Мартынаў, Слав. акком., 65–66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наба́кі́р ’набак’ (Нас., Байк. і Некр., Др., Гарэц., БРС), набаке́р ’тс’ (Янк. 1), наба́кер і наба́кір (ТС). Разам з укр. наба́ки́р запазычана з польск. na bakier ’тс’ (звычайна пра галаўны ўбор), якое разам з рус. набекре́нь Брукнер (12) выводзіць з каманды плытнікаў, што паходзіць з ням. back kehren ’назад, налева варочаць’; паводле Бяднарчука (JP, 1984, 44, 1–2, 31), плытніцкае вілейск. na baker ’налева; назад’ ад н.-ням. bakbort ’левы борт, ззаду (адносна стырна)’. Варыянты набаге́р (Сцяшк. Сл.) і нама́гір (ТС) можна разглядаць як другасныя, узнікшыя ў выніку азванчэння к у інтэрвакальным становішчы і, магчыма, збліжэння з маг̌е́рка (гл.). Іншы выпадак збліжэння ў спалучэнні на башкір: staŭ nasić czapku na baszkir (Пятк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыбо́р1 ’камплект, набор прадметаў для карыстання; прыстасаванне, апарат’ (Нас., Ласт., ТСБМ), ’вупраж’ (Сл. ПЗБ), ’ткацкая прылада’ (Сл. Брэс.). Запазычана з рус. прибо́р — аддзеяслоўнага назоўніка ад прибира́ть з рэалізацыяй гістарычнага чаргавання и/о ў корані. Гл. браць.

Прыбо́р2, прыбо́ры ’ўбор, убранне; адзенне; форма’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Касп., Растарг., Жд.; в.-дзв., бярэз., Сл. ПЗБ; Ян., Нар. Гом.), прыбо́ры ’прыбраны, адзенне’, прібо́ры ’прыборы, уборы’ (Бяльк.). Сюды ж прыбо́р ’зборы ў дарогу; падрыхтоўка да падарожжа’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Да прыбіра́ць, браць (гл.). Параўн. рус. паўдн. прибо́р ’адзенне, убор, убранне; набор прыгожых рэчаў’, ’галаўны ўбор’, ’аздабленне на адзенні ці на галаве’, укр. прибі́р ’адзенне, убор; апрананне, прыбіранне; узорная вышыўка каляровымі ніткамі па лацкане кажушка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́шнік1галаўны ўбор, намітка’ (Бяльк.), ’старадаўні рускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе ўпрыгожанага шчытка пад ілбом’ (БРС, ТСБМ). Слова ў другой фіксацыі неабходна лічыць русізмам, больш цяжкая справа з усх.-бел. лексемай. Адпаведнік гэтаму слову ў рус. мове: кокошник ’жаночы галаўны ўбор («кичкообразныя, полотенчатый, в виде чепца, шапочки, …широкой туфли, шитой золотом и позументом») і да т. п.’, змястоўнае апісанне рэалій дае СРНГ, 14, 101–102. Месца распаўсюджання слова — пск., цвяр., калуж., валаг., наўг. і інш., у глыбіні рус. моўнай тэрыторыі, сведчыць аб тым, што рус. лексема, паралелей да якой у іншых мовах не знаходзіцца, з’яўляецца інавацыяй. Бел. у такім разе або непасрэдна суадносіцца з рус. (у выніку гістарычнай сувязі ўсх.-бел. гаворак з рус.), або пранікненне з рус. гаворак. Нельга выключыць і магчымасці прыўнясення слова перасяленцамі. Што датычыцца матываў намінацыі рус. лексемы, можна саслацца на даследаванне Зяленіна, які меркаваў, што тэрмін суадносіцца з назвай курыцы (або пеўня) кокошь па той прычыне, што рэалія нагадвае грэбень на галаве птушкі (Russ. Volksk., 234 і наст.; там і малюнак). Іншыя назвы галаўнога ўбору, звязаныя з назвай птушкі: рус. кокоша, кокошка, сорока.

Како́шнік2 ’капытнік, Calla palustris’ (мін., Кіс.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.), какочнік ’тс’ (він., Ганч.; Кіс.). Какошнік як ’бабоўнік’ (Жд. 2), аднак, відавочна, што тут размова ідзе аб той жа расліне (параўн. нар. сінонімы для Calla palustris: заячы бабоўнік, бобак, бабоўнік), а зусім не пра бабоўнік ’Laburnum’ — ядавітую расліну, назва якой у бел. мове калькуе рус. тэрмін бобовник і з’яўляецца вельмі няўдалай, паколькі ў бел. гаворках лексема бабоўнік азначае расліну Calla або Menyanthes. Гэтыя расліны непадобныя, аднак у іх падобныя па форме карэнні, што тлумачыць аднолькавасць назвы. Як сінонім да бабок ’Menyanthes’ падае слова бабоўнік і ТСБМ, прыводзячы трэцім значэннем ’Laburnum’. Відавочна, што тут недакладнасць тлумачэння лексемы какошнік (Жд. 2): ужыта для дэфініцыі народная назва. Адсутнасць шматлікіх сінонімаў у бел. гаворках для расліны Menyanthes дазваляе думаць, што какошнік у мінска-маладзечанскім слоўніку азначае толькі ’ < аІІа’ і нельга меркаваць аб магчымым пераносе назвы какошнік на Menyanthes. Зафіксаваны варыянт какочнік уяўляе спробу паказаць унутраную форму або трансфармацыю «суфікса» на больш падыходзячыя ў выніку дээтымалагізацыі лексемы. Фармальныя паралелі да гэтага слова ў рус. кокошник; дакладных адпаведнікаў няма. Улічваючы, што ўтваральная аснова ў бел. мове вельмі рэдка прадстаўлена (гл. какотках і інш.), можна дапусціць, што тэрмін какошнік старыбел. інавацыя даўняга перыяду або наогул архаізм; у слав. мовах няма агульнай назвы для Calla. Апошняе меркаванне, аднак, толькі дагадка. Матывацыя суаднесенасці назвы расліны з тэрмінам для птушкі раскрываецца праз сінонімы петушкі. пеўнікі (гом., Кіс.), гуска, птушкі (маг., Кіс.), пітушкі (Бяльк.) і вядомыя меркаванні, паводле якіх так называюцца расліны з белым колерам кветак або са спалучэннем белага і жоўтага. Параўн. яшчэ рус. белокрыльник.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віскі́ ’скроні’ (капыл., КЭС, Жд., 3), укр. висок, мн. л. виски́, рус. виски ’тс’, наўг., ярасл. ’старое адзенне’; ’валасы на галаве’, арл. ’валасы на скронях’, бранск. ’валасы на целе чалавека’, пенз. ’жаночы галаўны ўбор’, ст.-рус. високъ ’падвеска — частка конскай збруі (убору)’ (з XVII ст.). Усходнеславянскае високъ. Узыходзіць да visъ, visěti (Гл. таксама віс3). Бел. лексема, такім чынам, спачатку абазначала ’тое, што вісіць’ — ’валасы (якія вісяць)’ — ’вісячыя валасы на скронях’, потым — ’скроні’ (Фасмер, 1, 320; Шанскі, 1, В, 106).

Ві́скі ’моцная гарэлка (Англія, ЗША)’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. виски ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80) < англ. whisky, whiskey, якое з whisquy‑beath < гэльск. uisge‑beatha ’вада жыцця’, што з’яўляецца калькай з франц. eau de vie < с.-лац. aqua vitae ’вада жыцця’; параўн. рус. водка < вода (Шанскі, 1, В, 105).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кіба́лка ’старажытны жаночы галаўны ўбор, абруч, на які накручваюцца валасы’ (Малч., ТС, Сцеп., Сержп. Грам., Нік., Шн., Маш.), ’хустка’ (ДАБМ, Серб.). Укр. кибалка ’тс’. Варыянт гибалка ’тс’ сведчыць аб магчымасці ўзводзіць гэтыя словы да дзеяслова гібаць (гл.). Семантыка тлумачыцца тым, што на ўбор або абруч накручваюцца валасы (ЕСУМ, 2, 428). Аднак існуе пераканаўчая гіпотэза аб балтыйскім паходжанні ўсходнеславянскіх слоў. Параўн. літ. kýblas ’шырокая павязка на валасах дзяўчыны’, kỹbulas ’шырокая стужка, на якую накручваюць валасы кругом галавы’. Прыняць славянскае паходжанне для гэтых слоў немагчыма (Буга, Rinkt, 3, 777). Да таго ж у адрозненне ад беларускіх, украінскіх і рускіх слоў літоўскія маюць даволі празрыстую этымалогію. Яны ўзводзяцца да kìbti ’чапляцца’, kabė́ti, kybóti ’вісець, абвісаць’, kabìnti ’абхопліваць, браць у кола’ і інш. Неабходна адзначыць, што рад украінскіх і беларускіх слоў мае форму з м (кімбалка, кимбалка), якая адпавядае форме цяперашняга часу дзеяслова kìbti (kim̃ba) (Лаўчутэ, Балтизмы, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вяне́ц, ‑нца, м.

1. Карона, якую трымаюць над галовамі маладых у час вянчання ў царкве. [Вашыновіч:] — Я сам за шафера быў, вянец трымаў. Чорны. // Вянчанне. Малодшая ж [дачка] хітрэйшай, Відаць, была, — махнула ў Кустанай І там сышлася з камбайнерам, Па сэрцу, без вянца. Корбан.

2. Уст. Каштоўны галаўны ўбор, які надзяваўся ў знак высокага звання або асаблівых заслуг. Царскі вянец.

3. чаго, перан. Апошняя, вышэйшая ступень, верх чаго‑н. [Дзянісаў:] — Думка застаецца думкай. Вянцом яе заўсёды з’яўляецца справа. Гамолка. Чалавек — ён цар прыроды. Чалавек — вянец тварэння. Зарыцкі.

4. Радужны круг вакол сонца, месяца, зорак. Мароз на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае. Колас.

5. Тое, што і вянок (у 2 знач.). Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў. Бядуля. Бялеюць укопаныя ў зямлю дубовыя слупы вялікай будыніны, у якую пакладзена некалькі вянцоў. Паслядовіч.

•••

Ісці пад вянец гл. ісці.

Стаяць пад вянцом гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мозг, ‑а і ‑у; мн. мазгі, ‑оў; м.

1. ‑а. Цэнтральны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека ў выглядзе рэчыва, якое запаўняе сабой чэрап і канал пазваночніка. Галаўны мозг. Спінны мозг. // Орган мышлення ў чалавека. Свідравала мозг .. страшная думка, і ў той жа час у галаве.. складаўся план дзеяння. Колас.

2. ‑у; перан. Разм. Розум, разумовыя здольнасці.

3. ‑а; перан. Асноўнае ядро, кіруючы цэнтр чаго‑н. Такім чынам быў створаны гарадскі партыйны камітэт, цэнтр, мозг падполля. Новікаў.

4. ‑у. Тканка, якая напаўняе поласці касцей у чалавека і пазваночных жывёл. Касцявы мозг.

5. толькі мн. (мазгі́, ‑оў). Ежа, прыгатаваная з мазгоў некаторых свойскіх жывёл.

•••

Варушыць (круціць) мазгамі гл. варушыць.

Да мозгу касцей — а) усёй істотай, цалкам, поўнасцю. — Я да мозгу касцей бязбожнік. «ЛіМ»; б) вельмі моцна, да апошняй сваёй частачкі. Холад пранікаў да мозгу касцей, балюча сціскаў мускулы. Шамякін.

Капаць на мазгі гл. капаць.

Мазгі (не) вараць — пра кемлівага (някемлівага) чалавека.

Мазгі не на месцы — пра дурнога або псіхічнахворага чалавека.

Сушыць мазгі гл. сушыць.

Уставіць (устаўляць) мазгі гл. ўставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́лка1 ’галка, птушка Corvus monedula’ (слонім., Арх. Бяльк.; Сцяшк. Сл. паўн.-зах.). Польск. kawka ’тс’. Фанетыка бел. слова сведчыць аб больш складаным працэсе, хоць сам факт запазычання або ўплыву польск. формы выключыць нельга, аб чым сведчыць і лінгвагеаграфія. Ёсць і іншая магчымасць тлумачэння: калка < галка (апошняя форма адзначана па галоўнай тэрыторыі, Сл. паўн.-зах.) у выніку існавання дублетаў к‑ і г‑ у запазычаных словах, калі форма з к‑ успрымаецца або як адаптаваная, або як спрадвечная. Гэта, аднак, менш верагодна.

Ка́лка2, у Доўн.-Зап., 3, 39: «Кидайса, метайса, завиваты не давайса! Кинь калку (кибалку?) хочъ пидъ лаўку, Сама выбежъ на вулоньку!». Далей аўтар адзначае калка кибалка ’жаночы галаўны ўбор’ і спасылаецца на аналагічныя кантэксты ў Янчука і Чубінскага; паводле гэтага можна меркаваць, што слова было вядома на зах. Палессі дастаткова шырока. Этымалогія няясная; можна суаднесці з калка1, паколькі ў шэрагу назваў сустракаюцца падобныя намінацыі; параўн. рус. дыял. тэрміны для жаночага галаўнога ўбору кокошка і сорока. Па розных прычынах гэта меркаванне маланадзейнае; магчыма, неабходна параўноўваць з бел. галка ’круглы, гладкі камень, якім таўкуць перац, гарчыцу’, галкі ’галушкі, клёцкі; печыва з мукі і тоўчанай бульбы’, аб першаснай семантыцы якіх сведчаць бел. галы ’ягадзіцы’, славац. hálka ’шарык’, польск. galka ’шар, булдавешка’ і інш. Падобная семантыка дапускае параўнанне гэтых лексем з разглядаемым словам; аднак паводле фактычнага крытэрыю такое збліжэнне недакладнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)