Кляве́ц ’малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос’ (ТСБМ, Янк. I, Яруш., Мядзв., Гарэц., Нік. Очерки, ЭШ, рук., Бяльк., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. клевець, рус. клевец, ст.-рус. клевець ’тс’, польск. klewiec ’тс’. Польская форма, відаць, са старажытнарускай. Такім чынам, можна гаварыць толькі аб усходнеславянскай інавацыі. Фармальна здаецца ўтварэннем з дапамогай вельмі прадуктыўнага суфікса ‑ьcь ад klьvati. Аднак, паколькі суфікс ‑ьcь можа ўтвараць назоўнікі ад прыметнікаў (slěpьcь < slěpъ, mъrtvьcь < mъrtvъ), верагоднай з’яўляецца і іншая этымалогія: *kъlevъ + ‑ьcь > kъlevьcь > klevьcь. У сваю чаргу *kъlevъ прыметнік, утвораны рэгулярна (суфікс ‑evъ) ад kъl ’зуб’. Цікава, што рус. клевец мае значэнне ’зуб у баране, граблях’. Адносна ўтварэнняў на ‑ьcь параўн. SP, 1, 99–100; Мартынаў, Прасл. дерив., 29.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ко́рань 1 ’падземная частка расліны’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’настой з кораня’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. корінь, рус. корень, ст.-слав. корень, балг. корен, серб.-харв. ко̏рен, славен. korȇn, польск. korzeń, чэш. kořen ’тс’. Да прасл. kor‑ьnь. Параўн. літ. kẽras ’куст, корань’ (Бернекер, 1, 570; Траўтман, 127).
Ко́рань 2 ’сядзіба’ (Мат. Гом., Яшк.). Да корань 1 (гл.). Семантычны перанос ’вытокі расліны’ > ’вытокі чалавека’ > ’родныя мясціны, сядзіба’.
Ко́рань 3 ’калодачны вулей’ (Сл. паўн.-зах., З нар. сл.). Сувязь з корань 1 становіцца зразумелай, калі ўлічыць, што яго значэнне ’настой з кораня’ і тое, што «Купяць карэнь — бадаян, натруць каранік (калодачны вулей. — B. M.), запах даваў, і пчолы сядуць» (Сл. паўн.-зах., 2, 414–415).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кула́га ’саладуха, ягады, звараныя з мукой, зацірка, кулеш’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Касп., Нік. Очерки, Арх. ГУ, Грыг., Чач., Вешт., Др.-Падб., Маш., Гарэц., Шн., Мат. АС, Янк. Мат., Мат. Маг., Нар. словатв., Бяльк., Сержп. Грам., КЭС, лаг., Яўс., Серб.). Укр. кулага, рус. кулага ’тс’. Параўн. кулеш (гл.). Унутраную форму слова кулага можна ўбачыць у такіх дзеясловах, як кулажыцца, кулажыць ’паказваць на дождж’ (Нас. Сб., Юрч.). Адсюль відаць, што першаснае значэнне было ’вадкая сумесь’. Словаўтваральна мадэль з суфіксам ‑ага. Першасны дзеяслоў, на жаль, надзейна не рэканструюецца, але серб.-харв. ку́ља ’мамалыга’ дае яшчэ адну падставу для выдзялення ў кулага суфікса ‑ага. Слаўскі (3, 347) бачыць рэлікты зыходнага дзеяслова ў kuliti, kuljati (гл. куляць 1).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апраба́цыя 1 ’адабрэнне’ (БРС, Нас.), апрабаваць. Рус. апробация, апробировать, укр. апробація, апробувати, польск. aprobata, aprobacja і інш. У рускай з польскай у пачатку XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 132). Ст.-бел. апробация (Вясноў, Бел. лекс., 34), апробовати (Гіст. лекс., 111), ст.-укр. апробация з пач. XVII ст. (Цімчанка) запазычана з лацінскай, магчыма, праз польскае пасрэдніцтва (у польскай з лац. арprobatio ў сярэдзіне XVI ст.). Лац. з ad‑probo (probo ’выпрабоўваць; адабраць’); probus ’добры, дабраякасны, чэсны, сціплы’ < *pro‑bho‑s).
Апраба́цыя 2 ’праверка’. Этымалагічна тое ж самае, што і апрабацыя 1, але семантычна захоўвае сувязь з проба, прабаваць. Магчыма, што гэта значэнне — пазнейшае, калі яно звязваецца з апрабаваць (рус. опро́бовать), а не апроби́ровать, як апрабацыя 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жах ’жуда, страх’, ’удар’. Рус. кур., паўд., укр. жах ’тс’. Параўн. польск. żachnąć się ’здрыгануцца’, żachliwy ’баязлівы’, чэш. žas ’жах’, рус. ужас. Ст.-слав. оужасъ, ст.-рус. ужасъ, ц.-слав. жасати, жасити, жаснѫти (Міклашыч, Lex. paleosl.). Праз чаргаванне галосных суадносіцца з гасіць (гл.). Значэнне гасіць ’удараць’ паказвае, што жах ’удар’ не асобнае гукапераймальнае слова (ТСБМ, 2, 255), а развіццё аднаго значэння (параўн. знач. польск. ’уздрыгнуцца’). Да і.-е. *gu̯es ’тушыць’ (Покарны, 1, 479); гоц. ugaisjan, літ. gąsti ’пужаць’ (гэтыя паралелі патрабуюць пэўных удакладненняў). Фасмер, 2, 36; Праабражэнскі, 1, 471; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 36. Пра паходжанне ‑х‑ у жах як паралель да страх (дзе s < *ks) пісаў Эндзелін, Слав.-балт. эт., 70 = Darbu, 2, 230–231.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жо́рсткі (ТСБМ), жо́сткій (Нас.). Рус. жесткий, дыял. паўд. жёрсткий ’жорсткі’, укр. жорсткий ’жорсткі, суровы’. Ст.-рус. жестый ’жорсткі’, жестокий ’жосткі, суровы’. Ст.-слав. жест‑ (у складаных словах). Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 288), рус. жесткий, як і жестокий, запазычана са ст.-слав. Фасмер (2, 50) гэта не лічыць. Слав. *žest‑ звязана, відаць, з с.-в.-ням. kes ’цвёрды грунт, глетчар’, ст.-ісл. kǫs ’куча (камення)’, ст.-ірл. gall ’камень’ (?). Праабражэнскі, 1, 231; БЕР, 1, 538. Міклашыч (410) параўноўваў з коранем *žeg‑, абапіраючыся на дыял. жегче ’больш жорстка’. Скок (3, 667) дапускае такую магчымасць побач з папярэдняй. З’яўленне ‑p‑ у бел., укр. пад уздзеяннем шорсткі (гл.), якое магло ўплываць і на значэнне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жыві́ць ’быць крыніцай дзейнасці’. Рус. живи́ть ’даваць жыццё, бодрасць’, укр. живи́ти ’забяспечваць жывыя арганізмы неабходнымі речывамі, падтрымліваць, натхняць’, польск. żywić ’забяспечваць арганізм’, ’адчуваць нешта’, уст. ’аставіць кагосьці пры жыцці’, в.-луж. žiwić ’карміць, харчаваць’, чэш. živiti ’карміць’, славац. živiť ’карміць, забяспечваць усім патрэбным’, славен. živíti ’харчаваць, утрымліваць’, серб.-харв. жи́вити ’жыць’. Ст.-слав. живити ’ажывіць’, ’пакінуць жывым’, ’жыць з чагосьці’. Ст.-рус. живити ’даваць жыццё’ (1096 г.); зажыўляць, гаіць (1585 г.); здабываць сродкі існавання (XI–XII стст.)’. Прасл. утварэнне дзеяслова ад прыметніка *živ‑ (гл. жывы) з суфіксам *‑i‑ti, першапачатковае значэнне ’рабіць жывым’, адкуль і ’харчаваць’, ’гаіць’, ’натхняць’ і г. д. Трэба адзначыць, што значэнні гэтыя прадстаўлены і ў гісторыі слова жыць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заўча́сна, дыял. заўча́су (Сл. паўн.-зах.). Укр. завчасно, завчасу, польск. za wcześnie, zawczas(u), чэш. zavčasu ’заўчасна’, славац. zavčas(u) ’хутка’, н.-луж. zawcasa ’своечасова, рана’. Заўчасна ад прыметніка заўчасны, утворанага з прыслоўя (ці прыслоўнага выразу) заўчасу (za + vъ‑čas‑u) ці za + vъ‑časъ; параўн. у час ’своечасова’. Пашырэнне на зах.-слав., бел. і ўкр. тэрыторыях можа тлумачыцца ці як агульная інавацыя для моў, у якіх час (гл.) атрымала значэнне ’tempus’ у адрозненне ад моў, дзе гэту функцыю маюць словы тыпу рус. время (параўн. вовремя, заблаговременно), альбо як запазычанне ў бел. і ўкр. з польск., дзе зах.-слав. форма. У карысць апошняга можа сведчыць выкарыстанне за ў знач. ’надта’. Брукнер, 646, 73.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пасабі́ць, пасо́біць, пасо́біці, пособы́ты ’дапамагчы’ (Грыг., Касп., Бяльк., Др.-Падб., Бір., Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), пасобнік ’памочнік’, пасоба, пасобка ’дапамога’ (Нас., Касп.). Укр. пособити ’дапамагчы’, рус. пособить ’тс’, пособие ’дапамога’, серб.-харв. пособа ’тс’, ст.-слав. пособие ’дапамога ў вайне’, ’саюзнікі’, ст.-чэш. zpósobiti, чэш. (z)působit, славац. pôsobiť ’дзейнічаць, выклікаць (радасць, смутак і інш.), рабіць (уражанне), працаваць у якасці каго-н.’ Утвораны ад выразу po sobě ’рабіць нешта ў належным парадку, упарадкаваць адзін за адным’ (Міклашыч, 331; Голуб-Копечны, 306; Голуб-Ліер, 406; Фасмер, 3, 340). Махэк₂ (500) мяркуе, што спачатку ст.-чэш. zpósobiti было вайсковым тэрмінам, абазначаўшым ’ставіць, складаць адзін за адным’. Няясна, аднак, як развілося значэнне ўсх.- і паўд.-слав. лексем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пе́гі ’вяснушкі, рабацінне’ (астрав., Сл. ПЗБ), польск. piega, н.-луж. pěga, в.-луж. piha, чэш. píha, славац. peha, балг. пе́га ’вяснушка’, славен. pẹ́ga ’вяснушка, пляма’, макед. пега ’тс’, серб.-харв. пе̏га ’вяснушка; брудная пляма’, сюды ж рус. пе́гий ’плямісты; пярэсты; рабы’, ст.-слав. пѣготы ’праказа, нарывы’. Прасл. *pěga і прыметнік *pěgъ узыходзяць да і.-е. *poi̯g‑/*pei̯g (з якімі звязана аснова *pig‑ у ст.-інд. piṅga ’чырвона-карычневы’, piŋgas, piŋgalás, piñjaras ’залаціста-жоўты’, лац. pingō ’малюю, вышываю’, ст.-грэч. πίγγαλος ’яшчарка’), паралельнага да і.-е. *pei̯kʼ‑ > што дало прасл. *pьsati, першапачатковае значэнне якога было ’маляваць’, параўн. укр. пи́санка ’размаляванае велікоднае яйка’, рус. писать (картину) ’маляваць’. Адзінкавая фіксацыя бел. пе́гі, відаць, сведчыць пра запазычанне з польск. piegi ’вяснушкі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)