Кляве́ц ’малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос’ (ТСБМ, Янк. I, Яруш., Мядзв., Гарэц., Нік. Очерки, ЭШ, рук., Бяльк., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. клевець, рус. клевец, ст.-рус. клевець ’тс’, польск. klewiec ’тс’. Польская форма, відаць, са старажытнарускай. Такім чынам, можна гаварыць толькі аб усходнеславянскай інавацыі. Фармальна здаецца ўтварэннем з дапамогай вельмі прадуктыўнага суфікса ‑ьcь ад klьvati. Аднак, паколькі суфікс ‑ьcь можа ўтвараць назоўнікі ад прыметнікаў (slěpьcь < slěpъ, mъrtvьcь < mъrtvъ), верагоднай з’яўляецца і іншая этымалогія: *kъlevъ + ‑ьcь > kъlevьcь > klevьcь. У сваю чаргу *kъlevъ прыметнік, утвораны рэгулярна (суфікс ‑evъ) ад kъl ’зуб’. Цікава, што рус. клевец мае значэнне ’зуб у баране, граблях’. Адносна ўтварэнняў на ‑ьcь параўн. SP, 1, 99–100; Мартынаў, Прасл. дерив., 29.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)