Заўча́сна, дыял. заўча́су (Сл. паўн.-зах.). Укр. завчасно, завчасу, польск. za wcześnie, zawczas(u), чэш. zavčasu ’заўчасна’, славац. zavčas(u) ’хутка’, н.-луж. zawcasa ’своечасова, рана’. Заўчасна ад прыметніка заўчасны, утворанага з прыслоўя (ці прыслоўнага выразу) заўчасу (za + vъ‑čas‑u) ці za + vъ‑časъ; параўн. у час ’своечасова’. Пашырэнне на зах.-слав., бел. і ўкр. тэрыторыях можа тлумачыцца ці як агульная інавацыя для моў, у якіх час (гл.) атрымала значэнне ’tempus’ у адрозненне ад моў, дзе гэту функцыю маюць словы тыпу рус. время (параўн. вовремя, заблаговременно), альбо як запазычанне ў бел. і ўкр. з польск., дзе зах.-слав. форма. У карысць апошняга можа сведчыць выкарыстанне за ў знач. ’надта’. Брукнер, 646, 73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)