спрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вопыт, практычныя веды ў якой‑н. галіне. Гэта быў стары спрактыкаваны паравознік, адзін з тых, пра каго кажуць: «Ну, гэты сабаку з’еў у сваёй справе!» Васілёнак. [Кляпнёў:] — Прашу! — і рухам спрактыкаванага падавальшчыка кінуў паднос на столік, паставіў пляшку. Шамякін. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Колас. // Бывалы, умудроны жыццём. Драпеза быў ужо спакойны, і ў апошніх словах чуліся нават павучальныя ноткі чалавека бывалага і спрактыкаванага. Паслядовіч. Але спрактыкаваныя бацькі, як ні шкода было дзяцей, не згадзіліся ляцець наўздагон за імі. Пальчэўскі. // Пра рукі, вочы і пад. чалавека, які мае вялікі працоўны або жыццёвы вопыт. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнкі і пачала забаўляць. Даніленка. Скрыгануўшы каўшом аб нешта цвёрдае, Грыша спрактыкаваным вокам вызначыў, што гэта стары падмурак. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стогн, ‑у, м.

1. Жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам; выражэнне пакуты, адчаю. [Гжэцкі] не пачуў майго стогну, калі паласавалі і калечылі цела, бо нават стогн быў бы таксама яго перамогай. Скрыган. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Віці] нічога больш, апроч нейкага стогну. Брыль. Гарпіна павяла Ніну ў другі пакой і там пачала аперацыю. Адтуль чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач. // перан. Працяглы гук, шум, гул і пад. Раптам грымнула, нібы стрэл гарматы — «ггу-уухх», і цяжкім стогнам аддалося ва ўсіх канцах лесу. Дуброўскі. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка. Бядуля.

2. перан. Скарга, нараканне. Перад кім, ой, кім Расчыню душу? Стогн бяды, нуды У думках заглушу? Купала. З кожных вуснаў людскіх Хоча вырвацца крык, Стогн збалелай душы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцёк, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцякаць — сцячы; цячэнне вады па нахіленай плоскасці. — У гэтым і ўся сутнасць, — сцвердзіў Пажытны. — Хоць траншэя тут асабліва, глыбокая, але затое дадзім вадзе сцёк. Сапрыка.

2. Спец. Колькасць вады, што сцякае ў раку, возера, акіян за пэўны перыяд. Нават прэснай вады на Зямлі больш чым даволі — з агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк планеты можна яе выдаць кожнаму чалавеку па дзесяць тысяч кубаметраў. «Полымя».

3. Рышток, рына, раўчук і пад., па якіх сцякае вада. Пад лямант, што чуўся з пральні, ён ужо быў дабраўся да памыйнага сцёку сярод двара, калі яму сустрэлася другая прыкрасць. Брыль.

4. Уст. і спец. Маса вадкасці, якая сцякае адкуль‑н.; паток. Забруджванне ракі сцёкамі з прамысловых прадпрыемстваў забараняецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́нец, ‑нца, м.

1. Від мастацтва, у якім мастацкі вобраз ствараецца сродкамі пластычных рухаў і рытмічнай змены выразных пастаў цела чалавека. Пластычны танец. Класічны танец.

2. Сукупнасць рытмічных і пластычных рухаў пэўнага тэмпу і формы, якія выконваюцца ў такт музыкі, а таксама музыка да гэтых рухаў. Беларускі танец. Украінскі танец. Вальны танец. □ Танцавальны калектыў калгаса «Камінтэрн» .. паказаў танец «Кросны», у якім расказваецца аб майстэрстве ткачых. «Беларусь».

3. Музычны твор у рытме, стылі і тэмпе музыкі да такіх рукаў. Венгерскія танцы Брамса.

4. толькі мн. (та́нцы, ‑аў). Забавы, у час якіх удзельнікі робяць такія рухі, танцуюць; танцавальны вечар. Цяпер жа ў вёсцы танцаў не было, і Валодзя быў нават здаволены. Федасеенка.

•••

Ні да танца, ні да ружанца — пра няўмелага, ні на што не здатнага чалавека.

[Польск. taniec ад ням. Tanz.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

твань, ‑і, ж.

Дрыгва, багністае месца. Перад хлопцамі ляжала гнілая зыбучая твань. Гамолка. Як у той час [вясной 1941 года] .. [Нікодыма] радавала і хвалявала кожная асушаная пядзя зямлі, дык цяпер, наадварот, ён нецярпліва чакаў, каб гэтая зямля зноў ператварылася ў першабытную твань, па якой не прашыецца на Воўчую выспу нават мыш. «Беларусь». Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца. Броўка. Залезлі [маці з Алёшкам] па самую шыю ў густую рыжую твань і сядзелі там, аж пакуль па іх не напароліся карнікі. Сачанка. // Гразь. Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань па чыстай бягучай вадзе. Колас. // Ціна. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі .. Ногі слізгаюцца па жэрдках, якія абраслі пад вадой зялёнай тванню. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыра́н, ‑а, м.

1. Аднаасобны правіцель у Старажытнай Грэцыі, Рыме і гарадах-рэспубліках Італіі 13–16 стст., які захапіў уладу сілай.

2. Правіцель, улада якога заснавана на дэспатызме і гвалце. Капайце яму, далакопы, Каб у яе халодны жвір Упаў павек тыран Еўропы, Крывавы прывід і вампір! Колас. Наступіла вясна для народа, які перанёс цяжкае рабства турэцкіх заваёўнікаў і жорсткасць фашысцкіх тыранаў. «Беларусь». // Прыгнятальнік. Зашумеў лес разгуканы, Нівы задрыжалі. Задрыжалі і тыраны, Што бяду стваралі. Купала. Аддайце мне волю, тыраны, а не — дык вазьму яе сам. Таўлай.

3. перан. Жорсткі, дэспатычны чалавек, які здзекуецца з каго‑н., прычыняе мукі каму‑н. [Клава] гарэла нянавісцю да свайго айчыма Сёмкі Фартушніка — скнары і хатняга тырана, які ператварыў жыццё яе маці ў пакуту, які за грошы прадаваў нават уласную жонку. Кудраўцаў.

[Грэч. tyrannos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчамі́цца, ушчамлюся, ушчэмішся, ушчэміцца; зак.

1. Аказацца заціснутым, сціснутым з двух бакоў; зашчаміцца. [Свіння] то ўшчэміцца ў плот, то ўлезе ў шкоду, то раптам выпрастаецца на дарозе і імчыцца нема-ведама куды. Чарнышэвіч. Левая нага мая ушчамілася паміж бярозак. Жычка. // Уціснуцца, усунуцца; прымасціцца дзе‑н. [Ірма:] — Ведаю, цябе зноў цягне мора. Але сёння пасля шторму, там [на пляжы] з лежаком не ўшчэмішся. Карамазаў. Ніхто ў цягніку не спаў. Нават тых, каму пашэнціла ўшчаміцца і расцягнуцца на верхніх паліцах, не браў сон. Грахоўскі.

2. Трапіць куды‑н., апынуцца ў цяжкім становішчы. [Шабета:] — К[о]жны, як толькі ў пастку ўшчэміцца, авечкай стаць хоча... Мележ. // перан. Уладкавацца на работу. — Хваліўся [Покат] мне, — падхапіў Галаўня, — што быў на Урале, у шахце. І адтуль, відаць, выкурылі. Цяпер да нас хацеў ушчаміцца. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́баш, ‑у, м.

У сярэдневяковых павер’ях — начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, — няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д’ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Сачанка. // перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. У .. [Сашкі] астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Няхай.

шаба́ш, ‑у́, м.

Разм.

1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку. Працягла гуў гудок на шабаш. Шынклер.

2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец. — Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас. // шаба́ш! Вокліч, каманда канчаць работу. — Шабаш, хлопцы! — падаў каманду Лапцін. Савіцкі.

[Стараж.-яўр.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жу́ржа 1 ’дзіцячая цацка: косць з парасячай ці авечай нагі, у якой пракручваецца дзірка, у дзірку зацягваецца нітка. Нітку накручваюць і расцягваюць; расцягваючыся, нітка раскручваецца і прыводзіць у рух костачку. Костачка круціцца і вурчыць, «журжыць»’ (Бяльк.). Параўн. рус. раст. журже́лка ’дзіцячая цацка з косці’, ’бабка для гульні’. Параўн. жужу́лачкі ’цацкі з касцей’, жураўка ’калодка з дзіркай у прыладах’. Тлумачэнне рэаліі вядзе да сувязі з дзеясловам *журжаць (параўн. рус. варонеж., кур. журжать ’гусці’), але ці не народная гэта этымалогія, асабліва калі ўлічыць словы жураўка, жужулачкі? Ці няма тут адлюстравання і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ з пашырэннем ‑r‑ (Покарны, 1, 393–397)? Параўн. літ. gauras, лат. gauri ’валасы на целе’, літ. ’ільняное валакно’, с.-іран. gūaire ’кучары’, нарв. kaure ’тс’. Няясна. Гл. яшчэ жу́ржа 2.

Жу́ржа 2 ’распусніца’ (Бяльк.), ’непаседлівая жанчына’ (Юрч., Нар. вытв. сл.). Рус. валаг., перм., сарат. журжа ’распусніца, каханка’, без месца ’буркун’, калуж. журжавый ’бурклівы’. Значэнне ’непаседлівасці’, а таксама пашыранасць там жа, дзе журжа 1 ’цацка, што круціцца’, вядзе да сцвярджэння аб сувязі гэтых амонімаў паводле «паводзін». Аднак рус. значэнне ’бурклівы’ вядзе да магчымай сувязі з «гукавым» бокам цацкі, а пашырэнне на далёкіх рус. арэалах, дзе не зафіксавана адпаведная цацка, дазваляе нават меркаваць аб самастойным развіцці там слова журжа на базе дзеяслова тыпу журить з экспрэсіўным падваеннем зычнай: *журжить ’бурчаць’, а магчыма, і ’многа гаварыць’. Параўн. кубан. журба ’журлівы чалавек’. Калі ж журжа 2 — агульнае ўсх.-слав. слова, сувязь з журжа 1, відаць, другасная, а першаснае значэнне журжа 2, магчыма, ’каханка’ (’тая, пра якую журбота, клопат, туга’), адкуль ’распусніца’. Фіналь ‑жа можна разглядаць і як суфікс (параўн. любжа ’зёлкі для любві’, Гарэц.; Сцяцко, Афікс. наз., 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прызна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Па якіх‑н. знешніх прыкметах выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. знаёмага або што‑н. знаёмае; пазнаць. [Марыя Іванаўна] добра да яго прыгледзелася, нават падышла бліжэй і з вялікім здзіўленнем прызнала ў ім былога ахоўніка завода. Няхай. Ледзь прызнаў яе. Некалі бачыў маленькай дзяўчынкай, а цяпер — нявеста. Пянкрат. Але Крыма сады, Як жа іх не прызнаць, І з якімі садамі Яны параўнаюцца?! Тарас.

2. каго-што. Палічыць кім‑, чым‑н., за каго‑, што‑н., якім‑н. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Мележ. І не такі .. [Мартын] чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Колас.

3. каго-што. Палічыць законным, зацвердзіць сваёй згодай права на існаванне чаго‑н. Прызнаць дзяржаву. □ Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

4. каго-што. Ацаніць каго‑, што‑н. па заслугах. І ўсё ж... карціну не прызналі; Адна з прычын тае бяды: Блакіт і сонца — ўсе дэталі Не з неба ўзяты, а з вады. Непачаловіч.

5. што і з дадан. сказам. Дапусціць рэальнасць, наяўнасці, чаго‑н.; згадзіцца з чым‑н. Прызнаць свае памылкі. □ [Хлапец] з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!.. Мележ. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Колас. Чалавек сумленны, Міхал таксама не мог не прызнаць, што начальнік цэха меў рацыю. Карпаў. // Прыйсці да якога‑н. заключэння, вываду; устанавіць. Жанчына ляжала, як нежывая. — Ад хворых нерваў, — прызнаў доктар. Чорны. Грышка рад, бо ўсе прызналі, Што найлепшы ён стралок. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)