стогн, ‑у, м.
1. Жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам; выражэнне пакуты, адчаю. [Гжэцкі] не пачуў майго стогну, калі паласавалі і калечылі цела, бо нават стогн быў бы таксама яго перамогай. Скрыган. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Віці] нічога больш, апроч нейкага стогну. Брыль. Гарпіна павяла Ніну ў другі пакой і там пачала аперацыю. Адтуль чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач. // перан. Працяглы гук, шум, гул і пад. Раптам грымнула, нібы стрэл гарматы — «ггу-уухх», і цяжкім стогнам аддалося ва ўсіх канцах лесу. Дуброўскі. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка. Бядуля.
2. перан. Скарга, нараканне. Перад кім, ой, кім Расчыню душу? Стогн бяды, нуды У думках заглушу? Купала. З кожных вуснаў людскіх Хоча вырвацца крык, Стогн збалелай душы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)