ускла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак.

1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго‑н. Ускласці плуг на калёсы. Ускласці рэчы на воз. □ [Антон] нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. Быкаў. Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. Галавач.

2. што. Урачыста пакласці. У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В. Вольскі. І прыйдуць сюды піянеры са школы Ускласці на помнік вянкі. Тарас.

3. што. Даручыць што‑н. каму‑н. На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. Дуброўскі.

4. што. Абл. Надзець. Ганна Сымонаўна.. другі раз у жыцці апранула шлюбную сукенку. Затым усклала на шыю пацеркі, а яны ж — у некалькі радоў! Дубоўка.

•••

Ускласці (узваліць) на плечы каго, чые, каму — абцяжарыць чым‑н., звычайна справамі, працай, клопатамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Застацца цэлым, непашкоджаным, не разбурыцца. Сяло ўцалела, не было відаць ніводнай спаленай хаты, каля сцен хат весела зелянелі клёна, ліпы і вастраверхія ігрушы. Мележ. Дом гэты, адзін з нямногіх у цэнтральнай частцы горада, уцалеў пасля варварскіх бамбардзіровак. В. Вольскі. // Аказацца ў наяўнасці, незрасходаваным. Пасядзяць, пагавораць людзі.. ды папросяцца за стол.. Якраз слоік баравічкоў ўцалеў, у гарлачыку мёду трохі. Гроднеў. // Не быць знішчанымі, згубленымі; зберагчыся. Захавалася вельмі мала сатырычных тэкстаў XVII стагоддзя.. Уцалела па некалькі спісаў «Прамовы Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Казека. Яны [артысты] падаставалі з матчыных скрыняў, калі яна ў каго ўцалела, кашулі-вышыванкі, шаўковыя каснікі, фартушкі і кофтачкі. Няхай. // Застацца жывым, не загінуць. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі.. уцалелі. Гурскі. Адно думала [жанчына] і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі... М. Стральцоў. // Пазбегнуць чаго‑н., не падвяргацца чаму‑н. Уцалець ад суда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Спец. Які мае адносіны да ходу (у 1 знач.); звязаны з рухам, перамяшчэннем. Хадавая сістэма аўтамабіля. □ Такую машыну Дзмітрый вёў упершыню. І ўжо на першых кіламетрах ацаніў яе хадавыя якасці. Беразняк. // Патрэбны для праходжання якой‑н. адлегласці (пра час). Хадавыя гадзіны карабля. // Звязаны з кіраваннем судна ў час яго руху. Хадавая рубка. Хадавы мосцік.

2. Які знаходзіцца на хаду, у эксплуатацыі. Хадавы транспарт. Хадавыя машыны.

3. Спец. Рухомы, не замацаваны ў пэўным месцы. Хадавы вал. Хадавое крыло невада.

4. Разм. Які мае вялікі попыт. Хадавы тавар. Хадавыя размеры абутку. // Шырока вядомы, пашыраны; які часта выкарыстоўваецца. Хадавая тэма. Хадавыя выразы. □ У крытыцы ёсць некалькі хадавых схем, якія лёгка прыкладаюцца да пейзажу любога твора. Шкраба.

5. Разм. Які многа дзе бываў, ведае справу. [Андрэй:] — Агапа жанчына хадавая, трэба ў яе запытаць. Чарнышэвіч.

6. Спец. Звязаны з перамяшчэннем у пэўны перыяд у пэўным кірунку. Хадавая рыба. Хадавы алень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надзе́і ’дажджавыя чэрві’ (в.-дзв., расон., Сл. ПЗБ), рус. надей ’ўсё, што надаецца для прынады на вуду (чарвякі, матыль і пад.)’, ’чарвякі, вусені’, ’гнаявыя чарвякі’, ’глісты’, надейна ’чарвяк; вусень’, ’земляны чарвяк’. Цёмнае слова. Можа выказаць некалькі версій, якія пры адсутнасці надзейнай этымалогіі маюць права на існаванне. Магчымая версія — ад надзець, параўн. ст.-слав. надѣти трьвь на жднцж, тады да *άέϋ, форма адз. л. магла быць аманімічнай назоўніку надзея ’спадзяванне’, параўн. у сувязі з гэтым звязанае з рыбалоўствам на́жа ’ўдача’: на езі нема нажы, не ловяцца (ТС), а таксама рус. надены ’надзеі’ і наденка, надеенка ’земляны чарвяк’, г. зн. магчыма табуізацыя сапраўднай назвы і яе замены эўфемізмам з мэтай «паспрыяць» рыбнай лоўлі. Аднак нечаканая смаленская паралель гнадейка ’дажджавы чарвяк’ (СОС, 2) з пачатковым г прымушае разгледзець і іншыя магчымасці этымалагізацыі слова, пры якіх улічваецца гэты факт, што можа атрымаць розную інтэрпрэтацыю. Паводле Мяркулавай, побач з шырока вядомым у славянскіх мовах працэсам з’яўлення g- пратэтычнага перад плаўнымі маюцца выпадкі страты этымалагічнага g перад n і l (Этимология–1983, 67–68; спецыяльна: Пятлёва И. П. К вопросу о g протетическом в слав. яз. Этимология–1976, 51–55), параўн. ніда ’гніда’ (Сл. ПЗБ). Калі прыняць у якасці зыходнай форму з г‑, то можна яе выводзіць са спалучэння к надзе (ад надзіць ’прыманьваць’, параўн. пры‑нада ’прыманка’), падобна да таго, як рус. дыял. гнадобить ’берагчы, капіць’ выводзяць са спалучэння к надобе, пры надоба ’патрэбная рэч’ (Фасмер, 1, 410), або славен. gnaditi (= naditi) ’загартоўваць’ параўноўваюць з серб.-харв. кнадити і пад. (Дэбеляк, Predpone, 173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́сма, па́смо, па́сьмонекалькі нітак ці валокнаў, складзеных уздоўж’, ’трыццаць нітак’, ’пучок валасоў’ (ТСБМ, Маш., Шат., Касп., Бяльк., Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС; слуц. КЭС), ’змятая жменя льну’ (Яруш., Бес., Уладз., Мядзв.), ’галун’ (Яруш.), ’12 пар нітак у кроснах’ (КЭС, лаг.), каслаўка, пучок’ (КЭС, лаг.; Ян.), ’мера палатна ў шырыню’ (кобр., Сл. Брэс.; Ян.), глус. па́сьмяне ’трыццаць нітак’ (Янк. Мат.). Укр. па́смо, рус. пасмо, пасманка, пасменка, па́сменный, пасмёнок, пасменник, польск., н.-, в.-луж. pasmo, чэш., славац. pásmo, славен. pásmo, серб.-харв. па̏смо, макед. пасмо́, балг. пасмо́. Паводле Фасмера (3, 212), прасл. pasmo, якое з’яўляецца роднасным да лат. puõsms, puõsmis ’прасла ў плоце’. Трубачоў (Ремесл. терм., 102–103) лічыць, што прасл. pasmo — другасная форма ў адносінах да больш поўнай pasmę (Р. скл. pasmene), а лат. puõsms ’дробка льну, адбеленая ад кудзелі’, як і літ. põsmas ’пасма’, запазычаны са слав. моў. Адносна апошняга гэтаксама мяркуе і Махэк₂ (436). Аткупшчыкоў (Из истории, 260) сумняваецца ў старажытнасці суфікса ‑*men‑ у гэтым слове і лічыць, што рус. пасменка — больш позняе паводле свайго ўтварэння з другасным суфіксам ‑men‑. Аднак гэтаму, відаць, супярэчыць і наяўнасць бел. глус. па́сьмяне. Адносна этымалогіі прасл. pasmę (< *patsmnen) Трубачоў (Ремесл. терм., 102) выказвае дапушчэнне яго роднаснасці з герм. *faþma‑ ’пэўная колькасць пражы’ (> ст.-в.-ням. fadum, суч. ням. Faden ’нітка’) < і.-е. *pet‑/*pot‑. Іншыя ў якасці роднасных прыводзяць ст.-іран. afsman‑ ’верш (у гатах), вершаваны радок’, пачатак якога afs‑ узыходзіць да pas‑. Гэты корань у авесце азначае ’блытаць; путаць, умацоўваць адно на адным’ (Махэк₂, 436).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тваро́г ’прадукт харчавання з кіслага малака пасля адтоплівання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), тво́раг ’тс’ (Нас., Нік. Очерки, Касп., Растарг.), ’густыя часці малака’ (Ласт.), тво́рах ’тс’ (полац., Нар. сл.), творо́г, творі́х, твору́г, атваро́г, отворо́г ’малочная тварожная маса; страва з такой масы, размешанай са смятанай або малаком’ (Лекс. Бел. Палесся). Укр. дыял. тва́рог ’тварожная маса’, рус. тво́ро́г ’тс’, польск. twaróg, н.-луж. twarog, в.-луж. twaroh, чэш., славац. tvaroh, ст.-слав. тварогъ. Існуе некалькі версій паходжання слова. Згодна з асноўнай версіяй, прасл. (дыял.?) *tvarogъ/*tvorogъ ’тварог’ утворана ад асновы *tvar‑/*tvor‑ ’твор, форма’ з дапамогай суфікса *‑og‑ъ (ён жа ў *pirogъ ’пірог’, *ostrogъ ’астрог’), аснова слова звязана з *tvoriti ’тварыць, надаваць форму’, гл. твары́ць1. Адносна развіцця семантыкі параўн. італ. formaggie ’сыр’, франц. formage ’тс’ < нар.-лац. formaticum ’тс’ < лац. forma ’форма’ (Фасмер, 4, 31, Брукнер, 586; Слаўскі, SP, 1, 67; Шустар-Шэўц, 1563; Борысь, 656; ЕСУМ, 5, 530–531; Чарных, 2, 231). Паводле іншых версій, лічыцца роднасным да грэч. τυρός ’сыр’, авест. tūiri‑ ’сселае малако’ (адносна гэтай версіі гл. Гамкрэлідзэ–Іваноў, 570 і інш.), а таксама мяркуецца, што можа быць запазычаннем з цюркскіх моў, параўн. чагат. торак ’сыр’ (Махэк₂, 662; Міклашыч, 366 і інш.; ЕСУМ, 5, 530–531; Чарных, 2, 231; Брукнер, 586). Версію пра славянскае паходжанне, якая грунтуецца і на палескім матэрыяле, прапанаваў Страхаў (Palaeoslavica, 13, 2, 19): у выніку перараскладання *ot‑variti ’аттапіць, адварыць’ > *o‑tvariti, параўн. балг. изва́ра, отва́ра ’тварог’, чэш. svaroh ’тс’ (< svařiti se ’зварыцца’), рус. дыял. сваро́к ’тварог’, адкуль палес. атварог і пазнейшыя формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак.

1. што. Агледзець, выпрабаваць, ацаніць многія прадметы, з’явы. Вера падышла да кніжнай паліцы. Перабрала некалькі кніг, як бы гэтым вывучаючы мае густы. Скрыган. [Крыловіч] перабраў усе інструменты, лёгка і ўмела выконваючы на іх розныя мелодыі. Рамановіч. Мы перабралі самыя розныя варыянты, але ні адзін не падыходзіў. С. Александровіч.

2. што. Адсартаваць, аддзяліць ад агульнай масы недабраякаснае, іншароднае. Перабраць бульбу. □ [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка. // Разабраць па дэталях і, замяніўшы непрыгодныя, сабраць нанава; перасыпаць. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці падваліны, перабраць сцены — замяніць некаторыя бярв[ёны] здаровымі. Мележ. Пятрок Дэраш, які ў чаканні сяўбы за апошнія тры дні перабраў, перамацаў, перамыў і .. змазаў кожную дэтальку свайго дызеля, сам вызваўся паехаць з Кухтам. Хадановіч.

3. што, чаго і без дап. Узяць больш, чым трэба, занадта многа. Перабраць тавараў. Перабраць фонд зарплаты. □ — Дык у вас жа няма грошай, — сказаў .. [Собіч]. — Вы нават перабралі ў нас [бухгалтэрыі]. Можа сёння пералічылі, дык давайце ваша плацёжнае даручэнне. Скрыган. // без дап. Разм. Зрабіць што‑н. звыш меры; перадаць, перастарацца. — Вельмі перабярэш ты на рабоце, — думаў Васіль. «ЛіМ». Сам гаспадар здорава перабраў і, не распранаючыся, зваліўся ў ложак. Сіняўскі. [Бялькевіч:] — Ну, гэта... Ну, што выпіў. Перабраў, бясспрэчна, крыху. Савіцкі.

4. што. Зрабіць у друкарні новы набор таго, што было набрана. Перабраць абзац.

5. чым. Зрабіць некалькі аднолькавых рухаў рукамі, нагамі. Лётае на ўзлеску матылёк. Вось ён сеў на бліскуча-зялёны ліст. Павёў крылцамі, перабраў ножкамі. Аляхновіч. // Даткнуцца, дакрануцца да частак чаго‑н., перахопліваючы іх адну за адной пальцамі. Цяпер.. [Вера] не ведала, што сказаць.. Яна разгублена паправіла дрэнна прычасаныя валасы, перабрала ўсе гузікі на сваёй кофце зверху ўніз. Дуброўскі. [Бычыха] перамацала, перабрала пальцамі ўсе ражкі і закуткі [сумкі]. Кулакоўскі.

6. каго. Перасяліць, перавесці ў іншае памяшканне. У наступным тыдні Зусь перабраў рабочых у новую майстэрню. Мурашка. Не чакалі доўга — як і гаварылі, перабралі старую маці ў Новалукомль. Мыслівец.

•••

Перабраць меру — зрабіць лішняе; хапіць цераз край.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ціснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Сціснуўшы, выпусціць, прымусіць выйсці на паверхню. Выціснуць сок з лімона. // перан. З цяжкасцю, вымушана сказаць што‑н., праявіць якое‑н. пачуццё. Настаўнік адчуваў сябе няёмка, але ўсё ж здолеў выціснуць некалькі слоў: — Дзіця.. [Ліда] яшчэ. Усё гэта пройдзе ў яе. Колас. [Касмыль] уздыхнуў і выціснуў на твары нешта падобнае на ўсмешку. Лынькоў. // перан. З цяжкасцю атрымаць што‑н. Калі б нават і ўдалося выціснуць з гаспадаркі патрэбныя для гэтага сто восемдзесят рублёў, дык ніколі не хопіць у старога адвагі аддаць зараз гэтакую кучу грошай. Крапіва.

2. Выдушыць; выламаць. Выціснуць шыбу ў акне.

3. Праціскаючы, выштурхнуць адкуль‑н. // перан. З дапамогай адпаведных захадаў прымусіць выйсці, выехаць, спыніць якую‑н. дзейнасць. Выціснуць з рынку збыту.

4. перан. Замяніць сабою; выцесніць. Гэтая думка [паехаць на цягніку] выціснула ў.. [Сцёпкі] ўсе іншыя думкі. Колас.

5. Зрабіць што‑н. пры дапамозе ціснення. Выціснуць надпіс залатымі літарамі.

6. Спец. Здабыць прэсаваннем. Выціснуць алею.

•••

Выціснуць слязу — заплакаць для паказу.

Выціснуць усе сокі — абяссіліць празмернай работай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. аду́жай зак., каго-што.

1. Падужаць, перамагчы, адолець, узяць верх над кім‑, чым‑н.; справіцца з кім‑, чым‑н. Пачуў [Васіль], як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Мележ. Што нам мяцеліца, Вецер і сцюжа? Што маладосць нашу Зможа адужаць? А. Александровіч. // Авалодаць якім‑н. рамяством, умельствам. [Дзед:] — Малады яшчэ ты дужа падымаць у кузні молат. Рамяство маё адужаць — гэта іншая размова. Дубоўка.

2. Змагчы, здолець. Конь такі, што гадай, ці адужае прывалачы столькі лесу. Мележ. [Гіляр:] — Я згодзен ісці пехатой да самых Бацяновіч і несці на сябе столькі арэхаў, колькі адужаю, абы ў нас сталася так, як тут. Дубоўка.

адужа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; заг. адужа́й; зак.

Набрацца сілы; ачуняць пасля хваробы. Мы адлятаць гатовы ў родны край, Туды, дзе адужалі нашы крылы. Барадулін. Каб адужалі дрэўцы, Каб цешыліся сэрцы, Калі там зашуміць здалёк Зялёны хвойнік ці гаёк. Лужанін. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казёл, ‑зла, м.

1. Самец казы. Стралец расказвае: — Сёння з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казлянятамі ды стары казёл барадаты. Якімовіч.

2. Дзікая млекакормячая жывёліна сямейства пустарогіх, якая водзіцца звычайна ў гарах.

3. Разм. Род гульні ў карты, даміно. Пасля абеду на палубе першага класа пачалі стукаць «казла» — настрой узрушаны, воклічы. Мележ.

4. Метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.

5. Гімнастычны снарад у выглядзе кароткага, абабітага скурай бруса на чатырох высокіх ножках.

6. Разм. Род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўса, састаўленых пэўным чынам для прасушвання.

7. Разм. Тое, што і казляк. Назбіраць казлоў.

8. Разм. Легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці. «Казёл» выпісаў круг на плошчы і спыніўся каля адной крамы. Ермаловіч.

•••

Казёл адпушчэння — пра чалавека, на якога заўсёды звальваюць чужую віну, адказнасць за правіннасць.

Казлы драць гл. драць.

Пусціць казла ў агарод гл. пусціць.

Як з казла малака з каго — пра таго, хто не прыносіць ніякай карысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)