наткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Наскочыць, напароцца на што‑н. вострае. Наткнуцца на сук.

2. Рухаючыся, нечакана наскочыць на каго‑, што‑н. (на якую‑н. перашкоду). Страляючы перад сабою, Мішка выскачыў на палянку, наткнуўся на нешта цвёрдае і ўпаў. Паслядовіч. Ідзе [юнак] па тратуару і аглядваецца назад. Заглядзеўся і наткнуўся на вусатага дзядзьку з гаспадарчай сумкай. — Малады чалавек, не страляйце варон. Пянкрат.

3. перан. Рухаючыся, нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., набрысці на каго‑, што‑н. Познім адвячоркам абоз нечакана наткнуўся на варожую засаду. Якімовіч. Ішлі мы неяк вясной групай па лесе і наткнуліся на немцаў. Карпюк. // Нечакана, выпадкова выявіць, знайсці што‑н. Толькі ў канцы вайны неяк праглядаючы ў газеце спіс узнагароджаных Урадам партызан, Марынка нечакана наткнулася на .. прозвішча [Паходні]. Хадкевіч. Да дна ператрос чамадан у зацішку. Тут раптам вачыма наткнуўся на кніжку. Арочка. // Разм. Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. на сваім жыццёвым шляху, у сваёй дзейнасці. У Міколы быў горкі вопыт. Летась ён уцякаў і папаўся.. На першым польскім хутары яго накрылі. Багаты хутаранін, пакуль жонка карміла ўцекачоў,.. прывёў з недалёкага маёнтка салдатаў... Ды для Калодкі гэта быў не доказ. — На аднаго сабаку наткнуўся, дык думаеш, што ўсе такія. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́зга1 ро́ска, ро́зґа, ро́зка, ро́жґа ’тонкая гнуткая галінка, дубчык, дубец’, (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., Нар. Гом., ТС, ПСл; пін., Шатал.; Байк. і Некр., Мат. Гом., Жд. 1, Сл. ПЗБ), ро́ска, ро́скі ’вітка (на калках плота)’ (чэрв., ЛА, 4). Укр. рі́зка ’галінка’, ’дубец для пакарання’, рус. ро́зга ’тс’, ’парастак, атожылак’, стараж.-рус. розга, польск. rózga ’тс’, н.-луж. rozga ’сухая галіна’, палаб. rözgă, rözgo ’галіна’, ’сук’, ’шост, палка’, ’куст’; чэш. růzha, ст.-чэш. rózka ’аднагадовая галінка’, славац. rázga ’дубец’, славен. rọ̑zga ’малады парастак вярбы’, rọ̑zgva, ròzga ’тс’, серб. ро̏зга і харв. rȍzga ’малады парастак вінаграднай лазы’, ’калок, што падтрымлівае вінаградную лазу’, ’палка, дубіна; дубец, розга; вецце, сухое галлё’, балг. розга́ ’кол, палка, жэрдка’, ст.-слав. розга ’маладая галінка, парастак’, рождиѥ ’сухое галлё, фашына’. Этымалагічна няясна. Звычайна параўноўваюць з літ. règzti, rezgù ’плесці, вязаць’, rẽzgis ’кошык, пляцёнка’, ст.-інд. rájju‑ ’вяроўка, ліна’, лац. restis ’тс’ (Мее-Ваян, 131; Мікала, Berühr., 158; Шэфталявіц, IF, 33, 134; Вальдэ-Гофман, 2, 431). Не пераконвае супастаўленне лексемы розга з лат. razga, razda ’дзяркач, старая мятла’, літ. rãžas ’пень’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 492). Гл. таксама ESJSt, 13, 778 з аглядам версій і літ-рай.

Ро́зга2 ’сумнік звычайны, Solidago virga-aurea L.’ (Кіс.), польск. rózga złota ’тс’, славен. rọ̑zga ’тс’. Да розга1 (гл.) у выніку пераносу значэння паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

крывы́, ‑ая, ‑ое.

1. Выгнуты, з загібамі; не роўны, не прамы. Крывы сук. Крывая шабля. □ Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. У лесе ўсякія дрэвы бываюць. Тое крывое, тое аднабокае. Ермаловіч.

2. Ненармальны, пакалечаны (пра часткі цела). Крывы палец. Крывое плячо. □ Калі ўжо, бывае, няма ніякай работы, — дзед, кульгаючы на крывую левую нагу, абыдзе за дзень усю ваколіцу. Якімовіч.

3. Разм. З пашкоджанай нагой (нагамі); кульгавы. Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч. / у знач. наз. крывы́, ‑ога, м.; крыва́я, ‑ой, ж. Крывы з прамога смяецца. З нар.

4. Перакошаны, пахілены набок. У маленькіх крывых акенцах не ў меру пышна ззяла яснае святло. Зарэцкі. Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. // Які дае скажонае адлюстраванне. Крывое люстэрка.

5. перан. Іранічны, пагардлівы (пра позірк, ўсмешку і пад.). Гледзячы Кірылу проста ў вочы.., незнаёмы спытаў з крывой усмешкай: — Што ж гэта ты, друг сітны, сказаўшы «а», не сказаў «бэ». Не хапіла духу? Шамякін.

6. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж. Спец. Непрамая лінія. Правесці крывую.

7. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж.; чаго. Графічны паказ пры дапамозе крывой лініі суадноснасці колькасных паказчыкаў якога‑н. працэсу. Крывая ападкаў. Крывая тэмпературы.

•••

Глядзець крывым вокам гл. глядзець.

Крывая душа гл. душа.

Крывое кола гл. кола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Друк1 ’друк’ (БРС, Байк. і Некр., Нас., Касп. і інш.). Гэта слова было ўжо ў ст.-бел. (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 102). Укр. друк ’тс’. Запазычанне з польск. druk ’тс’ (а гэта з ням. Druck ’тс’). Бернекер, 1, 99; Кюнэ, Poln., 51; Булыка, Запазыч., 102. Вытворныя адсюль друкава́ць, друка́р, друка́рня і інш. Можна ставіць пытанне, ці гэта самастойныя ўтварэнні ад друк на бел. глебе ці запазычанні таксама з польск. мовы. Булыка (Запазыч., 102) аднёс друкарня, друкаръ, друковати да дэрыватаў (пад друкъ). На с. 15 ён гаворыць, «што прыводзяцца дэрываты, утвораныя на беларускай глебе». Аднак давесці самастойнасць адзначаных бел. слоў немагчыма. Таму іх можна таксама лічыць паланізмамі: друкава́ць (ст.-бел. друковати) < польск. drukować; друка́р (ст.-бел. друкаръ) < польск. drukarz; друкарня (ст.-бел. друкарня) < польск. drukarnia. Для друка́р ёсць сляды яго польск. паходжання (дру́карНас.) або прама ням. Нават друкава́ць магло быць прамым запазычаннем з ням. мовы. Яшчэ Бярында пісаў: «дрꙋкꙋ́ю: з алманска, выбива́ю, албо вытискаю».

Друк2 ’дубіна’ (БРС), дрюк ’тс’ (Бяльк.). Рус. друк, дрюк, укр. друк, дрюк, чэш. drouk ’жалезны прут, шпень’, славац. drúk ’кол, жэрдка’, балг. дыял. дрък ’сцябло кукурузы’, серб.-харв. друк ’даволі тоўсты кол’. Прасл. *drǫkъ ’друк і да т. п.’ Гэта форма лічыцца варыянтнай (другаснай; паводле Фасмера, 1, 544, узнікла пад уплывам *sǫkъсук’) да прасл. *drǫgъ ’тс’ (якая суадносіцца з дзеясловам *dręgati). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 130–131, 129–130. Сюды памяншальнае дручок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расо́ха ’дрэва з раздвоеным ствалом, развіліна’, ’два дрэвы з аднаго кораня’, ’спарыш’, ’дэталь у ткацкім станку’ (ТСБМ; калінк., люб., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’разгалінаванне дрэва; месца, дзе зліваюцца ці разыходзяцца дзве пратокі, рэчкі’, ’крываногае дзіця’, росо́ха, рассо́ха (ТС), ро́суха ’разгалінаванае дрэва’ (Сл. ПЗБ), расо́шка ’вілы, любы прадмет з рожкамі’ (ТС). Параўн. укр. розсо́ха ’вілкі’, ’ручкі ў сахі’, рус. рассо́ха ’тс’, рус. дыял. россо́ха ’тс’, разсоха ’разгалінаванне’, польск. rosocha ’саха’, в.-луж., н.-луж., чэш. rozsocha ’вілкі’, славац. rozsocha, razsocha ’тс’, серб.-ц.-слав. рассоха ’разгалінаванне’, славен. rázsoha ’вілы’, ’дрэва з абрубанымі сукамі’, razsohe ’вілы для сена’, серб.-харв. ра̏сохе ’вілкі’, балг. ра́зсоха ’развілістае дрэва; вілкі’. Утворана як *roz‑sox(a) з асіміляцыяй ‑z‑ і спрашчэннем групы ‑ss‑: *ros‑sox(a) > rosox(a). Сумніўна ўтварэнне непасрэдна ад саха́ < прасл. *soxa, з магчымым дыялектным націскам на першы склад, як звычайна ўказваецца (Фасмер, 3, 445; Махек₂, 521; Бязлай, 3, 160), паколькі саха, расоха, посах або ст.-слав. посоха, з аднаго боку, захоўваюць у сабе агульнае значэнне ’палка, галіна з раздвоеным канцом’, з другога ж боку развіваюць значэнне канкрэтнай прылады. Напрыклад, саха азначае перад усім ’рала’, прылада для арання’, расоха — ’развілісты сук, галіна’ і ’вілкі’, посах — ’падпора, палка’. Імаверна, зыходнае значэнне для названых форм — ’палка, галіна з раздвоеным канцом’, параўн. літ. šakà ’тс’, лат. saka ’тс’, але і гэта значэнне другаснае да ’тое, што адсечана, расечана, разрэзана’. Прыставачныя формы назоўнікаў, верагодна, утварыліся самастойна, як аддзеяслоўныя, ці то назвы дзеяння ад блізкіх дзеяслоўных форм, што абапіраліся на і.-е. базу *sek‑ ’секчы, рассякаць, рэзаць’ (Брукнер, 506; Страхаў, Palaeoslavica, 13, 1, 6). Далей *orz‑sekti > *orz‑soksa > *orz‑soxa. Параўн. ст.-в.-ням. seh ’нож, меч’. Гл. таксама расаха́ты, расахе́т, саха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. павіс, ‑ла і павіснуў, ‑нула; зак.

1. Зачапіўшыся за што‑н., застацца вісець, утрымлівацца на чым‑н. Павіс снег на галінах. Павіслі слёзы на вейках. □ Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Нарэшце.. [чалавек] ухапіўся рукамі за апошні сук, павіснуў на момант і тады ўжо скокнуў на зямлю. Чыгрынаў. // Абаперціся на каго‑н. усім цяжарам. Лёдзя шчыльней прыхінулася да брата і амаль павісла ў яго на руцэ. Карпаў.

2. Абвіснуць; апусціцца. Павіслі галіны да зямлі. □ Міхась пабялеў.. Чуб яго смешна павіс на правае вуха. Чарнышэвіч. Капітан глядзеў на профіль Колі, у якога над невялікім носам павіс казырок кепкі. Пестрак.

3. Стварыць уражанне чаго‑н. завіслага або нерухомага ў паветры. Павіслі туманы. □ Сіняя страказа, што сядзела на гарлачыку, успырхнула, павісла над вадой. Хомчанка. / Пра нябесныя свяцілы. Над далёкім борам павісла вялікае чырвонае сонца. Грахоўскі. Залатымі яблыкамі павіслі над галавою зоры. Нікановіч. / Пра гукі, пахі. Над вёскай павісла цішыня, толькі на далёкім жытнім палетку перагукваліся перапёлкі. Чарнышэвіч. // перан. Пра якія‑н. пачуцці, прадчуванні. Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога. Колас.

4. Выступіць, навіснуць над чым‑н. Скала павісла над морам. // Нахіліўшыся над чым‑н., звесіцца. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя калгаснікаў. Чорны. // Вісець, будучы прычэпленым, прымацаваным да чаго‑н. Нерухома павіслі пустыя каўшы. Карпаў. Адзін самалёт цягнуў на правым крыле доўгую чорную пасму дыму. Неўзабаве з яго выкінуліся і павіслі на парашутах чорныя кропкі. Паўлаў.

•••

Павіснуць у паветры — застацца нявырашаным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апусці́цца, апушчуся, апусцішся, апусціцца; зак.

1. на што і без дап. Перамясціцца ніжэй, знізіцца. Ніжэй апусцілася асенняе сонца. Шамякін. Торбачка з кнігамі і сшыткамі апусцілася амаль на цяглі. Брыль. Непрагляднае неба, здаецца, апусцілася на стрэхі хат. Пестрак.

2. на што і без дап. Знізіўшыся, сесці на што‑н. Пасля гадзіннага пералёту самалёт апусціўся на [адзін] з аэрадромаў горада. Лынькоў. Чапля апусцілася на вялікі сук каля гнязда. В. Вольскі.

3. Сесці або легчы на што‑н. Пярэднія байцы апусціліся на лёд і папаўзлі. Краўчанка. Анежка апусцілася на невялічкі курганок, навокал аброслы верасамі. Броўка. // Знізіцца, прыняўшы другую паставу. Апусціцца на калені.

4. на што і без дап. Наблізіўшыся да паверхні зямлі, ахінуць, ахутаць што‑н. Вячэрні змрок ужо апусціўся на горад. Хадкевіч. [Дзяўчына:] — А прыходзь, як пацямнее, Як апусцяцца туманы на зямлю. Русак. На двор павольна апусціўся На лёгкіх крылах сон. Корбан.

5. на (у) што. Сысці на ніжэйшае месца, на ніжэйшы паверх. Апусціцца ў вестыбюль.

6. Паглыбіцца ў што‑н., улезці ў сярэдзіну чаго‑н.; паглыбіўшыся, дасягнуць дна. [Андрэй] набраў як мага больш паветра ў лёгкія і апусціўся на дно. Скрыпка. Каршун апусціўся ў ваду аж па самае бруха. В. Вольскі. [Якавенка] падняўся на вежу, апусціўся ў люк. Мележ.

7. без дап. Спусціўшыся, перагарадзіць доступ куды‑н. Заслона апусцілася. Шлагбаум апусціўся. // Пахіліўшыся, звесіцца. Галава апусцілася. Апусцілася зламаная галінка.

8. перан.; без дап. Перастаць клапаціцца пра свой знешні выгляд. Пасля таго, як забралі бацьку, маці зусім апусцілася, ні сама не бралася за венік, ні Ліпачцы не загадвала. Сабаленка. // Дайсці да чаго‑н. непрыстойнага, няўхвальнага. Апусціцца да пошласці.

•••

Апусціцца на дно — аказацца сярод падонкаў грамадства.

Рукі апусціліся ў каго гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

1. Зрабіць гнутым, надаць выгляд дугі, вугла. Сагнуць дрот. □ І ўпершыню мой валасаты прашчур Падняўся і сагнуў рагаты сук. Грахоўскі. Даўней грыўню мог [Сямён Ямкавы] сагнуць пальцамі. Чорны. // Зрабіць што‑н. шляхам згінання. Сагнуць дугу. □ Распарыў [Янка] палазы ў печы. Сагнуў, габлюе цэлы дзень. Корбан. // Нахіліць да зямлі. Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх вецце абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк. Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужаеш. Прыказка.

2. Нахіляючыся, выгнуць спіну. Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Бядуля.

3. Зрабіць згорбленым, згорбіць. Гэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі і не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста і хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій. Шамякін. / у безас. ужыв. Вярнуўся Змітрок у Добры Дуб. Дзеці абадраныя, Хрысціна хваравітая, і самога ледзьве не сагнула. Гроднеў.

4. Скласці пад вуглом у суставе (пра канечнасці). — Дык у мяне ж рука — во! — сагнуў у локці руку Сашка. — Праўда ж, моцны я? Даніленка.

5. Пашкодзіць, зрабіць пагнутым. [Бацька] — Каб ты бачыў, сынок, сашнік сагнуў як ёсць, у камень недзе ўправіўшы. Чорны.

6. перан. Зламаць стойкасць, сілу, зрабіць каго‑н. пакорным. Нястача і гора сагнулі яго. □ Нашых плеч не сагнулі Ні замець, Ні снег, Ні скавыш. Глебка. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць, Зламаць, сагнуць. Танк. Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка.

•••

Сагнуць (скруціць) у бараноў (казіны) рог; сагнуць у дугу; сагнуць у крук; сагнуць у абаранак — уціскам, строгасцю прымусіць каго‑н. пакарыцца, падпарадкавацца.

Сагнуць у тры пагібелі — падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, уціску; прымусіць пакарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стук 1, ‑у, м.

1. Кароткі адрывісты гук ад удару або падзення цвёрдых прадметаў. А сёння падвечар пад самымі вокнамі свайго дома .. [Макар] пачуў ажыўлены гоман, вясёлы смех і стук абуха аб сухое дрэва. Дуброўскі. Прыгадвалася [Сяргею] рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы — вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной. М. Стральцоў. / Пра гукі, якія ўтвараюцца машынай, рознымі механізмамі. Стук цягніка аддаляўся, заціхаў, пакідаючы тут цішыню і пустэчу невялічкай станцыі. Арабей. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч. / Пра гук выстралу (выстралаў). Замоўк той кулямёты стук, Вось-вось яшчэ паўторыцца, баюся. Я пад нагамі згледзеў сук І першы раз цябе спалохаў, бусел. Маляўка. // Шум, які ўтвараецца рытмічнымі скарачэннямі сэрца. [Андрэй] пачуў стук сэрца і адчуў цеплыню ў грудзях. Шамякін.

2. Удар (у дзверы, акно і пад.), які апавяшчае аб прыходзе або просьбе дазволіць зайсці. Не бачыла [настаўніца], як аднаго разу ў клас зайшоў кіраўнік школы, нізенькі, даўганосы. Зайшоў без стуку, не зачыніўшы за сабою дзверы. Адамчык. Да матулі заехаў — пабыць у гасцях. І калі яна выйшла на стук нецярплівы, — Колькі радасці стрэціў у родных вачах! Колькі ўцехі!.. І быў я бясконца шчаслівы. Гілевіч. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Колас.

•••

Ні стуку ні груку — ціха, без шуму.

стук 2, выкл.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! Якімовіч. І ён [Дрозд] забракаваў Вавёрчыну работу, Матывы падабраў і не пусціў у друк. Бяжыць Вавёрка ў рэдакцыю. «Стук, стук!» Да Дзятла. Корбан.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. стукаць — стукнуць. [Уладзік:] — Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! ды на дол. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лут1, луток ’маладая ліпа, сук з ліпы, парастак, лазовы дубец, з якіх можна зняць кару на лыкі’, лу́цік, лу́цце ’скрутак лыка’, ’маладыя тонкія ліпы’, ’кара ліпы’ (Сержп. Грам., Нас., Нік. Очерки, Мікуц., Мядзв., Маш., Янк. БП, Шат., Шн. 1, Шн. 2, Дразд., Гарэц., Бяльк., Касп., Сцяшк. Сл., Шатал., Дэмб. 2, Янк. 1, ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; КЭС, лаг.; рэч., Нар. сл.; маз., З нар. сл.), тураў. лут і «гіперправільнае» лыт (у гэтых гаворках звычайна ы > у: мы́ла > му́ло) ’тс’ (ТС), луце́ц ’закручаны лут’ (КЭС, лаг.), лях. луток, лу́цік, віл. луце́ц ’ручка ў касе’ (Сл. ПЗБ). Укр. лут, лу́ття́ ’луцце’, закарп. лути́на ’дубец’, рус. лут, луть ’лыка, кара ліпы’, лута́ ’ліпа’, лутьё ’маладыя ліпкі’, польск. łęt ’дубец’, łęty, каш. łęta, łątë ’бульбоўнік’, славін. łąt ’кій’, мар. lut ’лыка’, loutka, серб.-харв. lȕtka ’лялька’. Прасл. паўн. lǫtъ, lǫta ’лыка’, ’маладая ліпа’ (Слаўскі, 5, 116–117; Фасмер, 2, 536; Урбуціс, Etiudai, 15), роднаснымі да якіх з’яўляюцца літ. lánta ’венік для лазні’, lentà ’дошка (спачатку ліпавая)’, ст.-в.-ням. linta, linda ’ліпа’, новав.-ням. lind ’лыка’, лац. lentus ’гнуткі, павольны’, алб. landë, lëndë ’лес — будаўнічы матэрыял’. Сюды ж лутовы ’лыкавы’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Гл. яшчэ луці́ца.

Лут2, лу́цік, лу́тка, лу́ткі ’вушак, бакавы стаяк асады дзвярэй і акон’ (Касп., Бяльк., Растарг., Мядзв., Нар. Гом., Юрч. Вытв., Мат. Гом., Мат. Маг.; рас., талач., Шатал.), ’шырокая дошка ў ніжняй частцы аконнага праёма’ (Яшкін, Бел. лекс., 166). Укр. лу́тка, рус. бран., смал., кур., калуж. лу́тка ’вяршнік’, ’бакавая частка шуфляды акна’. Да лут1. Утварылася ў выніку пераносу значэння ’лут’ > ’друк’ > ’дошка’ > ’стаяк асады, вяршнік’ (параўн. паморск. łąt ’кій, друк’, літ. lentà ’дошка’. Гл. таксама луці́ца.

Лут3 ’укормлены, але не тлусты чалавек’ (полац., Нар. лекс.), як лу́т ’тоўсты, укормлены’ (пух., Сл. ПЗБ; Ян.), ’гультай, лежань’ (Дразд., Гарэц., ТС), луця́ро ’тс’ (ТС), мазыр. лу́цік ’добра дагледжанае парася’, лу́тковуй ’тлусты’ (З нар. сл.); укр. харк. луца́к, луца́н ’таўстатвары чалавек’. Балтызм. Параўн. літ. lùtis ’тоўсты, на кароткіх нагах’, ’няўклюда’, паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 2, 690), яшчэ і ’ўкормлены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)