Сні́ца ‘скабка або пласцінка (драўляная ці металічная), якой змацоўваюць закругленыя дошчачкі; асабліва два колцы ў дышлі пад падушкай калёс, якія служаць для павароту калёс’ (Нас.), сні́ціна ‘дошчачка, якой закрываюць бакавы ўваход у калодачны вулей’ (зэльв., Сл. ПЗБ), сні́цы ‘крыжавіна, перакладзіна ў перадку воза, куды ўстаўляецца канец дышля’ (Маслен.), ‘пярэдняя і задняя часткі калёс’ (ПСл). Укр. сни́ця ‘падоўжная жэрдка ў возе, плузе; частка воза, дзе замацаваны дышаль’, рус. сни́ца, шни́ца ‘адзін з двух брускоў, між якімі ўмацоўваецца дышаль’, польск. śnica, sznica, чэш. дыял. snica, šnyce, snice, в.-луж. snica і šnica, н.-луж. snica ‘тс’. Міклашыч (312) лічыў слова няясным. Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Паводле Праабражэнскага (2, 344), рускае слова запазычаны з польскай, а там з ням. Schnitt ‘разрэз, прарэз’ або Schnitz ‘кавалак, скрылік’. Фасмер (3, 699), а следам за ім і Махэк₂ (564), Шустар-Шэўц (1329) выводзяць з *ojesьnica ад *oje, Р. скл. ojese ‘дышаль, аглобля’. Гл. вайе. Збліжэнне з сныч, снычок ‘засаўка ў замку’ (Ласт.), рус. дыял. сныч ‘стрыжань у дзвярным замку’, ‘шпонка, якая змацоўвае дошкі’, што звязваюць з снаваць (Гараеў, 334), сумніўнае (гл. Фасмер, 3, 702). Не выключана сувязь з ст.-бел. снитие ‘злучэнне, сыходжанне’, снити ‘дайсці, дасягнуць; легчы, упасці’, што да *iti з прыстаўкай *sъn‑ (гл. ісці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нос, -а, мн. насы́, насо́ў, м.

1. Орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека або мордзе жывёлы.

Н. з гарбінкай.

2. Дзюба ў птушкі.

Бусляняты закідваюць насы ўгору.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога-н. прадмета.

5. Тое, што і насок (у 2 знач.).

Туфлі з вострымі насамі.

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

Бубніць сабе пад нос (разм.) — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

Вадзіць за нос каго — абяцаць і не выконваць; уводзіць у зман (разм.).

Вярнуць нос (разм.) — адносіцца да каго-н. з пагардай.

Драць нос — важнічаць, задавацца (разм.).

З-пад (самага) носа (узяць, украсці; разм.) — на вачах у каго-н., у непасрэднай блізкасці ад каго-н.

На носе (разм.) — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што-н.).

Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім-, чым-н.

Нос у нос; носам к носу (разм.) — вельмі блізка адзін да аднаго.

Пад самым носам (разм.) — блізка, у непасрэднай блізкасці ад каго-, чаго-н.

Пакінуць з носам каго (разм.) — абдурыць, падмануць.

Соваць нос (разм., неадабр.) — умешвацца не ў сваю справу.

|| памянш.-ласк. но́сік, -а, мн. -і, -аў м. (да 1 знач.), насо́к, -ска́, мн. -скі́, -ско́ў, м. (да 1 і 5 знач.).

|| прым. насавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Загне́т ’прыпечак’, загне́тка, загне́так. Рус. дыял. загне́т, загнёт, загне́та, загне́тка, загне́ток ’тс’, ’месца ў вусці печы для захавання жару і г. д.’, укр. загніт ’вуголле для зарумяньвання хлеба’ (Грынч.). Ст.-рус. (XVII ст.) загнѣтапярэдняя частка, вусце печы’. Усх.-слав. аддзеяслоўны назоўнік ад прэфіксальнага *загнѣтити (за + гнѣтити, вядомае ў помніках з XII ст.) ’запальваць, распальваць’, утвораны альбо з дапамогай асноваўтвараючага галоснага, альбо з суфіксам (‑ък‑). Першапачаткова, відаць, ’жар, вуголле, што захоўваліся для запальвання («запал»)’. Прасл. gnětiti ’распальваць’ рэканструюецца на базе серб.-харв. нетити, славен. nétiti, чэш. nítit, польск. niecić, ст.-рус., ц.-слав. гнѣтити, рус. дыял. гнети́ть ’распальваць, запальваць’, укр. гніти́ти ’падрумяньваць (хлеб)’. Прасл. параўноўваюць са ст.-прус. knaistis ’пажар’, ст.-в.-ням. gneista ’іскра’. Бернекер, 1, 312; Трубачоў, Эт. сл., 6, 168; Фасмер, 1, 421; Рудніцкі, 1, 657; Махэк₂, 400; Скок, 1, 379. Выказваецца думка (Трубачоў, Скок, Махэк) аб сувязі з дзеясловамі са значэннем ’церці’ (ст.-в.-ням. gnîtan). Махэк звязвае з гняды. Але магчымы і больш шырокія параўнанні: з гнеў, гніць, гной, а магчыма, і гнясці, якія семантычна верагодна звязваюцца з агнём, жарам, а таксама з трэннем. Параўн. гніць, гной, а таксама гнусны (а магчыма, і гніда), што зводзяцца да і.-е. кораня *ghen‑ ’расціраць, раздзіраць’. Покарны, 1, 437; Трубачоў, 6, 174; Булахаў, Веснік БДУ, 1972, 2, 66–67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хіб, ‑а, м.

1. Пярэдняя частка хрыбта некаторых жывёл (свінні, быка і пад.). Свіння, калышучы вялізным хібам, спакойна ўзрывала зямлю пад карэннямі сухога бука. Самуйлёнак. Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць — што ўсё адно воўк атросся ад вады. Пташнікаў.

2. Поўсць на хрыбце. Сабака ўбачыў незнаёмага, злосна забурчаў і наставіў хіб. Якімовіч. Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе, За хіб у сені выкідае. Колас.

3. Спінны плаўнік у рыбы. — Нідзе не дзенецца! — Андрэй паволі выбраў жылку, і вось ужо рыбіна б’ецца ў роснай траве, настаўляе калючы хіб, цяжка хаўкае жабрамі. Ваданосаў. Як падчэпіш ярша на кручок, дык ён растапырыць жабры, паставіць калючы хіб і нават хвост сагне — так не даецца. Дайліда.

4. перан. Верхні край чаго‑н. на канцы, грэбені (страхі, хвалі і пад.). [Міканор] бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю. Мележ. Язэп зняў шапку, выцер лоб і кінуў яе на пракос. Шапка лягла на хіб пракоса, фарсіста задраўшы ўгору патрэсканы казырок. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хра́па 1, ‑ы, ж.

1. Пярэдняя частка галавы ў буйной жывёлы; морда. Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва, Лось высунуў храпу — Шукае спажывы. Купала. // Ніжняя і сярэдняя частка пераносся ў жывёлы. Салвэсь папрасіў гаспадара разявіць каню зяпу. Той ахвотна паслухаўся: сціснуў праваю рукою жывёлу за храпу, а другою адцягнуў ніжнюю губу. Пальчэўскі.

2. звычайна мн. (хра́пы, храп). Ноздры ў вялікіх жывёл (каня, лася і пад.). Храпы вялікага гнядога каня дыхалі параю. Пестрак. З храп у .. [аленя] ішла пара, і яны былі белыя — заінелі. Пташнікаў.

3. Груб. Твар, нос чалавека. Якім чынам сюды трапіў, Не магу ніяк уцяміць. Ці не даў мне хто па храпе Ды адбіў дарэшты памяць? Крапіва. — Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.

хра́па 2, ‑ы, ж.

Разм. Замёрзлая грудамі зямля. Васіль як бы і не заўважаў холаду, борзда тупаў прадранымі лапцямі па ўкамянелай камякаватай храпе, што біла ў падэшвы, у пяткі. Мележ. На дварэ падмарожвала. Растаптаная скацінай гразь ператварылася ў храпу. Чарнышэвіч. Аступілася [Ганна] у нейкую яму і балюча ўпала каленьмі на вострыя, мёрзлыя храпы. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лы́тка1, лы́ткі ’акругленыя мышцы на задняй частцы нагі чалавека ад калена да ступні’ (ТСБМ, Гарэц., Дразд., Сцяшк., Шат., Касп., Растарг., Яруш., Мядзв., Бяльк., Нас., ТС, Сл. ПЗБ), ’нага ўвогуле’ (Нас.), ’сцягно, ляжка’ (Яруш., стаўб., КЭС), ’галёнка’ (КЭС, лаг.), лыдка ’лытка’ (Мат. Гом.); у выразе: лыткі кароткі ’рукі кароткія’ (Шат.). Укр. ли́тка ’лытка’, закарп. і паўд.-валынск. ’сцягно’, рус. лы́тка, лы́тки ’нага’, ’пярэдняя нага свінні’, ’задняя нага свінні’, ’тонкія, худыя ногі’, ’сцягно, ляжка’, ’калені, ступні’, ’пята’, ’косць нагі’, ’тоўстая косць нагі жывёлы’, ’шчыкалатка’, ст.-рус. лытка ’галёнка’, ’нага’, ’кумпяк’; польск. łydka, łytka ’лытка’, ’сцягно’, ’ягадзіца’; ст.-чэш. lýtka ’лытка’, ’галёнка’, славац. lýtka ’лытка’, усх. ’сцягно’; славен. lȋtka ’лытка’, с.-балг. лытка, литка ’галёнка’. Прасл. дыял. lydъka ’мясістая частка нагі — пераважна, лытка, а таксама і сцягно, галёнка’ (Слаўскі, 5, 388–391). Надзейнай этымалогіі няма. Найбольш пераканаўчай з’яўляецца думка Шустара–Шэўца (Slavia, 32, 166–169; ZSl, 8, 873) аб роднасці з прасл. glyda (польск. дыял. głyda, głydy, głytka, głytki), якое чаргуецца галоснай у корані з gluda з агульнасцю семантыкі ’выпуклае, ком, гуз’ (рус. глуда ’ком’, славен. glȗta ’шышка’) < і.-е. *gleu‑d‑/*gleu‑t ’аб выпуклым, круглым’.

Лы́тка2 ’вузкая палоска зямлі’ (ушац., Нар. сл.). Відавочна, спачатку лытка ’нага’ абазначала меру даўжыні (параўн. ст.-бел. стопа, крокъ), пасля — прастору, якую гэтай мерай найчасцей вымяралі. Параўн. аналагічна лы́нда3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пляцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

1. Роўнае месца на зямлі, прыгоднае або падрыхтаванае для якіх‑н. мэт. Некалькі дзяўчат зносілі ў кучы жалезнае ламачча, расчышчалі пляцоўку, мужчыны заканчвалі крыць павець. Хадкевіч. Пасадачную пляцоўку рыхтавалі ў раёне Межаў, кіламетраў за дваццаць ад Ласінага вострава. Шамякін. // Месца, падрыхтаванае для якіх‑н. работ. На будаўнічых пляцоўках.. [карэспандэнт] пачуў размовы пра зарачанскі калгас, на зямлі якога будавалася станцыя, і вырашыў яго наведаць. Шахавец. Пляцоўка была гатова для здачы пад мантаж, перад вачыма вырысоўваліся абрысы падмурка, які павінен трымаць такую грамадзіну. Хадкевіч.

2. Роўнае вольнае месца ў якім‑н. збудаванні паміж двума лесвічнымі маршамі. Лёнік грукнуў дзвярыма і выскачыў на лесвічную пляцоўку. Васілёнак.

3. Пярэдняя або задняя частка вагона, звычайна без месц для сядзення. Сідарук выйшаў на пляцоўку вагона і, як толькі цягнік на раз’ездзе крыху сцішыў рух, скокнуў у мяккі снег. Галавач. І толькі трамвай спыніўся, .. [Рыгор] спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Гартны.

4. Тое, што і платформе (у 2 знач.). [Сярго:] Вагоны скора будуць: Я сёння з Оршы выслаў тры пляцоўкі. Глебка. Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Шамякін.

•••

Дзіцячая пляцоўка — сезонная выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́ка1 ’самка сабакі’, ’лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан., Федар. 4, Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, ТС), сука́ ’тс’ (віц., маг., Жыв. св.; Растарг.), памянш. су́чка ’тс’ (Жыв. св.), суко́ба лаянк. ’сука’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́ка, ст.-рус. сука, польск. suka, палаб. sauко́ ’распусніца’, чэш. дыял. suka ’сука; злая жанчына’, славац. suka ’тс’. Прасл. дыял. (паўн.-слав.) *suka ’самка сабакі’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваюць з індаеўрапейскай назвай сабакі: літ. šuõ, усх.-літ. šunis, лат. suns, ст.-прус. sunis, ст.-інд. çúvā, çvā, авест. spā, лац. canis, гоц. hunds і г. д., якія з’яўляюцца кантынуантамі і.-е. *ḱuōn ’сабака’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1123 і наст., Фасмер, 3, 798. Супраць па фанетычных прычынах Борысь (586). Трубачоў (Происх., 21–22) такое набліжэнне таксама лічыць недаказаным, паколькі гэта супярэчыць развіццю славянскіх асноў на ‑n, параўн. і.-е. *kamōn > слав. kamy, kamykъ. Спасылаючыся на Брукнера (525), які прыводзіць ст.-польск. (XVII ст.) sula ’сука’, ён выдзяляе ў слове суф. ‑ka. Махэк₂ (592) прапаноўвае паходжанне ад падзыўных воклічаў, напр. н.-луж. tśu‑tśu на сабак. Іншыя версіі таксама малаверагодныя: рэканструкцыя і.-е. *pḱeukā і набліжэнне да ст.-інд. paçukā ’дробная скаціна’ або прасл. *sǫka і меркаванні аб запазычанні польск. *suka з усходнеславянскіх моў (Петарсан, AfslPh, Зб. 139 і наст.).

Су́ка2 ’прыстасаванне для ўкладкі доўгага бярвення, калі пярэдняя вось аддзяляецца ад колаў, а “сука” укладваецца на гэту вось’ (Шат.), су́кі мн. л. ’малыя драўляныя санкі’ (Сл. рэг. лекс.). Гл. сучка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́шва1 ’драўляны вал у ткацкім станку, на які навіваюць ніткі асновы або вытканае палатно’ (Касп.; Інстр. 2), ’пярэдні навой’ (рас., Шатал.), ’папярочная перакладзіна ў кроснах’ (лудз., Сл. ПЗБ), ’частка кроснаў’ (Дабрав., Кросны), прышва ’сувой’ (Мат. Гом.). Рус. пришва ’пярэдні вал у ткацкім станку для ўмацавання нітак асновы і намотвання вытканага палатна’, ’абрэзак палатна, да якога прымацоўваюцца ніткі асновы’. Як сведчыць апошняе, прышва ад прышыць, тут у значэнні ’далучыць, прымацаваць’. Гл. прышыцца.

Пры́шва2, мн. л. пры́швы, пры́швупярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і пярэднюю частку ступні; галоўкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Мат. Гом., ТС; ашм., Стан.), прышы́ва ’тс’ (Мат. Гом.), пры́швы ’новыя перады, галоўкі, прышытыя да старых халяў’ (Растарг., Інстр. 1), сюды ж з падобнай матывацыяй ’частка, прышытая да асноўнай’ — пры́шва ’частка (рыбалоўнай) сеткі; крыло ў жаку’ (петрык., нараўл., З нар. сл.; Маш.). Рус. при́швы ’новыя галоўкі, прышытыя да старых халяў; боты з новымі галоўкамі, прышвамі’, дыял. ’сеткавае палатно, дадаткова прышытае да крылаў невада’, укр. при́шви ’галоўкі ў ботах’, при́шивка, при́шовка ’кожны з кавалкаў сеткі, з якіх яна пасшываная’, польск. przyszwa ’саюзка’. Гл. прышва1, а таксама Банькоўскі, 2, 952.

Пры́шва3, прышвы, прішва, прішвы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’; ’жэрдка ў паплёце’ (Касп., Бяльк., паст., Сл. ПЗБ; ТС; полац., слаўг., чэрык., ЛА, 4), пры́швіна ’паплеціна, прывязка’ (ТС), прышыўка ’жэрдка, мацаванне крокваў’ (Мат. Гом.), прышывала ’жэрдка ў паплёце’ (паст., глыб., Сл. ПЗБ), прышывала, прышывалі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (паст., шарк., глыб., ЛА, 4). Рус. смал. пришва ’жэрдка, каб прыціснуць салому на возе7. Да прышываць ’прымацоўваць, прывязваць’, гл. прышыцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́радпярэдняя частка чаго-небудзь’, перада́, перадок, пірадок, пэрэдо́к, пырыдо́к, пярадок ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Бес., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; Варл.; Карскі 2–3, 438); перадок, пірадо́к ’кароценькая лавачка перад сталом’ (віц., Шн. 3; Касп.), пірядок ’невялікі ўслон’ (Сл. ПЗБ), перады́ ’перад бота, кашулі’ (вільн., Сл. ПЗБ); пе́рад ’адборнае, перадавое зерне’ (раг., паст., Сл. ПЗБ; мін., маг., гом., ЛА, 2); пе́рад(а) ’спераду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; Варл.), ’напярэдадні’ (віл., лід., Сл. ПЗБ), ’уперад, раней, у мінулым’ (маладз., Жыв. сл.), пе́рат ’у параўнанні з…’ (зэльв., Жыв. сл.), пе́радам ’даўней, калісьці’ (Сцяшк. Сл.), перад ’пад’ (ТС), пе́рад пе́радам ’перад сабой’ (Ян.). Укр., рус. пе́ред, стараж.-рус. передь, польск. przed(e), в.-луж. před, н.-луж. pśed, чэш. před, славац. pred, славен. prêd, pred‑, серб.-харв. пред(а), макед., балг. пред, ст.-слав. прѣдъ. Прасл. *per‑dъ, першая частка якога генетычна ўзыходзіць да і.-е. *per‑ (авест. parō ’спераду, перад’, ст.-грэч. πάρος ’наперад, раней’, ст.-інд. purā ’тс’, гоц. faúro, ням. vor ’перад’), а ‑dъ узята з *роdъ (Махэк₂, 491), альбо з і.-е. *dhē (Бернекер, KZ, 57, 240); Вондрак (Vergl. gr., 2, 298), а яшчэ раней Зубаты (IF–Anzeiger, 22, 57) у якасці такой узмацняльнай часціцы прыводзяць ст.-інд. bahirdhā ’без’ /bahir; Станг (ScSl, 3, 236) супастаўляе ‑dъ у прасл. nadъ, podъ, perdъ, zadъ з прус. ‑dau: pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’потым’ (ESSJ, 1, 127–128). Для перадокпрасл. *perdъkъ. Сюды ж перадавы́ ’плытагон, які кіруе плытом’ (віл., віц., Нар. лекс.); перадаво́е, перэдовое, перэдко́вое, перэдко́вэ ’лепшае зерне’ (петрык., глус., лельч., ЛА, 2); перадаві́к ’той, хто дасягнуў найбольшых вынікаў у сваёй дзейнасці (ТСБМ) < рус. передовик ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)