Бахмат (ст.-бел.), бохмат ’нізкарослы конь’ (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.), татарскі, асабліва нагайскі конь’ (XVI ст., Нас. гіст.). Рус. дыял. бахма́т ’маленькі, моцны конь’, укр. бахма́т ’верхавы конь’ (з XVI ст.), польск. bachmat ’нізкі, моцны конь татарскай пароды’. Старая этымалогія (Міклашыч, 414; Локач, 11–12; аб крыніцах гэтай версіі гл. Заянчкоўскі, Stud. orient., 46) — запазычанне з цюрк. *pahn at, *pehn at ’вялікі конь’ (< перс. pähn ’вялікі, шырокі’ + цюрк. at ’конь’) — вельмі няпэўная (Фасмер, 1, 136–137; Заянчкоўскі, там жа, 46–47; Менгес, Зб. Чыжэўскаму, 187 і наст.). Заянчкоўскі, там жа, прапануе зыходзіць з цюрк. *bahimat, *bahmat (араб. bahim ’чыстай масці’ + цюрк. at ’конь’). Менгес, там жа, зыходзіць з мусульманскага імя Mähmäd, Mähmāt (з заменай m > b праз пасрэдніцтва пэўных цюрк. дыялектаў; сумненні адносна гэтай этымалогіі Дзікенман, RS, 19, 13). Параўн. яшчэ Трубачоў, Происх., 57–58. Булыка (Запазыч., 39) прыводзіць як крыніцу запазычання тур. bachmat (!). Вельмі няпэўна; адкуль гэта форма? Ст.-бел. слова дае рад вытворных, вядомых у сучаснай бел. мове (гл. ніжэй). Гл. яшчэ Адзінцоў, Этимология, 1971, 195–201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіне́ц ‘цяжкі мяккі легкаплаўкі метал сінявата-шэрага колеру’ (ТСБМ): свінец волаво чыстае (Сержп. Прымхі). Рус. свине́ц, укр. свине́ць, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свиньць, славен. svínəc, балг. свине́ц ‘волава’ (з рус.БЕР, 6, 550). Прасл. *svinьcь. Роднаснае літ. švìrnas ‘свінец’, лат. svins ‘волава’. Сувязь з грэч. χυαυος ‘сіняе рэчыва’, іран. *spana‑ ‘жалеза’ лічыцца сумніўнай, гл. Фасмер, 3, 577; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1160; Сной₁, 624; Новое в рус. этим., 203–205. Насуперак гэтаму Данка і Вітчак (ABSl, 21, 83–91) лічаць яе верагоднай, выводзячы зыходнае *svinъ ‘волава’ з і.-е. *k̑wn̥:s ‘нейкі карысны камень’, ‘нейкі метал’, якому адпавядае грэч. мікен. ku‑wa‑no ‘шкло блакітнага колеру’, фрак. σπινος ‘каштоўны камень’, хец. kuwanna ‘медзь’, іран. s(p)ana ‘жалеза’, ст.-перс. *âsana‑ ‘тс’. У Беларусі назва распаўсюдзілася пад рускім уплывам, народная назва — волаво (гл. волава), параўн. свінец як волово (ТС). Рус. о́лово ў народнай мове адпавядае цын (Нас.), цына (Ласт.). Параўн. аднак ст.-бел. свинья ‘адзінка вымярэння колькасці свінцу і волава’ (Ст.-бел. лексікон), што, відаць, сведчыць пра народнаэтымалагічнае асваенне старой назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імя́. Рус. и́мя, укр. імʼя́, польск. imię, в.-луж. mjeno, н.-луж. , палаб. jeimą, чэш. jméno, славац. meno, славен. imȇ, серб.-харв. и̏ме̄, балг. ѝме, макед. име, ст.-слав., ст.-рус. имѧ, ст.-бел. имя. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнасці: ст.-прус. emmens, emnes, алб. emër, emën, ст.-ірл. ainmm. Далей, з іншым вакалізмам: ст.-інд. náma, авест. nāma, ст.-перс. nāman‑, арм. anum, грэч. ὄνομα, лац. nōmen, гоц. namo, хец. lāman. Прасл. *jьmę узыходзіць да і.-е. *ṇmen‑ з *enmen‑, якое трактуюць як утварэнне ад прыназ. *en‑ ’у, унутры’ з суф. ‑men‑. Адсюль семантычная інтэрпрэтацыя імені як таго, што ўкладваецца, ускладаецца, накладаецца. Гл. Фасмер, 2, 129–130; Слаўскі, 1, 454–455; Тапароў, 2, 28–30; Трубачоў, Эт. сл., 8, 227–228, дзе іншая літ-ра. Іначай Махэк₂ (230–231): звязвае з і.-е. *genǝ‑ ’ведаць’, што мала верагодна. Версія пра сувязь з *jęti, *jьmǫ (Шуман, AfslPh, 30, 1909, 302; Ісачанка, Studie a prace linguistické, 1, 1954, 127–129, jьm‑men ’прыняты знак’ як тэрмін радавога грамадства) таксама непераканаўчая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Міг ’імгненне, момант’, мігам, мігом ’вельмі хутка, у адзін момант’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Яруш.; докш., Янк. Мат.), мігаць, мыга́ты ’хутка паднімаць і апускаць павекі’, ’мільгаць’, ’бліскаць (пра маланку)’, ’мігцець’, ’хутка праносіцца перад вачыма’ (ТСБМ, Анім., Бяльк., ТС; стол., Нар. лекс.). Укр. миг, ми́га́ти, рус. миг, мигать, ст.-рус. мигати, польск. mig, migać, палаб. mʼėgojĕ să vicaima, н.-луж. mikaś, migaś, в.-луж. mikać, чэш. mih, mihati, славац. mih, mihať, славен. mȋg, migati, серб.-харв. ми̏г, ми̏гати, макед. мига, балг. миг, мигам, ц.-слав. мьгнѧти, ст.-слав. по‑мизати очима. Прасл. migati (). Найбліжэйшыя адпаведнікі: літ. mìgti ’засынаць’, miegóti ’спаць’, miẽgas ’сон’, лат. miêgt ’заплюшчваць вочы’, ст.-прус. meicte ’спаць’, maiǫġun ’сон, спячка’, лац. micāre ’блішчэць, міргаюць’, сагдыйск. nimiž ’маргаць’, с.-перс. miž ’павека’, с.-н.-ням. micken ’накіроўваць позірк, назіраць’. І.‑е. аснова *meĭg‑/*meĭkʼ‑ (Бенвеніст, BSL, 38, 280; Ван–Вейк, IF, 28, 124; Бернекер, 2, 57; Фасмер, 2, 618–619; Скок, 2, 419–420; Махэк₂, 362; Бязлай, 2, 183; ЕСУМ, 3, 457; Мяркулава, Этимология–1973, 59). Фасмер і аўтары БЕР (3, 782–783) мяркуюць, што дзеяслоў migati ўтварыўся ад migъ, наадварот Махэк і Бязлай. Сюды ж мігунь! ’раптам, у адзін момант’, ’міг’ (Нас. Доп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаза́, лоза́ ’кусты і галлё некаторых парод вярбы, вінаграду’ (ТС, ТСБМ, Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’вярба вушастая, Salix aurita L.’ (Кіс.), ’вярба попельная, Salix cinerea’ (Кіс.), лаза белая ’вярба белая, Salix alba L.’ (Касп.). Укр. лоза, рус. лоза, лозина, ст.-рус. лоза ’вінаград’, польск. łoza, ст.-чэш. loza, славац. loza, lodza, славен. lóza, серб.-харв. ло̀за, макед. лоза, балг. лоза, ст.-слав. лоза. Прасл. loza ’гнуткі дубчык, галінка’, пазней ’вярба’, ’вінаградная лаза’. На след першаснай матывацыі наводзяць балг. ло́зя ’віцца, выгінацца, зварочваць’ і літ. lóžinti ’выгінаць, згінаць трохі’ (Слаўскі, 5, 240). Роднаснымі з’яўляюцца літ. lazdà ’кій, арэшнік’, ’націна бульбы, бобу, цыбулі’, lazà ’палка’, ’арэшнік’, лат. lagzda, lazda, lęgzda (аб балт. ‑zd‑, якое адпавядае слав. ‑z‑, гл. Уленбек, KZ, 40, 552–561; Леві, KZ, 40, 422; Слаўскі, SP, 1, 427), ст.-прус. laxde ’тс’, алб. lajthí, lejthí, lethí ’арэшнік’, перс. räz ’лаза’. Магчыма, лаза звязана са слав. lěska ’кій’ (Эндзелін, ИОРЯС, 17, 4, 120). Непераканаўча Бернекер (736): прасл. loza < lasā; неверагодна Махэк (Recherches, 10, 25 і наст.), які параўноўвае лексему з літ. lasà, lèsti ’корм’, ’дзяўбці’; няпэўна звязваць яе са ст.-грэч. ὀ‑λόγινονὀζὦδες (у Гесіхія). Непрымальнымі з’яўляюцца і іншыя версіі, педалічаныя Фасмерам (2, 512–513), Слаўскім (5, 240–241).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вёска ’сялянскае паселішча, сяло, сельская мясцовасць’ (КТС, БРС, Нас., Касп., Гарэц.), весь ’тс’ (Гарэц.). Укр., рус. уст. весь ’вёска’, ст.-рус. веска ’вёсачка’, весь, вьсь ’вёска, паселішча, квартал горада’ (X ст.), польск. wieś ’вёска’, каш. vjes ’тс’, палаб. vas ’вёска, горад’, н.-луж. wjas, wjaska ’вёска’, в.-луж. wjes, чэш. ves ’тс’, славац. уст. ves ’малая вёска’, славен. vâs, серб.-харв. *вас, балг. вес (толькі ў геаграфічных назвах), ст.-слав. вьсь. Мае адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. viešpat(i)s ’гаспадар, пан’, лат. vìesis ’госць, прышлы чалавек’, ст.-прус. waispattin ’гаспадыню’, ст.-інд. viśpati ’гаспадар’, viśpatni ’гаспадыня’, алб. amvisë ’тс’, ст.-інд. viś‑ ’дом, жыллё’, veśás ’сусед’, грэч. Ϝοἶκος, авест. vĩs‑, ст.-перс. viϑ ’дом’, алб. vis ’месца, мясцовасць, плошча’, лац. vīcus ’паселішча’, гоц. weihs ’вёска’. Узыходзіць да і.-е. *u̯ei̯kʼ‑ (*u̯ikʼ‑) *u̯oi̯kʼ‑o ’дом, жыллё’. Звязана, відавочна, з прасл. *věs‑ ’род, дом’ (Мартынаў, Зб. Аванесаву, 190–192). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 80; Вондрак, Sl. Gr., 1, 346; Траўтман, 363; Вальдэ-Гофман, 2, 782–3; Фасмер, 1, 305; Голуб-Копечны, 412–3; Брукнер 618–9; Махэк₂, 684–5; Скок, 3, 567; БЕР, 1, 137; Шанскі, 1, В, 76; КЭСРЯ, 78; Рудніцкі, 1, 373.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А злучн. злучальн. — чэш., славац., в.-луж. a, a‑a, н.-луж. a‑a, балг., серб.-харв. а; злучн. супр. — агульнаслав. І.‑е. паралелі — літ. õ (Скарджус, Slav., 146, лічыць літ. õ < польск. або бел.; рашуча супраць Фрэнкель, 514–515), ст.-інд. āt, ст.-іран. āət. Тады а (прасл. *ōt‑/*ōd‑ (абл. ад *ō‑) (Зубаты, Studie, 2, 98; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 1–2). Іншы пункт погляду адлюстраваў Зубаты, Studie, 2, 100, згодна з якім a звязана этымалагічна з выклічнікам, з ст.-інд. ā (параўн. Голуб-Копечны, 59). У ст.-інд. āt выяўляецца таксама сэнс выклічніка (Бірнбаум, ScSl, 5, 79). Параўн. яшчэ Курц, Slavia, 24, 144; яго ж, Hist-srovn., 80–107; Копечны, Этимология, 1967, 22–23.

А агульнаславянскае (< *ob‑). Прасл. ob‑ (без ъ) рэканструюецца на аснове факта выпадзення наступнага v. У сваю чаргу ob‑ > o‑ перад зычнымі. Адсюль яшчэ праславянская дублетнасць ob‑/o‑. Гл. Брандт, РФВ, 14, 350; яго ж РФВ, 23, 94–95; Фартунатаў, Зб. Ламанскаму, 25; Развадоўскі, RS, 2, 87; Мейе, Общеслав., 124. Параўн. ст.-прус. eb‑, ab‑, ст.-інд. abhí, ст.-перс. abij (< і.-е. *obhi); літ. apiẽ, лат. ap, ст.-інд. api, ст.-грэч. επί (і.-е. *opi). Бругман, Grundriß, 1, 2, 820. Гл. аб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаварада́ ‘патэльня’ (ТСБМ; Касп., Мядзв., ТС, Сл. Брэс., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., З нар. сл., ЛА, 4), скаравада́ (Шатал., З нар. сл.), скараво́да (Бяльк.), скароўда́ (Сцяшк.), скварада́ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), скаварэ́нда, скоўрада́ (Сл. Брэс.) ‘тс’. Укр., рус. сковорода́, ст.-рус. сковорода, польск. skowroda, н.-луж. škórodej, в.-луж. škorodej, ст.-чэш. skravada, skrovada, ст.-слав. сковрада ‘прылада для катавання’. Прасл. *skovorda, *skovordy, ‑ъve. Этымалогія няясная. Параўноўваюць з ст.-в.-ням. scart, ‑isan ‘кацялок, патэльня’, с.-в.-ням. scharte ж. р., schart м., н. р. ‘тс’; гл. Ільінскі, ИОРЯС, 24, 1, 114–115; Брандт, РФВ, 24, 176, Махэк₂, 548; Фасмер, 3, 644. Зычны ‑в‑ тлумачыцца ўплывам слав. *skvara (гл. скварыць) і роднасных. Супраць Семерэньі (ВЯ, 1967, 4, 14–15), які выводзіць славянскае слова з формы, блізкай арм. skavaŕak, перс. sukōra (sukurra) ‘міска, сподак, талерка’, крыніцай якіх ён лічыць грэч. σκεναρίδα, вытворнае ад σκεναριν ‘маленькая пасудзіна’. Спробы выдзеліць архаічны прэфікс ско‑ (sko‑) пры каранёвым ворд‑/вард‑ (< *vьrd‑) ‘жордка, прут’ (Куркіна, Этимология–1988–1990, 57–60) не пераконваюць па семантычных прычынах. Вытворныя ад скаварада: скаваро́днік, скаварадзе́нь ‘чапяла’, ‘блін або ляпёшка, спечаныя на патэльні, праснак’ (Шымк. Собр., Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тар ’паром’ (Байк. і Некр.), ’паром, транспартны плыт з бярвення’ (Нас.): спрадвеку карысталіся тарам праз Дзьвіну (Полымя, 1998, 1), та́ра ’плыток для пераезду’, торо́к ’невялікі плыт для перапраўкі праз возера, праз ваду ў паводку’ (ТС), ’плыт з 4–5 бярвенняў’ (лельч., Жыв. НС), ’від плыта для сплаўкі лесу: на два доўгія бервяны ўкладваюць упоперак кароткія бярвёны і замацоўваюць іх’ (Маслен.), таро́к ’кладка праз рэчку з бярвенняў’: зьвізалі тарок (Бяльк.), ’звязка плыта’: лесу таркі вяжуць (Мат. Гом.), ’адзін рад змацаваных бярвенняў у плыце’ (кіраў., Нар. сл.). Параўн. укр., рус. то́рок ’невялікі плыт’, старое рус. тара ’тс’ (Нас.). Няясна; семантыка слоў сведчыць на карысць сувязі з тара́к, таро́кі ’матуз, шнур’ (гл.) і адсюль ’звязаныя, злучаныя разам бярвенні’. Суадносяць таксама з тор ’дарога, каляіна, след’ (гл.) са зменай значэння (Фасмер, 4, 84; ЕСУМ, 5, 606); гэта дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tarъ ад прасл. *toriti ’пракладаць, праводзіць дарогу’ (гл. тарыць), што ўрэшце да *terti (гл. церці), гл. Варбат, Морфон., 40 і наст.; параўн. таксама каш. tar ’пратораная дарога’ (SEK, 5, 132–133). Здзіўляе семантычная блізкасць да разглядаемых слоў роднасных ст.-інд. tárati ’перапраўляць, пераадольваць, падганяць’, авест. tar‑ ’пераадольваць’, ст.-перс. vi‑tar‑ ’перапраўляцца’ (Варбат, Этимология–1982, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыгр ‘буйная драпежная жывёла Panthera tigris, Felix tigris’ (ТСБМ, Нас.), ‘люты звер’ (Ласт.), ты́гра, тыгры́ца ‘тыгрыца’, перан. ‘злая жанчына’ (Байк. і Некр.), ты́г(а)р, ты́гра ‘Felix tigris’ (Некр. і Байк.), ты́гр(ыс) ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. тигрисъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. тигр, рус. тигр, рус.-ц.-слав. тигръ, ст.-слав. тигръ ‘тыгр’ (у Супрасльскім рукапісе: рѣка тигрьска ‘рака Тыгр’), якое ўзыходзіць да с.-грэч. τίγρις ‘тыгр’, апошняе было запазычана з нейкай авестыйскай лексемы, роднаснай ст.-перс. tiɣri‑ ‘страла’, tiɣra‑ ‘востры’ < і.-е. *(s)tei̯g‑ ‘калоць, басці’, ‘завостраны’ (Фасмер, 4, 56; Сной₂, 763; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 564). У сучасных славянскіх мовах назвы гэтай жывёлы былі запазычаны з ням. Tiger ці з франц. tigre, якія ўзыходзяць да лац. tigris ‘тс’ (Сной, Фасмер, там жа; Махэк₂, 663; Арол, 4, 70). Ст.-бел. тигрисъ (тикгрисъ) ‘тыгр’ (1517 г.) запазычана са ст.-польск. tygris ‘тс’ у XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 144), што захавалася ў суч. польск. tygrys ‘тс’. Форма тыгра ‘тс’ (Я. Колас, М. Гарэцкі, гл. Каўрус, Словаклад) і адпаведныя дыялектныя формы ўтвораны паводле мадэлі сябра, майстра, Пётра, каб пазбегнуць неўласцівага народнай мове спалучэння зычных на канцы слова (Станкевіч, Язык, 781).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)