РЭЛІ́КВІІ царкоўныя, прадметы рэліг. пакланення, якія звязваюцца з жыццём Хрыста, Багародзіцы ці святых. Да Р. адносяць таксама мошчы. Ушанаванне Р. узыходзіць да першабытных вераванняў (гл.Фетышызм). Царквой Р. прыпісваецца цудадзейная сіла (вылячэнне і інш.). Найб. культ Р. распаўсюджаны ў каталіцызме. У каталіцкіх храмах і кляштарах захоўваюць рэшткі адзення Хрыста, кавалачкі «крыжа, на якім ён быў распяты», цвікі, «якімі яго прыбівалі да крыжа», і інш. Храмы і кляштары, якія валодаюць Р., асабліва ўшаноўваюцца і прыцягваюць шматлікіх паломнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́БАС (грэч. phobos страх),
спадарожнік планеты Марс. Адлегласць ад планеты 9380 км (бліжэйшы да Марса). Мае няправільную форму, найб. папярочнік каля 27 км. Паверхня складаецца з цёмных мінералаў з нізкім альбеда, пакрытая шматлікімі кратэрамі і тоўстым слоем пылу. Перыяд абарачэння вакол Марса 7 гадз 39 мін 27 с (на працягу марсіянскіх сутак двойчы ўзыходзіць і заходзіць). З прычыны вял. вуглавой скорасці Ф. апярэджвае восевае абарачэнне планеты і, у адрозненне ад інш. нябесных цел, узыходзіць на З, а заходзіць на У. Рухаецца амаль у плоскасці экватара Марса і павернуты да планеты заўсёды адным і тым жа бокам. Адкрыты амер. астраномам А.Холам (1877).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМАНТА́НТНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, здольныя да паўторнага або шматразовага цвіцення і плоданашэння на працягу аднаго вегетац. перыяду. Маюць вельмі кароткі перыяд спакою і здольнасць перыядычна (на працягу 2—3 тыдняў) закладваць пладовыя пупышкі, якія хутка прарастаюць, адбываецца аддзяленне бутонаў, цвіценне і плоданашэнне амаль да замаразкаў. Да Р.р. належаць травяністыя (напр., алісум, лабелія, рэмантантны гваздзік), дэкар.-кустовыя (рэмантантныя і чайнагібрыдныя ружы, некат. віды спірэі), цытрусавыя, ягадныя (некат. сарты суніц і малін) культуры. Пры спрыяльных пагодных умовах (цёплая і вільготная восень пасля сухога лета) рэмантантнасць бывае ў бэзу, вішні, грушы, яблыні і інш. Пры паўторным цвіценні і плоданашэнні кветкі і плады драбнеюць, насенне горш узыходзіць. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. і аматарскім садаводстве, кветкаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТА́ЗІЯў музыцы,
жанр інструментальнай (зрэдку вак.) музыкі імправізацыйнага характару. Узыходзіць да інстр. імправізацыі 16—17 ст. У 18 ст. ў асноўным у клавірнай і арганнай музыцы (звычайныя Ф. ў цыклічных формах, у выглядзе прэлюдый). У 19—20 ст. зацвердзілася 2 асн. тыпы Ф.: арыгінальны твор буйной формы (цыклічны або з рысамі цыклічнасці) з кантрастным тэматычным матэрыялам, часта праграмнага зместу і п’еса (блізкая да парафразы), засн. на свабоднай варыяцыйнай распрацоўцы папулярных мелодый на тэмы з опер, балетаў, тэмы нар. песень, кінамузыкі. Сярод аўтараў Ф. ў бел. музыцы: С.Аксакаў, М.Аладаў, Г.Вагнер (арыгінальныя творы буйной формы), а таксама Ю.Бяльзацкі, Я.Глебаў, П.Падкавыраў, Р.Пукст, С.Картэс, Я.Касалапаў, Р.Сурус, Э.Тырманд, Я.Цікоцкі.
Літ.:
Протопопов В.В. Очерки из истории инструментальных форм XVI — начала XX в. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУША́,
паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.Дэкарт, Г.Спенсер, В.Вунт, У.Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,
сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.Дунс Скот, У.Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.Кампанела, Г.Галілей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМЫКА́ННЕ,
выкраданне нявесты ў яе бацькоў; стараж. форма шлюбу. Узыходзіць да эпохі першабытна-родавай абшчыны і звязана са з’яўленнем парнай сям’і. Рэшткі У. захаваліся ў шлюбных звычаях усіх народаў.
На Беларусі гэты звычай часткова захаваўся да пач. 19 ст., а рэшткі яго сустракаліся і пазней (выкраданне нявесты дазваляла пазбегнуць выдаткаў на вясельнае застолле). У паўн.-ўсх. паветах Беларусі выкраданне дзяўчат без ведама бацькоў яшчэ ў пач. 20 ст. было даволі звычайнай з’явай на масленічных кірмашах. Элементы звычаю У. захаваліся ў абрадах бел. вяселля: у абрадзе бою за дзяўчыну і яе захопу ў час прыезду маладога па маладую, а таксама ў доме жаніха ў час падрыхтоўкі і ад’езду маладога да маладой, у абрадзе продажу касы маладой.
Больш шырока быў распаўсюджаны звычай куплі-продажу нявесты. Гэта тлумачыцца тым, што дагаворны шлюб (шлюб па згодзе) доўгі час насіў характар гасп. пагаднення — род нявесты страчваў работніка і заўсёды імкнуўся атрымаць пэўную матэрыяльную кампенсацыю. Такія шлюбы былі засн. не столькі на пачуццёвых схільнасцях або каханні маладых, колькі на гасп. неабходнасці. Звычай У. захаваўся ў вясельным абрадзе выкупу нявесты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГЕНЕ́З (ад этнас + ...генез),
працэс фарміравання этнічнай супольнасці. У шырокім сэнсе слова Э. ахоплівае вял.гіст. перыяд складвання і існавання этнасу ў розных этнасац. формах (племя, народнасць, нацыя). Э. многіх сучасных еўрап. народаў, у т. л.беларусаў, узыходзіць да этн. супольнасцей апошніх этапаў першабытнасці, эпохі ваен. дэмакратыі і раннякласавых грамадстваў — плямён, племянных саюзаў, народнасцей. Актыўныя сац.-біял. працэсы міксацыі, асіміляцыі і кансалідацыі абумовілі ўзнікненне новых народаў феад. эпохі (народнасцей), якія далі пачатак існуючым зараз этнасац. супольнасцям (нацыям). Э. амаль кожнага этнасу характарызуецца ўзаемасувяззю двух этнагенет. працэсаў: кансалідацыі і развіцця стараж. больш дробных аўтахтонных этн. кампанентаў і ўключэннем у працэсе Э. перасяленцаў (мігрантаў). Пытанні Э. розных народаў вывучаюць гісторыкі, этнографы, археолагі, лінгвісты, антраполагі, фалькларысты і інш.
Літ.:
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнага часу да канца XVIII ст.Мн., 2001;
Цітоў В.С. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Краіна і людзі. Мн., 2001;
Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛЯТЫВІ́ЗМ (ад лац. relativus адносны),
метадалагічны прынцып, паводле якога ўсё ў свеце адноснае. Сустракаецца ў розных галінах пазнання і практыкі. Гнасеалагічны Р.узыходзіць да вучэння стараж.-грэч.сафістаў, паводле якога ўсе веды павінны разглядацца толькі як адносна правільныя ў сувязі з тым, што іх змест залежыць ад суб’екта пазнання («чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў»), ад яго душэўнага і фіз. стану (Горгій, Пратагор). У 16—17 ст. Р. выкарыстоўвалі для крытыкі рэліг. догматаў і метафізікі (П.Бейль, М. дэ Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі). З 18 ст. распаўсюджваецца анталагічны Р., прыхільнікі якога не прызнавалі існавання аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства і абвяшчалі суб’ектывізм пазнання (Дж.Берклі, Д.Юм). Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму не пагаджаліся з прынцыпам Р., але прызнавалі адноснасць ведаў, абумоўленасць пазнання ўзроўнем развіцця прадукц. сіл і навукі. На мяжы 19—20 ст. Р. набыў папулярнасць у махізме, неапазітывізме, прагматызме і інш., прадстаўнікі якіх абвяшчалі абсалютную адноснасць ведаў (Э.Мах, І.Петцальт) ці іх поўную ўмоўнасць (А.Пуанкарэ). Этычны Р. абвяшчае адноснасць агульнапрынятых маральных норм, часам выкарыстоўваецца для ігнаравання маральных асноў грамадства, апраўдання амаралізму. Р. характэрны таксама для гістарыяграфіі, мастацтвазнаўства і інш.гуманіт. дысцыплін, у распараджэнні якіх няма адназначна вывераных, дакладных крытэрыяў і ацэнак. Адрозніваюць таксама фізічны Р., які грунтуецца на адноснасці тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАШКЕ́ВІЧ (Iwaszkiewicz) Яраслаў (20.2.1894, в. Кальнік Вінніцкай вобл., Украіна — 2.3.1980),
польскі пісьменнік. У 1912—18 вучыўся ў Кіеўскім ун-це і ў кансерваторыі. З 1918 у Варшаве. У 1932—36 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1915. Ранняй лірыцы ўласцівы эстэтызм, зварот да адвечных пытанняў (зб-кі «Васьмірадкоўі», 1919, «Дыянісіі», 1922, «Лета 1932», 1933). У аповесцях і раманах «Зенобія Пальмура» (1920), «Узыходзіць месяц» (1925), «Змова мужчын» (1930), «Блендамерскія страсці» (1938) філас.-эстэтычная праблематыка. Раман «Чырвоныя шчыты» (1934) пра мінулае Польшчы. Аўтар апавядання «Паненкі з Вілька» (1933, экранізацыя А.Вайды, 1979), п’ес «Лета ў Наане» (1936—37), «Маскарад» (1939) і інш. У пасляваен. паэт. зб-ках «Алімпійскія оды» (1948), «Каса восені і іншыя вершы» (1954), «Заўтра жніво» (1963), «Выбраныя вершы» (1968), «Карта надвор’я» (1977), «Музыка ўвечары» (1980) грамадз. пафас, філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Аўтар кніг прозы «Італьянскія навелы» (1947), «Кнігі маіх успамінаў» (1957). У рамане-эпапеі «Хвала і слава» (т. 1—3, 1956—62) панарама жыцця польск. інтэлігенцыі ў 1914—45. Дзярж. прэміі Польшчы 1952, 1954 і 1970. На бел. мову вершы І. перакладалі А.Вялюгін, М.Машара, Я.Семяжон, прозу — Я.Брыль, П.Стафановіч і інш.