РЭЛЯТЫВІ́ЗМ (ад лац. relativus адносны),

метадалагічны прынцып, паводле якога ўсё ў свеце адноснае. Сустракаецца ў розных галінах пазнання і практыкі. Гнасеалагічны Р. узыходзіць да вучэння стараж.-грэч. сафістаў, паводле якога ўсе веды павінны разглядацца толькі як адносна правільныя ў сувязі з тым, што іх змест залежыць ад суб’екта пазнання («чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў»), ад яго душэўнага і фіз. стану (Горгій, Пратагор). У 16—17 ст. Р. выкарыстоўвалі для крытыкі рэліг. догматаў і метафізікі (П.​Бейль, М. дэ Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі). З 18 ст. распаўсюджваецца анталагічны Р., прыхільнікі якога не прызнавалі існавання аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства і абвяшчалі суб’ектывізм пазнання (Дж.​Берклі, Д.​Юм). Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму не пагаджаліся з прынцыпам Р., але прызнавалі адноснасць ведаў, абумоўленасць пазнання ўзроўнем развіцця прадукц. сіл і навукі. На мяжы 19—20 ст. Р. набыў папулярнасць у махізме, неапазітывізме, прагматызме і інш., прадстаўнікі якіх абвяшчалі абсалютную адноснасць ведаў (Э.​Мах, І.​Петцальт) ці іх поўную ўмоўнасць (А.​Пуанкарэ). Этычны Р. абвяшчае адноснасць агульнапрынятых маральных норм, часам выкарыстоўваецца для ігнаравання маральных асноў грамадства, апраўдання амаралізму. Р. характэрны таксама для гістарыяграфіі, мастацтвазнаўства і інш. гуманіт. дысцыплін, у распараджэнні якіх няма адназначна вывераных, дакладных крытэрыяў і ацэнак. Адрозніваюць таксама фізічны Р., які грунтуецца на адноснасці тэорыі.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 14, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)