ФО́БАС (грэч. phobos страх),
спадарожнік планеты Марс. Адлегласць ад планеты 9380 км (бліжэйшы да Марса). Мае няправільную форму, найб. папярочнік каля 27 км. Паверхня складаецца з цёмных мінералаў з нізкім альбеда, пакрытая шматлікімі кратэрамі і тоўстым слоем пылу. Перыяд абарачэння вакол Марса 7 гадз 39 мін 27 с (на працягу марсіянскіх сутак двойчы ўзыходзіць і заходзіць). З прычыны вял. вуглавой скорасці Ф. апярэджвае восевае абарачэнне планеты і, у адрозненне ад інш. нябесных цел, узыходзіць на З, а заходзіць на У. Рухаецца амаль у плоскасці экватара Марса і павернуты да планеты заўсёды адным і тым жа бокам. Адкрыты амер. астраномам А.Холам (1877).
А.А.Шымбалёў.
т. 16, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)