ЭТНАГЕНЕ́З (ад этнас + ...генез),
працэс фарміравання этнічнай супольнасці. У шырокім сэнсе слова Э. ахоплівае вял. гіст. перыяд складвання і існавання этнасу ў розных этнасац. формах (племя, народнасць, нацыя). Э. многіх сучасных еўрап. народаў, у т. л. беларусаў, узыходзіць да этн. супольнасцей апошніх этапаў першабытнасці, эпохі ваен. дэмакратыі і раннякласавых грамадстваў — плямён, племянных саюзаў, народнасцей. Актыўныя сац.-біял. працэсы міксацыі, асіміляцыі і кансалідацыі абумовілі ўзнікненне новых народаў феад. эпохі (народнасцей), якія далі пачатак існуючым зараз этнасац. супольнасцям (нацыям). Э. амаль кожнага этнасу характарызуецца ўзаемасувяззю двух этнагенет. працэсаў: кансалідацыі і развіцця стараж. больш дробных аўтахтонных этн. кампанентаў і ўключэннем у працэсе Э. перасяленцаў (мігрантаў). Пытанні Э. розных народаў вывучаюць гісторыкі, этнографы, археолагі, лінгвісты, антраполагі, фалькларысты і інш.
Літ.:
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнага часу да канца XVIII ст. Мн., 2001;
Цітоў В.С. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Краіна і людзі. Мн., 2001;
Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё. Мн., 2001.
А.І.Кушнір, І.У.Чаквін.
т. 18, кн. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)