ФАНТА́ЗІЯ ў музыцы,
жанр інструментальнай (зрэдку вак.) музыкі імправізацыйнага характару. Узыходзіць да інстр. імправізацыі 16—17 ст. У 18 ст. ў асноўным у клавірнай і арганнай музыцы (звычайныя Ф. ў цыклічных формах, у выглядзе прэлюдый). У 19—20 ст. зацвердзілася 2 асн. тыпы Ф.: арыгінальны твор буйной формы (цыклічны або з рысамі цыклічнасці) з кантрастным тэматычным матэрыялам, часта праграмнага зместу і п’еса (блізкая да парафразы), засн. на свабоднай варыяцыйнай распрацоўцы папулярных мелодый на тэмы з опер, балетаў, тэмы нар. песень, кінамузыкі. Сярод аўтараў Ф. ў бел. музыцы: С.Аксакаў, М.Аладаў, Г.Вагнер (арыгінальныя творы буйной формы), а таксама Ю.Бяльзацкі, Я.Глебаў, П.Падкавыраў, Р.Пукст, С.Картэс, Я.Касалапаў, Р.Сурус, Э.Тырманд, Я.Цікоцкі.
Літ.:
Протопопов В.В. Очерки из истории инструментальных форм XVI — начала XX в. М., 1979.
І.Дз.Назіна.
т. 16, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)