ПРАКО́ПЧЫК (Леанід Цімафеевіч) (14.11.1933, Мінск — 7.12.1998),
бел. пісьменнік. Скончыў Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (Масква, 1958). Хадзіў матросам на рыбалавецкім траўлеры, настаўнічаў, быў журналістам, працаваў у саўгасе на Піншчыне, на Бел. тэлебачанні, рэжысёрам мультфільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1958. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў «Даўгінаўскія вёрсты» (1977), «Ў краі Налібоцкай пушчы», «Ёсць у сэрцы запаветны куток» (абедзве 1979), «Адкуль у вёскі імя» (1981), «Дрэмле памятка дзён» (1991). Апісаў многія літ.-гіст. мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Ядвігіна Ш., З.Бядулі і асабліва Я.Купалы. П’еса П. (з Дз.Кальчанкам) «Князь Наваградскі» паст. Гродзенскім драм. т-рам у 1988 (на яго лібрэта кампазітар А.Бандарэнка напісаў аднайм. оперу, паст. 1992). Па сцэнарыях П. Бел. тэлебачанне і «Беларусьфільм» паст. фільмы «Наваградак, чытаючы Міцкевіча» (1980), «Налібоцкія пчаляры» (1982), «Круіз на кані» (1990), «Напалеон Орда» (1991), «Беларускія ратушы» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),
грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц.адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз.к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.
Літ.:
Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;
Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСТРА́К (Піліп Сямёнавіч) (27.11.1903, в. Сакоўцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.8.1978),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Самарскім ун-це (1920—21). З 1921 у Зах. Беларусі. Удзельнік рэв. руху (з 1927 сакратар Косаўскага падп. райкома, чл. Слонімскага акругкома КПЗБ, у 1933—34 інструктар ЦККПЗБ). Амаль 11 гадоў быў зняволены ў турмах. З 1939 сакратар гаркома КП(б)Б у Гродне, з 1940 старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНКБССР, у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АНБССР, літ. кансультантам СП БССР. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў вершаў «На варце» (1940), «За сваю Айчыну» (1946), «Падарожнае» (1962), паэмы «Слова пра Мінск» (1968), зб-каў апавяд. «Першыя ўсходы» (1951), «Неспадзяванак» (1957), «Лясная песня» (1958), «Сярод чаротаў» (1964), «Апавяданні» (1970). Гіст.-рэв. эпапея «Сустрэнемся на барыкадах» (1951—54) — летапіс жыцця і барацьбы нар. мас Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне. У цэнтры ўвагі аўтара — рост рэв. свядомасці рабочых і сялян, дзейнасць камуністаў-падпольшчыкаў, змаганне паліт. вязняў у астрогах. У рамане «Серадзібор» (1961—63, Літ. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1964) на матэрыяле пасляваен. жыцця вёскі ўславіў стваральную працу народа. Раман «Лесавічанка» (не закончаны, часткова апубл. ў 1980) пра станаўленне новага жыцця ў Зах. Беларусі ў першыя гады пасля ўз’яднання. Аўтар літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Ю.Славацкага, У.Бранеўскага, С.Дабравольскага, Е.Путраманта, А.Чэхава, І.Франко, Л.Украінкі, М.Рыльскага, П.Тычыны, У.Сасюры, Л.Первамайскага і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1969—71;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1984—86.
Літ.:
Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1966;
Хромчанка К.Р. Піліп Пестрак. Мн., 1960;
Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СІ,
галоўная універсальная навук.б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-каБДУ (гл.Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел.дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел.дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-тБССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн. адзінак захоўвання. Б-ка стала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл.Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт.Бібліятэка). На пач. 1941 б-ка стала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял.Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс.экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн. адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.
Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс. адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л.бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава, А.М.Семянтоўскага, У.І.Пічэты, З.Бядулі, Ц.Гартнага, Я.Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.Ф.Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.В.Ламаносава, М.І.Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.М.Жуковіча, І.П.Карнілава, У.І.Пічэты, А.П.Сапунова. І.І.Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.Ф.Карскага, М.А.Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел.газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.Маркса, Ф.Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс.экз.), больш за 100 тыс. адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.
Штогод б-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн.экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.
Літ.:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.
Т.М.Мінчэня.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.