ТАЛСТО́Й Леў Мікалаевіч (9.9.1828; Ясная Паляна Шчокінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 20.11.1910),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім ун-це (1844—47). У 1851—54 на вайск. службе на Каўказе. Дэбютаваў аповесцямі «Дзяцінства» (1852), «Гады падлетка» (1854), «Юнацтва» (1857) і ваен. апавяданнямі «Набег», «Высечка лесу». У 1854—55 удзельнічаў у абароне Севастопаля (маст. нарысы «Севастопаль у снежні месяцы», «Севастопаль у маі», «Севастопаль у жніўні 1855 г.», 1855—56). У 1859 адкрыў у Яснай Паляне школу для сял. дзяцей, выдаваў пед. час. «Ясная Паляна» (1862—63), пазней напісаў «Азбуку» (1872), «Новую азбуку» (1875). У аповесці «Казакі» (1863, не завершана) асэнсаванне ролі казацтва ў гіст. лёсе Расіі і ўсх. славянства. Раман-эпапея «Вайна і мір» (1863—69) — нябачаная ў л-ры новага часу з’ява паводле жанру, багацця і шырыні паказу нар. жыцця і гіст. падзей, па псіхал. распрацаванасці характараў; у ім выявілася тэндэнцыя пераходу ад пункту гледжання народа ва ўсім, з чаго складаецца жыццё чалавека, у форме гарманізацыі свету, збліжэння пачаткаў жыцця праз маральны, эстэт. рух дзеяння да нар. праўды, прастаты, шчырасці, Трагічныя старонкі еўрап. гісторыі, вайны, дыпламат. і прыдворнай маны, чалавечых смерцяў і няшчасцяў у ім ураўнаважваюцца старонкамі нар. гераізму, чалавечай любові, самаахвярнасці. У рамане «Ганна Карэніна» (187 5—77) асэнсаваны шматлікія пласты паслярэформеннага жыцця, калі «ўсё перавярнулася і пачынае ўкладвацца». У пач. 1880-х г. пасля працяглай і складанай эвалюцыі светапогляду Т. адкрыта абвясціў пра разрыў з афіц. царкоўнай дактрынай як пануючай ідэалагічнай сістэмай і пра пераход на пазіцыі «простага працоўнага народа». Ён напісаў шэраг філас.-публіцыст. трактатаў) («Споведзь», 1879—80; «Даследаванне дагматычнага багаслоўя», 1879—84; «У чым мая вера?», 1883—84; «Дык што ж нам рабіць?», 1885—86, і інш.), у якіх абвінаваціў афіц. царкву ў падтрымцы і апраўданні вайны і насілля. У трактаце «Царства божае ўнутры вас» (1893, на франц. мове; у Расіі забаронена, апубл. 1906) гал. аб’ектамі выкрывання сталі ваеншчына, мілітарызм, сац.-паліт. сілы, занятыя маральнай і эканам. падрыхтоўкай крывавых канфліктаў і сусв. вайны. Панарама жыцця з яго вечнымі пытаннямі дабра і зла, любові і нянавісці, смерці і бяссмерця прадстаўлена ў шматлікіх маст. празаічных («Халстамер», «Смерць Івана Ільіча», абодва 1886; «Крэйцэрава саната», 1891; «Айцец Сергій», 1911, і інш.) і драматычных («Улада цемры», 1886; «Плады асветы», 1890) творах. Складаныя пытанні мастацтва ў трактаце «Што такое мастацтва?» (1897—98). У канцы 19 ст. стварыў ўласную арыгінальную тэорыю, у аснове якой ідэя ненасілля — своеасаблівая «праграма міру» з універсальным комплексам маральных і сац.-этычных патрабаванняў. Найвышэйшую мэту ён бачыў у яднанні людзей і іх самаўдасканаленні праз адмаўленне служыць злу насілля. У рамане «Уваскрэсенне» (1899) праз лёс гал. герояў, праз іх блуканне па «кругах» чалавечай чысціні, падзенняў, пакут, духоўнага ўваскрэсення, па «кругах» жорсткай і бязлітаснай бюракратычнай машыны Т. паказаў праўдзівую і кантрастную карціну розных бакоў жыцця тагачаснай Расіі. У 1901 Сінод адлучыў Т. ад царквы. У творах апошніх дзесяцігоддзяў — драме «Жывы труп», аповесцях «Пасля балю» (абедзве апубл. 1911), «Хаджы-Мурат» (апубл. 1912), т.зв. нар. апавяданнях — дасягнуў незвычайнага майстэрства лаканічнага пісьма: тонкасць і глыбіня псіхал. аналізу суседнічаюць у іх з адкрытай пропаведдзю супраць антыгуманных, жорсткіх праяў грамадскага жыцця. Усё большае месца ў яго творчасці займала публіцыстыка, ён адгукаўся на балючыя і вострыя пытанні сучаснасці («Рабства нашага часу», «Не забі», абодва 1900; «Не магу маўчаць!», «Корань зла», абодва 1908, і інш.). Сусв. рэзананс атрымала яго антываен. публіцыстыка («Салдацкая памятка», «Афіцэрская памятка», абодва 1901; «Адумайцеся!», 1905). 10.11.1910 Т. пакінуў Ясную Паляну, па дарозе цяжка захварэў і на ст. Астапава (цяпер Леў Талстой Ліпецкай вобл.) памёр. Творчасць Т., якая вырасла на класічных традыцыях, стала эпохай свядомасці чалавецтва. Велізарнае ўздзеянне маст. адкрыццяў Т. на сусв. л-ру, у т. л. беларускую. Для стваральнікаў сучаснай бел. л-ры Я.​Купалы і Я.​Коласа асаблівае значэнне меў талстоўскі пафас сцвярджэння і абароны мужыцкай праўды ў л-ры, нар. этыкі і мовы як вышэйшай нормы. Для ваен. прозы М.​Гарэцкага Т. быў узорам мужнай, бязлітаснай шчырасці і праўды ў паказе вайны і чалавека на вайне, паслядоўнага антымілітарызму. Побач з Ф.​Дастаеўскім і А.​Бальзакам для К.​Чорнага Т. з яго шырокім, эпічным поглядам на жыццё народа быў той мерай сталасці сучаснага рамана, якую бел. пісьменнік імкнуўся зрабіць нормай, традыцыяй і для бел. прозы. Талстоўскае сцвярджэнне праўды як гал. і нязменнага героя яго твораў арганічна ўласціва маст. талентам Я.​Брыля і В.​Быкава, І.​Навуменкі і І.​Шамякіна. Кожны з іх па-свойму ўспрыняў і працягвае талстоўскую традыцыю. І.​Мележ у «Палескай хроніцы» апіраўся ў сваіх жанравых і маст. пошуках на эпічную традыцыю Т. Талстоўская мера шчырасці, спавядальнасці і бязлітаснай праўды ўплывае на таленты, найб. чулыя да рэальнага жыцця народа. Першыя пераклады твораў Т. на бел. мову апубл. ў газ. «Наша ніва» (10.3.1911, апавяданне «Воўк і сабака»). Газ. «Минское эхо» (8.7.1908), апубл. памфлет Т. «Не магу маўчаць!», газ. «Белорусский вестник» — урывак «Барадзіно» з рамана «Вайна і мір». Артыкул «Пра Л.​М.​Талстога і пралетарыят» Я.​Окуня надрукавала газ. «Могилевский голос» (11.2.1906). Пра Т. і яго творы друкавалі матэрыялы газ. «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский голос», «Минский курьер». «Гомельская мысль» і інш. Творы Т. на бел. мову перакладалі А.​Астрэйка, Я.​Брыль, Э.​Валасевіч, В.​Вітка, Ю.​Гаўрук, М.​Клімковіч, М.​Лужанін, У.​Ляўданскі, Л.​Салавей, Я.​Скрыган, А.​Якімовіч і інш. Творчасць Т. даследавалі бел. літ.-знаўцы А.​Адамовіч, Ф.​Куляшоў, У.​Сабаленка. даследуюць А.​Несцярэнка, С.​Чубакоў. Творы Т. ставілі т-ры Беларусі: «Улада цемры» Гродзенскі абл. драм. т-р (1959), Дзярж. рус. драм. т-р (1960), Бел. т-р імя Я.​Коласа (1969), «Жывы труп» т-р імя Я.​Коласа, Брэсцкі абл. драм. т-р (абодва 1951), Бел. т-р імя Я.​Купалы (1961); «Ганна Карэніна» рус. драм. т-р (1938), Брэсцкі абл. драм. т-р (1950, 1961), т-р імя Я.​Купалы (1951); «Уваскрэсенне» т-р імя Я.​Купалы (1960); балет «Пасля балю» Г.​Вагнера Дзярж. т-р оперы і балета Беларусі (1972).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т 1—90. М., 1928—58;

Собр. соч. Т. 1—22. М., 1978—85;

Севастопольские рассказы. Мн., 1984;

Детство. Отрочество. Юность. Мн., 1985;

Бел. пер. — Ці шмат чалавеку трэба зямлі і др. апавяданьні. Вільня, 1928;

Ад чаго зло на сьвеце. Вільня, 1929;

Хаджы-Мурат. Мн., 1931;

Васкрэсенне. Мн., 1937;

Палікушка. Пасля бала. Мн., 1937;

Севастопальскія апавяданні. Мн., 1937;

Каўказскі нявольнік. Мн., 1941;

Апавяданні для дзяцей. Мн., 1946;

Аповесці і апавяданні. Мн., 1954; Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак. Мн., 1977.

Літ.:

Гусев Н.Н. Л.​Н.​Толстой: Материалы к биогр. М., 1954—70;

Гудзий Н.К. Лев Толстой. 3 изд. М., 1960;

Шифман А.И. Лев Толстой и Восток. М., 1960;

Вересаев В.В. Живая жизнь: О Достоевском и Л.​Толстом ... М., 1991;

Арденс Н.Н. Творческий путь Л.​Н.​Толстого. М., 1962;

Яго ж. Достоевский и Толстой. М., 1970;

Толстой и зарубежный мир. Т. 1—2. М., 1965;

Бунин И.А. Освобождение Толстого // Собр. соч. М., 1967. Т. 9;

Куприянова Е.Н. Эстетика Л.​Н.​Толстого. М.; Л., 1966;

Чубаков С.Н. Лев Толстой о войне и милитаризме. Мн., 1973;

Яго ж. «Все дело жизни»: (Лев Толстой и поиски мира). Мн., 1978;

Ломунов К.Н. Лев Толстой в современном мире. М., 1975;

Адамович А.М. Лев Толстой и белорусская литература: (Война и человек). Мн., 1978;

Кулешов Ф.И. Л.​Н.​Толстой. Мн., 1978;

Л.Н. Толстой в воспоминаниях современников. Ч. 1—2. М., 1978;

Леў Талстой і Беларусь. Мн., 1981;

Соболенко В.Н. Жанр романа-эпопеи: (Опыт сравнительного анализа «Войны и мира» Л.​Толстого и «Тихого Дона» М.​Шолохова). М., 1986;

Опульская Л.Д. Романэпопея Л.​Н.​Толстого «Война и мир». М., 1987;

Библиография литературы о Л.​Н.​Толстом, 1917—1958. М., 1960;

Тое ж, 1959—1961. М., 1965;

Тое ж, 1962—1967. М., 1972;

Тое ж, 1968—1973. М., 1978;

Библиографический указатель литературы о Л.​Н.​Толстом, 1974—1978. М., 1990;

Тое ж, 1979—1984. М., 1999.

А.​М.​Адамовіч, С.​Н.​Чубакоў.

Л.М.Талстой.

т. 15, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)