ПРАКО́ПЧЫК (Леанід Цімафеевіч) (14.11.1933, Мінск — 7.12.1998),
бел. пісьменнік. Скончыў Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (Масква, 1958). Хадзіў матросам на рыбалавецкім траўлеры, настаўнічаў, быў журналістам, працаваў у саўгасе на Піншчыне, на Бел. тэлебачанні, рэжысёрам мультфільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1958. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў «Даўгінаўскія вёрсты» (1977), «Ў краі Налібоцкай пушчы», «Ёсць у сэрцы запаветны куток» (абедзве 1979), «Адкуль у вёскі імя» (1981), «Дрэмле памятка дзён» (1991). Апісаў многія літ.-гіст. мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Ядвігіна Ш., З.Бядулі і асабліва Я.Купалы. П’еса П. (з Дз.Кальчанкам) «Князь Наваградскі» паст. Гродзенскім драм. т-рам у 1988 (на яго лібрэта кампазітар А.Бандарэнка напісаў аднайм. оперу, паст. 1992). Па сцэнарыях П. Бел. тэлебачанне і «Беларусьфільм» паст. фільмы «Наваградак, чытаючы Міцкевіча» (1980), «Налібоцкія пчаляры» (1982), «Круіз на кані» (1990), «Напалеон Орда» (1991), «Беларускія ратушы» (1992).
І.У.Саламевіч.
т. 12, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)