Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант. арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
т. 3, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛА
(ад лац. villa сядзіба, маёнтак),
загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.Л.Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.Нёйтра і інш.).
т. 4, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)