ПАЛА́ДЫО (Palladio; сапр. ды П’етра Манара; di Pietro Monaro) Андрэа

(30.11.1508, г. Падуя, Італія — 19.8.1580),

італьянскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; прадстаўнік Позняга Адраджэння. Пад кіраўніцгвам Дж.Дж.Трысіна атрымаў арх. і ўсебаковую гуманіст. адукацыю. У ранніх творах спалучаў рым. веліч шырокіх адкрытых аркад з венецыянскай свабодай і багаццем дэкору (т.зв. Базіліка ў Вічэнцы, перабудавана ў 1549 з палаца Раджоне, 13 ст.). Шматлікія палацы ў Вічэнцы (палацца Т’ене, К’ерыкаці, 1551; Вальмарана, пачаты ў 1566; т.зв. лоджыя дэль Капітаніо, 1571) — звычайна цагляныя пабудовы з ордэрнымі атынкаванымі фасадамі; ордэрную сістэму выкарыстоўваў для разнастайных кампазіцыйных варыяцый з улікам канкрэтных умоў буд-ва. Майстэрства гарманічна звязаць архітэктуру з ландшафтам выявілася ў вілах, адметных выразнасцю і прастатой форм і агульнай кампазіцыі (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы, 1551—67, скончана ў 1580—91, арх. В.Скамоцы). У культавых пабудовах (царква Сан-Джорджа Маджорэ ў Венецыі, 1565—80) аб’яднаў матыў ант. порціка на фасадзе з базілікальным тыпам храма. Адзін з першых стварыў праект тэатр. будынка новага часу (т-р «Алімпіка» ў Вічэнцы, 1580—85, скончаны арх. Скамоцы), у якім спалучыў класічную форму амфітэатра з ілюзорнымі дэкарацыямі сцэны. Аўтар трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» (1570) — рэнесансавая інтэрпрэтацыя працы Вітрувія, кніг «Рымскія старажытнасці» (1554) і «Каментарыі да Юлія Цэзара» (1575). Творчасць П. паўплывала на развіццё класіцыстычнага кірунку ў еўрап. архітэктуры 17—18 ст. (гл. Паладыянства).

Тв.:

Рус. пер. — Четыре книги об архитектуре. М., 1938.

Літ.:

Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

А.Паладыо.
А.Паладыо. Палацца К’ерыкаці ў г. Вічэнца. 1551.
А.Паладыо. План вілы «Ратонда» каля г. Вічэнца. 1551—67.

т. 11, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)