ЧЭЛІ́НІ (Cellini) Бенвенута (3.11.1500, г. Фларэнцыя, Італія — 13.2.1571),

італьянскі скульптар, ювелір, пісьменнік; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў ювеліра М.​Бандынелі, зазнаў уплыў Мікеланджэла. З 1532 працаваў у Фларэнцыі, Пізе, Балонні, Венецыі, Рыме, з 1540 — у Парыжы і Фантэнбло пры двары Францыска I. У сваіх творах увасабляў вытанчаныя, празмерна выцягнутыя фігуры, часта ў складаных паваротах (сальніца караля Францыска I, 1539—43; «Нарцыс», 1540-я г.; «Укрыжаванне», 1562, у касцельным комплексе Эскарыял, Іспанія), вырашаў праблемы абсалютна круглай скульптуры (статуя «Персей», 1545—54, Лоджыя дэі Ланцы, Фларэнцыя). Аўтар мемуараў «Жыццё Бенвенута, сына маэстра Джавані Чэліні фларэнцінца, напісанае ім самім у Фларэнцыі» (не завершаны, прадыктаваны ім паміж 1558 і 1565; выд. 1728), якія вылучаюцца непасрэднасцю аповеду, ігнараваннем норм літ. стылю, правіл граматыкі; у ёй мова вуліцы, ярка ўвасоблены характар чалавека позняга італьян. Адраджэння. Тэарэт. праца «Два трактаты пра ювелірнае мастацтва і скульптуру» (1568).

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь... 2 изд. М., 1958.

Літ.:

Виппер Б.Р. Бенвенуто Челлини // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970.

Б.Чэліні. Сальніца караля Францыска I.

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)