ФЛАРЭ́НЦЫЯ (Firenze),

горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна. Адм. ц. вобл. Таскана і аднайм. правінцыі. Каля 450 тыс. ж. (1999). Важны прамысл. і культ. цэнтр краіны. Буйны трансп. вузел. Прам-сць: металургія, машынабудаванне (цяжкае, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, вытв-сць фотаапаратуры, астр. прылад), хім., нафтаперапр., тэкст., у т. л. шарсцяная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., шкляная, паліграфічная, харч. (тытунёвая, макаронная, кансервавая). Вытв-сць ювелірных вырабаў; маст. рамёствы. Ун-т (з 1321). Кансерваторыя. Акадэмія мастацтваў, Тасканская акадэмія навук і л-ры. Старэйшы ў Еўропе Бат. сад (з 1545). Астрафіз. абсерваторыя. Б-кі. Тэатры, у т. л. оперны «Тэатр Камунале» (з 1862). Міжнар. муз. фестывалі. Турызм.

Засн. ў 1 ст. да н.э. рымлянамі на месцы стараж. этрускага паселішча. У 10—11 ст. н.э. ў складзе Тасканскага маркграфства. З 11 ст. значны гандл. і рамесны (гал. ч. сукнаробства) цэнтр, з 1115 незалежная камуна, з 1252 чаканіла залаты фларын, які стаў агульнаеўрап. валютай. З 14 ст. тут узніклі мануфактуры. У 14—16 ст. Ф. — адзін з цэнтраў італьян. Адраджэння (гл. Фларэнційская школа жывапісу). У 1434—94, 1512—1737 (з перапынкам у 1527—30) у горадзе ўсталявалася сіньярыя роду Медычы. У 1532 Фларэнційская дзяржава займала значныя тэр. з гарадамі Піза, Ліворна і інш., стала герцагствам, а з 1569 — Вял. герцагствам Тасканскім са сталіцай у Ф. У 1801—07 Ф. — сталіца каралеўства Этрурыя, залежнага ад напалеонаўскай Францыі. З 1860 у складзе Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства; у 1865—71 сталіца аб’яднанага Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, адзін з цэнтраў італьян. руху Супраціўлення. У жн. 1944 вызвалена партызанамі і англа-амер. войскамі.

Асн. частка забудовы Ф. (пераважна ў стылях готыкі і ранняга Адраджэння) на правым беразе р. Арна. Захаваліся стараж.-рым. прамавугольная планіроўка горада, фрагменты сярэдневяковых гар. умацаванняў. У гіст. цэнтры сістэма звязаных паміж сабой трох гал. плошчаў. На П’яцца дэль Дуома (Саборная пл.) баптыстэрый Сан-Джавані (з 1059, 13 ст.) з бронз. дзвярыма з рэльефамі [паўд., 1330—36, скульпт. Андрэа Пізана; паўн., 1404—24; усх. («Райскія»), 1425—52, абодва скульпт. Л.​Гіберці], сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (з 1296, арх. Арнольфа ды Камбіо; купал, 1420—36, арх. Ф.​Брунелескі; кампаніла, 1334—59, праект Джота ды Бандоне і інш.). На пл. П’яцца дэла Сіньёрыя — Палацца дэла Сіньёрыя [Палацца Век’ё; з 1298, арх. Арнольфа ды Камбіо (?), 15—16 ст., арх. Дж.​Вазары і інш.; цяпер музей], Лоджыя дэі Ланцы (1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.​Таленці), у Лоджыі і на плошчы пастаўлена скульптура Данатэла, Джамбалоны, Б.​Чэліні і інш., копія статуі «Давід» Мікеланджэла. Сярод інш. помнікаў: касцёлы Сан-Міньята аль Монтэ (з 1014), Санта-Марыя дэль Карміне (1258, у капэле Бранкачы фрэскі Мазачыо, 15 ст., і інш.), Санта-Марыя Навела (1278—1360, фасад 1456—70, арх. Л.​Б.​Альберці, фрэскі Мазачыо, Д.​Гірландайо, Ф.​Ліпі, П.​Учэла), Санта-Крочэ (13 ст., у інтэр’еры творы Данатэла і інш., грабніца Мікеланджэла, 1570, скульпт. Вазары) з капэлай Пацы (з 1429, арх. Брунелескі, дэкор інтэр’ера Л. дэла Робія, Брунелескі; цяпер музей), Арсанмікеле (з 1290, арх. Арнольфа ды Камбіо і інш., скульптура Гіберці, А. дэль Верок’ё і інш.), Сан-Ларэнца [1422—46, арх. Брунелескі; Старая сакрыстыя, 1428, яго ж, Новая сакрыстыя (капэла Медычы) з надмагіллямі Ларэнца і Дж.​Медычы і статуяй «Мадонны», 1520; б-ка Лаўрэнцыяна, 1524, абодва Мікеланджэла]; палацца Піці (цяпер Палаціна галерэя), Медычы-Рыкардзі (1444—60, арх. Мікелоца ды Барталамео, размалёўка капэлы, 1459, Б.​Гоцалі; цяпер музей), Пандольфіні (1520, праект Рафаэля) і інш.; Выхаваўчы дом (1421—44, арх. Брунелескі), мост Понтэ Век’ё (14 ст.), крэпасць Сан-Міньята (1530—33. Мікеланджэла). У 20 ст. ўзведзены цэнтр. вакзал (1930—36, арх. Дж.Мікелучы і інш.), стадыён (1932, арх. П.Л.Нерві) і інш. Ф. наз. горадам-музеем. Музеі: сабора, Нац. (у Палацца Барджэла), галерэі Уфіцы і АМ, Хорна, Каса Буанароці, археалагічны. Каля Ф. рэнесансавыя вілы сям’і Медычы ў Карэджы (1443, арх. Мікелоца ды Барталамео) і Паджоа-Каяна (перабудавана ў 1485, арх. Дж. да Сангала, і ў 16 ст.). Гіст. цэнтр Ф. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Виллани Дж. Новая хроника, или История Флоренции: Пер. с итал. М., 1997;

Флоренция: музеи, галереи, церкви, дворцы, памятники. Флоренция, 2001.

Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Фларэнцыя. Званіца Джота (на пярэднім плане).
Панарама г. Фларэнцыя.

т. 16, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)