ПАЗІТЫВІ́ЗМ (франц. positivisme ад лац. positivus станоўчы),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спец. навукі, што абапіраюцца на эмпірычны вопыт. Узнік у 1830—40-я г. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А.Конт. Гіст. папярэднікамі П. з’яўляюцца Ж.Д’Аламбер, А.Сен-Сімон, А.Р.Ж.Цюрго, Д.Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця П. 1-ы этап — класічны. Яго гал. прадстаўнікі — Конт, Э.Літрэ, Ж.Э.Рэнан, І.Тэн (Францыя), Дж.Міль, Г.Спенсер, К.Пірсан (Вялікабрытанія), П.Л.Лаўроў, У.В.Лясевіч, М.К.Міхайлоўскі, М.М.Троіцкі (Расія) і інш. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненне ад абстрактна-метафіз. тлумачэнняў павінны быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццявімымі і карыснымі, а асн. задача любой навукі і пазнання ў цэлым заключаецца ў вызначэнні пастаянных і ўстойлівых сувязей паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Яго тэарэтыкі Р.Авенарыус, Э.Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спец. тэорыі навук. пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае вывады ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм, які ў адрозненне ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцца вынікі звычайнага або канкрэтна-навук. мыслення (гл. Аналітычная філасофія). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму ў якасці ідэальнага сродку аналіт. філас. дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы П. далучаліся Л.С.Стэбінг, Дж.Уісдам (Вялікабрытанія), К.Г.Гемпель, Г.Шольц (Германія), Э.Нагель, Ч.Морыс, П.У.Брыджмен (ЗША), К.Айдукевіч (Польшча) і інш. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднаных назвай «постпазітывізм», якія аддаюць асн. ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць вырашэнне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філас. сістэма П. паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-й пал. 19 ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сац. тэорыі стала адной з тэарэт. асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае з саюзу навукі і прам-сці. Паводле П., сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязей, у якія яны ўключаюцца і якой павінны падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для інш. філас. кірункаў (напр., экзістэнцыялізму), механістычных, геагр., расава-антрапалагічных навук. школ.

Літ.:

Трошкина В.П. Социологическая концепция Огюста Конта. М., 1984;

Современная философия науки: Хрестоматия. М., 1994;

Философия и методология науки. М., 1996.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)