СКЕПТЫЦЫ́ЗМ (франц. scepticisme ад грэч. skeptikos які разглядае, даследуе),
філасофская пазіцыя, якая характарызуецца сумненнем у існаванні якога н. надзейнага крытэрыя ісціны. Заснавальнікам С. як філас. дактрыны лічыцца стараж.-грэч. філосаф Пірон (каля 365—275 да н.э.), сістэматызаваў такія погляды Секст Эмпірык. У сярэдневякоўі С. выступаў як сінонім вальнадумства, форма крытыкі царк. догматаў (напр., твор П.Абеляра «Так і не так»). У 16—18 ст. ідэі С. былі накіраваны супраць сярэдневяковай схаластыкі (М. дэ Мантэнь, П.Шарон, П.Бейль і інш.). У філасофіі Д.Юма, І.Канта ён прымаў такую форму, якая прыводзіла да агнастыцызму. С. грунтуецца на розных тэарэт. перадумовах. Імі могуць быць або сумненне ў надзейнасці пачуццёвага пазнання, або перабольшванне значэння факта адноснасці (незавершанасці, зменлівасці) чалавечых ведаў. У апошнім выпадку С. з’яўляецца рэакцыяй на дагматызм абстрактных філас. пабудоў, што праявілася ў філасофіі Юма, Канта, пазітывістаў (А.Конта, Г.Спенсера). У звычайным сэнсе С. — гэта настрой, псіхічны стан няўпэўненасці, якія арыентуюць на ўстрыманне выказваць якія-н. катэгарычныя меркаванні.
Літ.:
Рихтер Р. Скептицизм в философии: Пер. с нем. Т. 1. СПб, 1910;
Лосев А.Ф. Культурно-историческое значение античного скептицизма и деятельность Секста Эмпирика // Секст Эмпирик. Соч. М., 1975. Т. 1;
Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000.
А.Б.Савеня.
т. 14, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)