САЛІДА́РНАСЦЬ,
сацыяльна-філасофскае паняцце, якое азначае агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне асн. прынцыпаў светапогляду, сумесныя практычныя дзеянні дзеля станоўчага вырашэння важных грамадскіх праблем, сумесную адказнасць за стан дзяржавы і грамадства. Канцэпцыі С. займаюць цэнтр. месца ў сістэме сацыяліст. ідэй, нац. і нацыяналіст. ідэалогіях, ідэйна-паліт. праграмах сац., нац.-вызв., рэфарматарскіх і інш. масавых рухаў, што імкнуцца мабілізаваць энергію людзей і накіраваць яе на дасягненне агульных праграмных ідэй. Паводле франц. філосафа А.Конта, С. з’яўляецца вынікам падзелу працы. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм адрозніваў механічную С., характэрную для неразвітых архаічных грамадстваў, і арганічную, характэрную для развітога грамадства з дасканалай сістэмай падзелу працы. С. — цэнтр. катэгорыя рус. філасофіі народніцтва, прадстаўнікі якога лічылі С. найважнейшым крытэрыем развіцця грамадства: яе нарастанне прыводзіць да прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту, а зніжэнне выклікае барацьбу за існаванне, беднасць і абвастрэнне сац. канфліктаў (М.А.Бакунін, П.А.Крапоткін, П.Л.Лаўроў, Л.І.Мечнікаў, М.К.Міхайлоўскі і інш). Вышэйшы сэнс С. народнікі бачылі ва ўзгадненні матэрыяльных і нематэрыяльных інтарэсаў кожнай асобы з яе грамадскімі абавязкамі. Лаўроў, Мечнікаў экстрапаліравалі паняцце С. па-за межы чалавечага грамадства, лічылі яе якасцю ўсяго арган. свету, у якім узаемная падтрымка забяспечвае выжыванне пэўнага віду ў барацьбе з інш. і служыць фактарам яго развіцця. На іх думку, С. у грамадстве разбураецца пад уплывам рыначных адносін, індывідуалізму. Паводле Лаўрова, перадумовай С. з’яўляецца ліквідацыя эканам. канкурэнцыі. Мечнікаў разглядаў С. як гал. фактар гіст. працэсу, а прагрэс у грамадстве звязваў з узроўнем развіцця кааперацыі і паслядоўнай зменай яе форм: паднявольныя саюзы, якія трымаюцца на знешнім прымусе, саступаюць месца падпарадкаваным саюзам, якія залежаць ад падзелу працы; канчатковай і вышэйшай формай кааперацыі з’яўляецца свабодны саюз індывідаў, у якім С. усталёўваецца ў выніку свабоднага волевыяўлення.
Літ.:
Лавров П.Л. Философия и социология: Избр. произв. Т. 2. М., 1965;
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;
Мечников Л.И. Цивилизация и великие исторические реки. Статьи. М., 1995.
В.І.Боўш.
т. 14, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)