КАНФЛІКТАЛО́ГІЯ (ад канфлікт + ...логія),

галіна навук. ведаў, якая даследуе прычыны і заканамернасці ўзнікнення і развіцця канфліктаў, спосабы іх прадухілення і вырашэння. Ідэі К. вядомы з часоў ант. Грэцыі (Геракліт, Платон, Арыстоцель), атрымалі развіццё ў творах Н.​Макіявелі, Т.​Гобса, А.​Конта, К.​Маркса, Э.​Дзюркгейма, Г.​Зімеля, М.​Вебера, У.​І.​Леніна і інш. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся дасканала распрацаваныя канфлікталагічныя тэорыі Л.​Козера, Р.​Дарэндорфа, Р.​Колінза і інш. У СССР першыя абагульняльныя публікацыі па праблемах К. з’явіліся на мяжы 1990-х г., у Расіі ідэі К. распрацоўваюць навукоўцы А.​Р.​Здравамыслаў, Ю.​Г.​Запрудскі, У.​М.​Кудраўцаў, У.​П.​Казімірчук. На Беларусі ідэі К. развівалі К.​Лышчынскі, Ф.​Багушэвіч, К.​Каліноўскі; у наш час распрацоўваюць Я.​М.​Бабосаў, Н.​Ф.​Вішнякова, У.​П.​Шэйнаў. Сучаснае развіццё К. звязана з яе дыферэнцыяй на псіхал., сац., юрыд. і інш.

Літ.:

Здравомыслов А.Г. Социология конфликта. 2 изд. М., 1995;

Бабосов Е.М. Конфликтология. Мн., 1997;

Юридическая конфликтология. М., 1995.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)