САЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. societas грамадства + ...логія),

навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сац. супольнасцей і працэсаў, пра сац. адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сац. арганізм. Тэрмін «С.» ўвёў стваральнік гэтай навукі А.​Конт, які сінтэзаваў найб. плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сац. дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»; тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай. Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі С. ажыццявіў Г.​Спенсер, які стварыў канцэпцыю сац. ін-таў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей. Канцэпцыя сацыялагізму найб. поўна адлюстравана ў працах Э.​Дзюркгейма, які вызначаў прадмет С. як сац. факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай. Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сац. з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў С. статыстыкі. М.​Вебер вызначаў С. як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сац. дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы. П.​А.​Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» С. і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сац. заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асн. тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх ін-таў, сац. палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.

Працэс фарміравання С. адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналіт. падыходу, тэарэт. пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэт. арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філас. плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» С. Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сац. дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэт. арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т.​Парсапс, Р.​К.​Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.

На Беларусі сацыялагічная думка мае традыцыі, асновы якіх закладзены ў 19 ст., у т. л. ў працах К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, А.​Пашкевіч (Цётка) і інш. У той час яна імкнулася да агульнатэарэт. пабудоў; з аднаго боку, злівалася з сац. філасофіяй, з другога — з працамі этнагр. і дэмаграфічнага характару. Пасля стварэння АН Беларусі (1929) маштабы даследчай работы пашырыліся: вывучэнне сац.-эканам. і сацыякульт. праблем развіцця бел. нацыі (Я.​Ф.​Карскі, С.​М.​Некрашэвіч), дынамікі сац. структуры грамадства (У М.​Ігнатоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі), С. сям’і і рэлігіі (С.​Я.​Вальфсон, Б.​Э.​Быхоўскі), асветы і выхавання (С.​М.​Васілейскі, А.​А.​Гайвароўскі, С.​М.​Рыверс). З канца 1930-х да сярэдзіны 1950-х г. гіст. падзеі надоўга вывелі айчынную С. па-за межы прыярытэтных навук. Аднак ускладненне сац. праблем, неабходнасць аналізу і прагназавання асн. тэндэнцый развіцця грамадства, вывучэння грамадскай думкі па актуальных пытаннях патрабавалі ўзнаўлення і развіцця С. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця даследаванняў па С. У 1965 засн. грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў; у 1968 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар (пазней аддзел) С., пры БДУ — Праблемная н.-д. лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, у БПІ, ін-це нар. гаспадаркі і інш. ВНУ — сацыялагічныя лабараторыі. У 1989 засн. Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў (з 1990 Ін-т С.), у БДУ — кафедра С. У 1990-я г. створаны недзярж. ін-ты і цэнтры сацыялагічнага профілю (Бел. сацыялагічная служба «Грамадская думка», Незалежны ін-т сац.-эканам. і паліт. даследаванняў, прыватнае даследчае прадпрыемства «НОВАК», Гомельскі сацыялагічны цэнтр «Аракул» і інш.). У 1996 створаны Ін-т сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. У наш час бел. сацыялагічная школа мае шэраг кірункаў; гісторыя і тэорыя С. (Г.​П.​Давідзюк, Я.​М.​Бабосаў, І.​І.​Антановіч, А.​М.​Елсукоў); С. асобы, распрацоўка тэорыі катастроф, С. канфліктаў (Бабосаў); С. трансфармацыйных працэсаў у грамадстве, С. моладзі (А.​М.​Данілаў); эканам. С. і С. працы (Г.​М.​Сакалова); С. сям’і (М.​Р.​Юркевіч, С.​Д.​Лапцёнак, С.​Н.​Бурава); С. навукі (Г.​А.​Несвятайлаў); С. культуры (Э.​К.​Дарашэвіч, В.​І.​Русецкая, Л.​Р.​Цітарэнка, С.​В.​Лапіна); С. адукацыі (А.​І.​Ляўко, В.​А.​Кліменка); паліт. С. (І.​В.​Катляроў, В.​В.​Бушчык); С. камунікацый (А.​Ц.​Манаеў); С. дэвіянтных паводзін (М.​А.​Бараноўскі); метадалогія сацыялагічных даследаванняў (С.​А.​Шавель, А.​У.​Рубанаў); методыка аператыўных даследаванняў (Д.​Г.​Ротман); распрацоўка асн. кірункаў дэмаграфічнай палітыкі краіны (А.​А.​Ракаў) і інш.

Літ.:

Конт О. Курс положительной философии: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1899—1901;

Спенсер Г. Основные начала: Пер. с англ. СПб., 1867;

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Вебер М. Избр. произв: Пер. с нем. М., 1990;

Сорокин П.А. Система социологии: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1993;

Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;

Давидюк Г.П. Прикладная социология. Мн., 1979;

Бабосов Е.М. Социология. Ч. 1. Общая социол. теория. Мн., 1998;

Социология. Мн., 1998.

Г.​М.​Сакалова.

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)