Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́М БРЭ́МЕНСКІ
(Adam von Bremen; ? — паміж 1081 і 1085),
паўночна-герм. храніст, брэменскі канонік. Аўтар працы «Жыццяпісы епіскапаў Гамбургскай царквы» (паміж 1072 і 1076, 4 кн., на лац. мове), засн. на хроніках, манастырскіх аналах, дакументах з архіва Брэменскага архіепіскапства і інш., у якіх адлюстраваны гісторыя, геаграфія, культура, побыт скандынаваў і зах. славян, гісторыя славяна-герм. адносін.
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРУШЭ́ВІЧ Ян
(пач. 16 ст. — 1567 ?),
рэлігійны і дзярж. дзеяч ВКЛ, паэт-лацініст. Канонік у Вільні, біскуп у Кіеве і Луцку. Аўтар дыдактычна-рэліг. паэмы «Lens Lituana olim...» (каля 1543) пра легендарнае забойства ў Вільні 14 францысканскіх манахаў у перыяд княжання Альгерда (1345—77). Гал. змест і пафас паэмы ў апалагетычна-хрысц. тэндэнцыйнасці, дыдактызме, асуджэнні братазабойстваў.
Літ.:
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
т. 1, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІ Канстанцін Казімір
(1644—кастр. 1722),
царкоўны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Д-р тэалогіі (1669). З роду Бжастоўскіх. З 1661 канонік віленскі, з 1664 кафедральны прапаведнік. Вышэйшую багаслоўскую адукацыю атрымаў у Рыме. З 1671 сакратар ВКЛ, настаяцель касцёла ў Троках, пісар ВКЛ. З 1684 біскуп смаленскі, у 1687—1722 біскуп віленскі. Адзін з ініцыятараў вынясення смяротнага прыгавору К.Лышчынскаму ў 1689. Падтрымліваў каралёў Яна III Сабескага і Аўгуста II у паліт. барацьбе супраць групоўкі кн. Сапегаў. У 1705 пры сустрэчы ў Верках (каля Вільні) з Пятром І спрабаваў абараніць уніятаў ад царскіх ганенняў. Разам з б. сваім ворагам Казімірам Сапегам уступіў у Віленскую канфедэрацыю 1716 супраць саксонскай дынастыі. Фундаваў і асвяціў шмат касцёлаў. Спрыяў уніятам, нецярпіма ставіўся да дысідэнтаў. Аўтар багаслоўскіх твораў.
т. 3, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ Станіслаў Іванавіч
(3.9.1731, в. Занкі Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.12.1826),
бел. вучоны, рымска-каталіцкі царк. дзеяч, літаратар. Дзядзька В.Дуніна-Марцінкевіча. Скончыў Варшаўскую школу піяраў (1763), настаяцель у Гомелі і Бабруйску, канонік і біскуп-суфраган у Вільні, З 1773 біскуп Бел. біскупства (цэнтр у Магілёве), з 1782 магілёўскі арцыбіскуп. Мітрапаліт рымска-каталіцкай царквы Рас. імперыі (1798—1826). З 1801 жыў у Пецярбургу, выбіраўся чл. Расійскай АН і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Заснаваў у Магілёве друкарню, у ёй выдаваў і свае творы. Аўтар твораў па гісторыі, філалогіі: «Аб Заходняй Расіі» (Магілёў, 1793; разглядае пытанне пра паходжанне беларусаў, украінцаў і рускіх), «Гісторыя Таўрыды» (т. 1—2, Браўншвейг, 1800; рус. пер. СПб., 1806), «Гісторыя сарматаў і славян» (т. 1—4. СПб., 1812), «Граматыка літоўская» (бел. мовы; не выдадзена). Выдаў і паставіў у Магілёве сваю вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783). Пісаў вершы, казанні і інш. дыдактычныя творы.
т. 3, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)