адзін з функцыянальных стыляў літаратурнай мовы, які абслугоўвае сферу афіц.-дзелавых пісьмовых зносін. Вылучаюцца 3 падстылі: канцылярска-дзелавы, дыпламатычны і юрыдычны, на аснове якіх ствараюцца заканад. акты, дакументы міжнар. права і дыпламатыі, пастановы, загады, інструкцыі, статуты, вядзецца службовая перапіска і інш.
Асн. рысы стылю: жанравая, кампазіцыйная і моўная стандартызаванасць; лагічнасць, акрэсленасць і дакладнасць; разгорнутасць зместу і багацце сродкаў перадачы інфармацыі; ускладненасць сінтаксісу, пашыранасць залежных канструкцый, рубрыкацый і пераліку; высокая частотнасць аддзеяслоўных назоўнікаў, вытворных прыназоўнікаў і злучнікаў; насычанасць спец. і абстрактнай лексікай і фразеалогіяй; адсутнасць суб’ектыўнай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі і вобразнага (пераноснага) ужывання слоў.
Літ.:
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБАСКРО́Б,
вышынны будынак на некалькі дзесяткаў паверхаў. Можа быць дзелавы, адм., жылы, атэль і інш. Пачалі будаваць у 1880-я г. ў ЗША з вынаходствам стальнога каркаса і пасажырскіх ліфтаў, у сувязі з павелічэннем шчыльнасці гар. забудовы і падаражаннем зямельных участкаў. У 20 ст. ўзводзяць у многіх краінах свету. Сярод самых высокіх Н. Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку (102 паверхі, выш. 381 м; 1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман»), «Сірс і Робак» у г. Чыкага (ЗША; 109 паверхаў, выш. 442 м; 1970—74, фірма «СОМ») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНХА́ТАН, Манхэтэн (Manhattan),
цэнтральная частка г.Нью-Йорк на в-ве Манхатан. Утварае адзін з 5 адм. раёнаў горада, абмежаваны на Зр. Гудзон (пратока Порт-Рывер), на У і Пд — пратокай Іст-Рывер, на ПнУ — пратокай Харлем. Пл. 35 км². Нас. каля 1,5 млн.чал.Дзелавы і гандл.цэнтр. Прычалы порта. М. перасякае гал. магістраль — Брадвей. Шмат прадпрыемстваў пераважна лёгкай і паліграф. прам-сці. У Верхнім М. (паўн.ч. М.) — музеі Метраполітэн, Натуральнай гісторыі, «Лінкальн-цэнтр» з Метраполітэн-опера і Нью-Йоркскай філармоніяй. Негрыцянскі раён Гарлем. У Цэнтр. М. — сядзіба ААН, Рокфелер-цэнтр. У Ніжнім М. — Нью-Йоркская біржа, банкі, вуліца Уол-Стрыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ВЕЛЬ, Рэвел (Rewell, Revell) Вільё Габрыэль (25.1.1910, г. Васа, Фінляндыя — ліст. 1964), фінскі архітэктар; лідэр фін. рацыяналізму. Вучыўся ў політэхн, ін-це ў Хельсінкі (1928—37). Творчасць адметная выразнай структурнай кампазіцыяй будынкаў, смелым спалучэннем крывалінейных і прамалінейных элементаў у пластычна багатай кампазіцыі, якая выяўляе іх функцыян, і канстр. мэтазгоднасць: у Хельсінкі — комплекс атэля «Палас» (1949—52), жылы комплекс Маўнула (1951—52), нар. школа ў раёне Мейлахты (1953), дзелавы цэнтр (1968, усе ў сааўт.); жылы дом (1950) і гар. храм (1964) у г. Васа, тэкст.ф-ка ў г. Ханка (1955), ратуша ў г. Таронта (Канада; 1958—65).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА РЭКО́РДАЎ ГІ́НЕСА (The Guinness Book of Records),
даведачнае выданне, у якім змешчаны звесткі пра выдатныя дасягненні, унікальныя з’явы і кур’ёзы ў свеце. Выдаецца з 1955 штогод (акрамя 1957 і 1959) у Вялікабрытаніі выд-вам «Гінес паблішынг лімітэд», заснавальнікамі якога былі кіраўнік брыт. піваварнай кампаніі «Гінес» Х.Бівер і ірландскія выдаўцы браты H. і Р.Макхуэртэры. Мае тэматычны прынцып пабудовы (раздзелы «Свет прыроды і космас», «Свет жывой прыроды», «Чалавек», «Навука і тэхніка», «Будынкі і збудаванні», «Транспарт», «Дзелавы свет», «Культура і мастацтва», «Чалавек і грамадства», «Дасягненні чалавека», «Спорт»); вызначаецца кампактным, сціслым выкладам матэрыялу. Вузкаспецыяльная інфармацыя выдаецца ў тэматычна абмежаваных выпусках-дадатках («Авіяцыя», «Караблі», «Аўтамабілі» і інш.). У кожным новым выданні звесткі абнаўляюцца. К.р.Г. перакладзена амаль на 50 моў свету, у т. л. на рус. мову (1990). На ўзор К.р.Г. ў розных краінах выходзяць даведнікі, блізкія да яе па аб’ёме і структуры (напр., у Расіі кн. «Дзіва: цуды, рэкорды, дасягненні», 2-е выд. 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ЖНЫЯ СТЫ́ЛІ,
функцыянальныя стылі літаратурнай мовы, звязаныя з пісьмовай формай выражэння і проціпастаўленыя размоўнаму стылю прыкметамі маналагічнасці, папярэдняй падрыхтаванасці, стандартызаванасці, разнастайнасці і складанасці моўных сродкаў. Сярод К.с. вылучаюць навуковы стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, публіцыстычны стыль і стыль маст. л-ры (гл.Мастацкі стыль).
Станаўленне К.с. звязана з узнікненнем пісьменнасці. Напачатку яны існавалі пераважна ў пісьмовай форме. На сучасным этапе развіцця мовы з пашырэннем сродкаў масавай камунікацыі К.с. функцыянуюць і ў вуснай форме (лекцыі, даклады, радыё, тэлебачанне). Пры вуснай форме функцыянавання ў іх пранікаюць элементы размоўнага стылю, якія, аднак, не аказваюць істотнага ўплыву на структуру стылю, на яго моўныя сродкі; пры гэтым размоўны стыль адчувае на сабе ўздзеянне К.с. (напр., вусны навук. даклад амаль не адрозніваецца ад фіксацыі яго ў пісьмовай форме). Сістэму стыляў, моўныя нормы і спосабы ўжывання літ. мовы вывучае стылістыка.
Літ.:
Розенталь Д.Э. Практическая стилистика русского языка. 5 изд. М., 1987;
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНГРЭГАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,
паслядоўнікі адной з плыней кальвінізму, якая ўзнікла ў 2-й пал. 16 ст. ў Англіі. К. абвясцілі поўную незалежнасць мясц. цэркваў або суполак (кангрэгацый); кожная з іх сама вызначала сімвал веры і культавую сістэму, выбірала служыцеляў культа і кіраўніцтва, прымала і выключала членаў. Заснавальнік першай кангрэгацыі — Р.Браўн (1581). К. актыўна ўдзельнічалі ў англ.бурж. рэвалюцыі 17 ст., стварылі паліт. партыю індэпендэнтаў, аснову арміі О.Кромвеля. Пасля рэстаўрацыі ў 1660 дынастыі Сцюартаў мноства К. перасялілася ў Новы Свет, дзе яны адыгралі значную ролю ў сац.-эканам. развіцці гэтага рэгіёна. К. перагледзелі вучэнне аб жорсткім наканаванні чалавечага лёсу, ідэю непагрэшнасці Бібліі, прыйшлі да высновы, што атрымальнікам божага дару з’яўляецца не індывід, а суполка як цэлае; высока ставілі навуку і адукацыю, прадпрымальніцтва і дзелавы поспех, вызначаліся актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. К. адыгралі вырашальную ролю ў заснаванні Гарвардскага, Іельскага і інш. каледжаў (пазней ун-ты), заявілі пра сябе як палітыкі і адміністратары. У 1960—70-я г. разам з прэсвітэрыянамі і метадыстамі К. стварылі ў Канадзе буйнейшую пратэстанцкую Аб’яднаную царкву, з евангелістамі і рэфарматарамі ў ЗША — Аб’яднаную царкву Хрыста (больш за 2 млн. вернікаў). Тэндэнцыя К. да аб’яднання праяўляецца ў стварэнні асацыяцый, саюзаў, саветаў, сінодаў і інш. З’яўляюцца ўдзельнікамі экуменісцкага руху (гл.Экуменізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАХВАЛА́ ВІ́ТАЎТУ», «Похвала о великом князи Витовте», «Сказание о великом князи Витовте»,
помнік бел. літаратуры 15 ст.; адзін з першых твораў бел. свецкай панегірычнай (гл.Панегірык) прозы. Напісана невядомым аўтарам ў канцы 1420-х г. у Смаленску. Вядома ў 4 рэдакцыях: 1-я (1428) — прыватны дзелавы запіс-пасляслоўе, змешчаны ў кнізе слоў Ісаака Сірына (што перапісана ў Смаленску); 2-я (летапісная, каля 1430) — асобны твор панегірычнага жанру, напісаны на аснове папярэдняй як своеасаблівае ідэйна-маст. завяршэнне 1-га бел.-літоўскага летапіснага зводу, захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446; 3-я (новая, 1-я пал. 16 ст.) — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «П.В.» з уступнай часткай т.зв.Смаленскай хронікі, збераглася ў спісах кароткай (гл.Красінскага летапіс) і пашыранай (гл.Альшэўскі летапіс) рэдакцыях 2-га бел.-літ. летапіснага зводу — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (рус. скарочаная, 16 ст.) змешчана ў розных гіст. зборніках, што бытавалі ў Расіі ў 16—18 ст. У творы ўслаўляецца вял.кн. Вітаўт як мудры і ўсемагутны валадар, гаспадар ВКЛ, які карыстаецца высокім міжнар. аўтарытэтам, ідэалагічна абгрунтоўваецца аб’яднаўчая палітыка князя на ўсх.-слав. землях. Напісана на падставе сапр.гіст. фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем стараж.-рус.літ. традыцый, кніжных выразаў і зваротаў, без рытарычнай шматслоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДНЕЙ (Sydney),
горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс.ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак.Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л.трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).
Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр. спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-й пал. 19 ст. С. — гал.прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.
У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЧЫ,
горад на Пд Пакістана, на ўзбярэжжы Аравійскага м.Адм. ц.прав. Сінд. 9,7 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Гал.эканам. (выпускаецца каля 50% прамысл. прадукцыі краіны), фін. (месцазнаходжанне гал. айчынных і замежных банкаў), гандл. і трансп. цэнтр; марскі порт, праз які праходзіць больш за 70% знешнегандл. абароту Пакістана, база марскога рыбалоўства. Міжнар. аэрапорт. У раёне К. першая ў краіне экспартна-вытв. зона свабоднага гандлю. АЭС. Прам-сць: тэкст., маш.-буд. (суднабудаванне, эл.-тэхн., зборка матацыклаў і матаролераў), металаапр., хім., нафтахім., дрэваапр., папяровая, гумава-тэхн., цэм., шкляная, швейная, гарбарна-абутковая, харчасмакавая, у т. л. рыбаперапрацоўчая, тытунёвая. Акадэмія Кваід-і-Азам. 3 ун-ты. Нац. музей.
Засн. ў пач. 18 ст.інд. купцамі на месцы рыбацкага пасёлка. У 1843 захоплены англічанамі, стаў адм. ц.прав. Сінд, ваенна-марской базай Вялікабрытаніі. У 1947—59 сталіца Пакістана.
Стары горад з вузкімі вуліцамі, 1—2-павярховымі дамамі, кірмашамі, майстэрнямі рамеснікаў. Дзелавы цэнтр К. — гал. вуліцы Бандэр-род і Маклеад-род з пабудовамі пераважна 19—20 ст.: палац Фрырхол (1865, цяпер Нац. музей; неаготыка), будынак Вярх. суда (пач. 20 ст.; неакласіка), ун-т (засн. ў 1951, франц.арх. М.Экашар і інш.), маст. цэнтр (1960), дзяржбанк (праект 1954, італьян.арх. Дж.Л.Рычы, А.Каюм; пабудаваны ў 1961), атэль «Інтэркантыненталь» (1962, арх. У.Таблер, З.Патхан), маўзалей М.А.Джыны. За р. Лаяры прамысл. раён Сінд (забудоўваецца з 1947), гар. парк.