КАРА́ЧЫ,
горад на Пд Пакістана, на ўзбярэжжы Аравійскага м. Адм. ц. прав. Сінд. 9,7 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Гал. эканам. (выпускаецца каля 50% прамысл. прадукцыі краіны), фін. (месцазнаходжанне гал. айчынных і замежных банкаў), гандл. і трансп. цэнтр; марскі порт, праз які праходзіць больш за 70% знешнегандл. абароту Пакістана, база марскога рыбалоўства. Міжнар. аэрапорт. У раёне К. першая ў краіне экспартна-вытв. зона свабоднага гандлю. АЭС. Прам-сць: тэкст., маш.-буд. (суднабудаванне, эл.-тэхн., зборка матацыклаў і матаролераў), металаапр., хім., нафтахім., дрэваапр., папяровая, гумава-тэхн., цэм., шкляная, швейная, гарбарна-абутковая, харчасмакавая, у т. л. рыбаперапрацоўчая, тытунёвая. Акадэмія Кваід-і-Азам. 3 ун-ты. Нац. музей.
Засн. ў пач. 18 ст. інд. купцамі на месцы рыбацкага пасёлка. У 1843 захоплены англічанамі, стаў адм. ц. прав. Сінд, ваенна-марской базай Вялікабрытаніі. У 1947—59 сталіца Пакістана.
Стары горад з вузкімі вуліцамі, 1—2-павярховымі дамамі, кірмашамі, майстэрнямі рамеснікаў. Дзелавы цэнтр К. — гал. вуліцы Бандэр-род і Маклеад-род з пабудовамі пераважна 19—20 ст.: палац Фрырхол (1865, цяпер Нац. музей; неаготыка), будынак Вярх. суда (пач. 20 ст.; неакласіка), ун-т (засн. ў 1951, франц. арх. М.Экашар і інш.), маст. цэнтр (1960), дзяржбанк (праект 1954, італьян. арх. Дж.Л.Рычы, А.Каюм; пабудаваны ў 1961), атэль «Інтэркантыненталь» (1962, арх. У.Таблер, З.Патхан), маўзалей М.А.Джыны. За р. Лаяры прамысл. раён Сінд (забудоўваецца з 1947), гар. парк.
т. 8, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)