АНДРЭ́ЕВЫЯ ІМХІ́, андрэіды (Andreaeidae),
падклас лістасцябловых імхоў. Уключае 2 сям.: андрэевыя (120 відаў) і андрэебрыевыя (1 від). На Беларусі адзін род — андрэя з сям. андрэевых.
Старажытная група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга дэвону-карбону. Шэрагам прыкмет нагадваюць брыевыя імхі, адрозніваюцца тым, што каробачка раскрываецца прадаўгаватымі шчылінамі, як у пячоначнікаў. Прыстасаваны да скальна-камяністых субстратаў, вытрымліваюць нізкія т-ры і працяглае высыханне.
Г.Ф.Рыкоўскі.
т. 1, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́МІЯ
(Grimmia),
род брыевых імхоў сям. грыміевых. Вядома больш за 200 відаў. На Беларусі 5 відаў. Часцей трапляюцца грымія Мюленбека (G. muehlenbeckii) і грымія падушкападобная (G. pulvinata). Растуць на камянях і скалах, садзейнічаюць выветрыванню горных парод. Здольныя вытрымліваць працяглае высыханне.
Утвараюць зялёныя, чорна-зялёныя, шараватыя ад канечных лісцевых валаскоў падушачкі або дзярнінкі. Сцябло прамастойнае ці ўзыходнае, вышынёй 0,5—3 (зрэдку да 10) см, вілавата-кусцістаразгалінаванае. Лісце ад яйцападобнага да лінейна-ланцэтнага, з жылкай і звычайна з бясколерным канцавым зубчастым валаском. Каробачка са спорамі на прамой або дугападобнай ножцы.
т. 5, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТО́ТРЫХУМ
(Orthotrichum),
род брыевых імхоў сям. артотрыхавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі 15 відаў, з іх артотрыхум прыгожы (О. speciosum) трапляецца часта, артотрыхум Лаеля (О. layelii) занесены ў Чырв. кнігу. Растуць на кары дрэў, камянях, мураваных і бетонных збудаваннях. Ксераморфныя расліны, вытрымліваюць працяглае высыханне.
Падушачкі ад цёмна-зялёных да карычневых. Сцябло 0,5—7 см даўж., прамастойнае або прыўзнятае, разгалінаванае, густа ўкрытае лісцем. Лісце яйцападобна- або лінейна-ланцэтнае, з простай жылкай. Каробачка на кароткай ножцы, з 8—16 прадаўгаватымі палоскамі, радзей без іх. Вечка конусападобнае з дзюбкай. Перыстом двайны.
т. 1, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)