АРТО́ТРЫХУМ

(Orthotrichum),

род брыевых імхоў сям. артотрыхавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі 15 відаў, з іх артотрыхум прыгожы (О. speciosum) трапляецца часта, артотрыхум Лаеля (О. layelii) занесены ў Чырв. кнігу. Растуць на кары дрэў, камянях, мураваных і бетонных збудаваннях. Ксераморфныя расліны, вытрымліваюць працяглае высыханне.

Падушачкі ад цёмна-зялёных да карычневых. Сцябло 0,5—7 см даўж., прамастойнае або прыўзнятае, разгалінаванае, густа ўкрытае лісцем. Лісце яйцападобна- або лінейна-ланцэтнае, з простай жылкай. Каробачка на кароткай ножцы, з 8—16 прадаўгаватымі палоскамі, радзей без іх. Вечка конусападобнае з дзюбкай. Перыстом двайны.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)