Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РСІЯ (ад позналац. versio відазмяненне, паварот),
1) адзін з варыянтаў выкладанняў, тлумачэнняў якога-небудзь факта, падзеі.
2) У следчай і судовай практыцы меркаванне (гіпотэза) следчага або суда пра наяўнасць ці адсутнасць падзей або фактаў з тых, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы і абгрунтавання на доказах і матэрыялах пэўнай крымін. справы, а таксама магчымае тлумачэнне іх узнікнення і характару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́КСАН ((Jackson) Махалія) (Мехейлія; 26.10.1911, г. Новы Арлеан, ЗША — 27.1.1972),
амерыканская спявачка. З 1928 працавала з рознымі хар. і інстр. групамі, вылучылася пераважна выкананнем негрыцянскіх рэліг. песень і гімнаў (т. зв. «госпел»), а таксама спірычуэл. Яе першы запіс створаны ў 1934, найб. поспех набыла яе версія песні-госпел «Уздыміся крыху» (1945). У 1950-я г. шмат выступала на радыё і тэлебачанні, спявала на інаугурацыі Дж.Кенэдзі, у прэстыжных залах, у т. л. «Карнегі-хол», з аркестрам Э.Элінгтана, гастраліравала ў Еўропе. Па рэліг. матывах не выконвала блюзы, аднак зазнала ўздзеянне традыцыі іх выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРО́ДЗІЦА, Божая Маці,
у хрысціянскай міфалогіі найсвяцейшая Дзева Марыя, Мадонна, маці бязгрэшна зачатага Ісуса Хрыста. У 4 ст. абвешчана «прачыстай», на Усяленскім саборы 431 у Эфесе афіцыйна прызнана Багародзіцай і Царыцай Нябеснай. У каталіцызме, дзе культ Мадонны асабліва папулярны, абвешчаны шэраг догматаў, якіх не было ў стараж.царк. традыцыі. З 12 ст. на Захадзе распаўсюджваецца легенда пра бязгрэшнае зачацце Марыі яе маці Ганнай. У 1854 гэтая версія афіцыйна замацавана ў форме догмату. У 1950 прыняты догмат аб цялесным узнясенні Багародзіцы пасля смерці на неба, а ў 1964 папам Паўлам VI найсвяцейшая Дзева Марыя абвешчана «маці царквы». Тэма Багародзіцы з дзіцем шырока выкарыстоўваецца ў сусв. выяўленчым мастацтве і л-ры.
Да арт.Багародзіца. Абраз «Маці Божая Замілаванне» з Брэстчыны. 1644.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ПДАЙК ((Updike) Джон) (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачатку літ. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб.апавяд. «Даверся мне» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Майкл Ск’юдамар (20.3.1908, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 21.3.1985), англійскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1931). З 1934 працаваў у т-рах Ліверпуля, Лондана, Стратфарда-он-Эйван. Сярод роляў: Тузенбах, Вайніцкі («Тры сястры», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Ракіцін («Месяц у вёсцы» І.Тургенева), Аляксей Турбін («Дні Турбіных» М.Булгакава), Гамлет, Шэйлак, Лір, Антоній («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра). Староннік сцэн. рэалізму, паслядоўнік сістэмы К.Станіслаўскага. Паставіў спектаклі «Лінія жыцця» Н.Армстранга (1942), «Генрых IV» Шэкспіра (1951), «Месяц у вёсцы» Тургенева (1956, 1965), оперы — «Вертэр» Ж.Маснэ (1966), «Багема» Дж.Пучыні (1967). У кіно з 1938. Зняўся ў фільмах: «Глыбокай ноччу» (1945), «Версія Браўнінга» (1951, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Адзінота бегуна на доўгую дыстанцыю» (1963), «Мікалай і Аляксандра» (1971) і інш. Рэжысёр фільма «Антоній і Клеапатра» (1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЕЎ (Усевалад Васілевіч) (25.2.1912, г. Тула, Расія — 26.1 1996),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1969). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1937). З 1937 акцёр Маскоўскага маст.акад.т-ра, з 1943 Т-ра імя Массавета, з 1946 — Т-ра-студыі кінаакцёра. У 1949—50 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. З 1938 здымаўся ў кіно. Увасобіў на экране галерэю рознахарактарных персанажаў. Мастацтву акцёра ўласцівы вял. жыццёвая верагоднасць, прастата, звычайнасць. Лепшыя ролі ў фільмах: «Любімая дзяўчына» (1940), «У іх ёсць Радзіма» (1949), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1952), «Розныя лёсы» (1956), «У стэпавай цішыні» (1959), «Аптымістычная трагедыя» (1963), «Ваш сын і брат» (1966), «За намі Масква» (1967), «Вяртанне «Святога Лукі» (1970), «Печкі-лавачкі» (1972), «Версія палкоўніка Зорына» (1978), «Тэгеран-43» (1980), «Белыя росы», «Тайна «Чорных драздоў» (абодва 1983), «Забытая мелодыя для флейты» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЁР-АГЛЫ́»,
«Кёраглу», фальклорна-эпічны твор народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі, у аснове сюжэта якога жыццё і подзвігі легендарнага волата-змагара за нар. шчасце і справядлівасць. Створаны не раней 17 ст. Сабраны і запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Напісаны прозай і вершамі (тадж. толькі вершамі). Версіі «К.-а.» ўмоўна падзяляюць на зах. (арм., груз., курдскую, адж., тур., вытокі якіх у азерб. эпасе) і ўсх. ці сярэднеазіяцкую (туркм. «Гёраглы», узб. і каз. «Гораглы», тадж. «Гуруглі» ці «Гургулі»).
Паводле зах. версій герой-мсцівец Кёраглы (Сын сляпога), ён жа і паэт-імправізатар помсціць за свайго бацьку, якога тыран зрабіў сляпым. Эпас «К-а.», верагодна, заснаваны на дзейнасці рэальнай гіст. асобы, пра што сведчаць дакументы 16—17 ст.Усх. версіі адрозніваюцца ад зах., у іх многа казачна-фантаст. элементаў. Іх герой Гёраглы (Сын магілы, нарадзіўся ад мёртвай маці ў магіле) манарх знатнага паходжання. Свае подзвігі Гёраглы здзяйсняе ў казачнай краіне Чамбел (Шамбел), яго ўчынкі сімвалізуюць справядлівага і сумленнага правіцеля, абаронцу радзімы. «К.-а.» перакладзены на рус. (упершыню выд.азерб.версія ў 1856), англ., венгр. і інш. мовы.
Публ.:
Кёроглу. Баку. 1959.
Літ.:
Каррыев Б.А. Эпические сказания о Кёр-оглы у тюркоязычных народов. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ I (каля 1581—17.5.1606),
рускі цар [1605—06]. Самазванец, выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана IV, які ў 1591 быццам бы пазбег смерці ва Углічы. Асоба І. I не высветлена. Існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Выступіў як прадстаўнік апазіц. цару Барысу Гадунову маскоўскага баярства (князёў Раманавых, Чаркаскіх і інш.) і патрыярха. Паводле інш. звестак яго падтрымліваў канцлер ВКЛ Л.Сапега. У 1601 І. I знаходзіўся ў Кіеве, Астрогу, Брагіне, дзе ў 1603 заручыўся падтрымкай уладальніка горада кн. А.Вішнявецкага. У 1604 з дапамогаю караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы авалодаў паўд. і паўд.-ўсх.ч. Рускай дзяржавы, заняў Маскву і 21.7.1605 каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Быў адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і вайск. справу. Адмовіў Рэчы Паспалітай у праве на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за падтрымку яго выступлення. У знешняй палітыцы намагаўся стварыць антытур. кааліцыю. Забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з В.І.Шуйскім у час нар. паўстання.
Літ.:
Соловьев С.М. Соч.Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;
Скрынников Р.Г. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ (Іван Іванавіч) (25.9.1792, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 8.7.1869),
рускі пісьменнік. Удзельнік Айч. вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—15. У 1820—37 (з перапынкамі) дырэктар навуч. устаноў Пензенскай, Казанскай, Цвярской губ. З 1843 віцэ-губернатар у Цверы, у 1853—54 — у Віцебску. У 1856—58 цэнзар у Пецярбургу. З 1858 у Маскве. Друкаваўся з 1807. Адзін з пачынальнікаў рус.гіст. рамана («Апошні Навік», ч. 1—4, 1831—33; рамантызаваная версія першых перамог Расіі ў Паўн. вайне 1700—21). Лепшы гіст. раман — «Ледзяны дом» (1835), у якім праўдзіва ўзнавіў эпоху царавання Ганны Іванаўны і «біронаўшчыны». Суровы каларыт часоў стварэння цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы ў 15 ст. апісаў у рамане «Басурман» (1838). Пісаў вершаваныя трагедыі («Апрычнік», нап. 1842, забаронена цэнзурай, выд. 1859; паводле яе аднайм. опера П.Чайкоўскага), вадэвілі. Аўтар раманаў «Вядзьмар на Сухаравай вежы» (1840, незавершаны), «Няшмат гадоў таму» (ч. 1—4, 1862), «Унучка панцырнага баярына» (1868; напісаны па матэрыялах, сабраных ім у Віцебску, дзе з кансерватыўных пазіцый паказана паўстанне 1863—64), мемуарнай аповесці «Беленькія, чорненькія і шэранькія» (1856), нарысаў-успамінаў пра А.Пушкіна, В.Бялінскага, вайну 1812. У «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) акрамя сваіх ваен. уражанняў змясціў запісы пра бел. гарады. Эпісталярная спадчына часоў службы ў Віцебску адлюстроўвае спачувальнае стаўленне аўтара да бел. сялян.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. Можайск, 1994.
Літ.:
Петров С.М. Русский исторический роман XIX в. 2 изд. М., 1984. С. 95—142;
Воробьева Т. Лажечников в Витебске // Неман. 1970. № 9;