БАГАРО́ДЗІЦА,
Божая Маці, у хрысціянскай міфалогіі найсвяцейшая Дзева Марыя, Мадонна, маці бязгрэшна зачатага Ісуса Хрыста. У 4 ст. абвешчана «прачыстай», на Усяленскім саборы 431 у Эфесе афіцыйна прызнана Багародзіцай і Царыцай Нябеснай. У каталіцызме, дзе культ Мадонны асабліва папулярны, абвешчаны шэраг догматаў, якіх не было ў стараж. царк. традыцыі. З 12 ст. на Захадзе распаўсюджваецца легенда пра бязгрэшнае зачацце Марыі яе маці Ганнай. У 1854 гэтая версія афіцыйна замацавана ў форме догмату. У 1950 прыняты догмат аб цялесным узнясенні Багародзіцы пасля смерці на неба, а ў 1964 папам Паўлам VI найсвяцейшая Дзева Марыя абвешчана «маці царквы». Тэма Багародзіцы з дзіцем шырока выкарыстоўваецца ў сусв. выяўленчым мастацтве і л-ры.
т. 2, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)