АПАФЕО́З (ад грэч. apotheōsis абагаўленне),

1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л. бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.

2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.​Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНАЕ,

1) суб’ектыўны вобраз аб’ектыўнай рэальнасці, вынік асваення свету чалавекам, прадстаўлены ў формах яго свядомасці, дзейнасці і культуры (у гэтым сэнсе І. звычайна проціпастаўляецца матэрыяльнаму). Сферу І. ўтвараюць пачуццёвыя і мысліцельныя вобразы, спосабы іх пабудовы і аперыравання імі, духоўныя каштоўнасці і арыентацыі і інш. І. — своеасаблівая рэальнасць, звязаная са свядомасцю чалавека і яго псіхікай; адмысловая сутнасная характарыстыка свядомасці. Як і свядомасць, І. мае ўнутраныя (псіхічныя) і знешнія (быційныя) формы выяўлення. Перш за ўсё І. звязана з вобразным адлюстраваннем на ўзроўні пачуццяў і ўражанняў. Наступным этапам з’яўляецца суб’ектыўная ацэнка ўласцівасцей і іх выяўленне ў выглядзе моўных паняццяў. Удасканальванне гэтай сістэмы вядзе да ўдасканальвання мовы (з’яўляюцца пісьменства, кнігадрукаванне). У выніку ўдасканальваецца і сама сфера І. — з’яўляюцца філас. і тэалагічныя сістэмы, узнікае навука, літ. творчасць. З дапамогай мовы І. выходзіць за межы індывід. свядомасці, набывае характар феномена духоўнай культуры, грамадскай свядомасці. Сутыкаючыся з прадметамі культуры, чалавек адчувае іх ідэальны сэнс і да прадметаў прыроды пачынае ставіцца як да чагосьці створанага, вырабленага, што надае ім асаблівы чалавечы сэнс. Так адбываецца перанясенне сэнсаў з прадметаў культуры на прадметы прыроды, іх ажыўленне, адушаўленне і абагаўленне. Прадметы прыроды надзяляюцца ідэальнасцю, а паступова і само І. робіцца аб’ектам рэальнасці. Так з’яўляюцца вера ў самастойнае існаванне душы, у духа, у бога (гл. таксама Абстракцыя, Свядомасць, Псіхіка).

2) Нешта дасканалае, якое адпавядае ідэалу.

3) Вынік працэсу ідэалізацыі — абстрактны аб’ект, які не можа быць дадзены ў доследзе (напр., ідэальны газ, кропка).

А.​М.​Елсукоў.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЛЬТ АСОБЫ,

празмернае ўзвелічэнне якога-н. дзеяча. Гнасеалагічныя карані К.а. ў культавай рэліг. сферы. Шанаванне нябожчыкаў і пакланенне ім было пашырана ў Стараж. Грэцыі, Рыме, Індыі, Кітаі, у слав. народаў, у т. л. ў беларусаў (гл. Культ продкаў). К.а. Буды, Хрыста, Магамета, надзвычайны ўплыў іх вучэнняў на людзей садзейнічалі ўзнікненню і развіццю культаў рэлігійных, адпаведных тром найбуйнейшым сусв. рэлігіям. Абагаўленне і фетышызацыя правадыроў, цароў, каралёў, імператараў былі ўласцівы гіст. перыядам рабаўладання і феадалізму. Напр., усе рымскія цэзары валодалі неабмежаванай і бескантрольнай уладай. Тэарэт. абгрунтаванне і абсалютызацыя ролі выдатных асоб у гісторыі як непадуладных аб’ектыўным законам і звычайным нормам маралі ўтрымліваецца ў навук. працах прадстаўнікоў розных школ ідэалізму (гл. Валюнтарызм, Гегельянства, Народніцтва). У аўтарытарнай асобы канцэпцыі К.а. звязваецца з масавай свядомасцю, калі чалавек па сутнасці адмаўляецца ад асабістай свабоды, незалежнасці, атаясамлівае сябе з аўтарытэтам «моцнага», харызматычнага лідэра. У СССР найб. поўна праявіўся К.а. І.​В.​Сталіна. На XX з’ездзе КПСС (1956), у пастанове ЦК КПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў» адзначалася, што К.а. Сталіна, які ўзнік у складаных умовах міжнар. і ўнутр. жыцця сав. грамадства, суправаджаўся валюнтарызмам у кіраванні эканомікай і культурай, грубымі парушэннямі сацыяліст. законнасці, масавымі рэпрэсіямі. У розных гіст. умовах і ў розных формах існавалі К.а. Цэзара, Чынгісхана, Людовіка XIV, Напалеона, Мао Цзэдуна і інш. Гарантыяй недапушчэння любога К.а. і звязаных з ім негатыўных вынікаў з’яўляецца пабудова прававой дзяржавы, у якой забяспечваюцца роўныя правы і свабоды ўсіх грамадзян.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗАНАЎ (Васіль Васілевіч) (2.5.1856, г. Вятлуга Ніжагародскай вобл., Расія — 5.2.1919),

рускі філосаф, пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). У 1882—93 настаўнічаў. З 1899 супрацоўнік газ. «Новое время». У першым філас. творы «Пра разуменне» (1886) сфармуляваў ідэю пазнання прыроды як цэлага адзінства. Паводле Р., пазнанне прыроды, чалавека, гісторыі і культуры заснавана на суб’ектыўна-індывідуальным успрыманні, спосаб пазнання — ірацыянальны, хутчэй маст., чым навуковы. Асн. пытанні яго філасофіі: сувязь язычніцтва і хрысціянства, сінтэз «духоўнага» і «плоцевага», суб’ектыўнага светаадчування чалавека і касм. абсалюту. Першаасновай жыцця, на думку Р., з’яўляецца пол; істотная сувязь чалавека з Богам рэалізуецца менавіта праз пол, асвячэнне якога вядзе да сцвярджэння святасці сям’і («У свеце няяснага і нявырашанага», 1901; «Сямейнае пытанне ў Расіі», т. 1—2, 1903). Проціпастаўляў старазапаветнае і новазапаветнае хрысціянства, адзначаў у апошнім «авіталізм», які вядзе да разбурэння сувязі чалавека з Богам («Цёмны твар. Метафізіка хрысціянства», «Людзі месячнага святла. Метафізіка хрысціянства», абодва 1911). Абагаўленне сям’і ў яго звязана са сцвярджэннем самакаштоўнасці быт., прыватнага; звычайнае ўзводзіцца да агульназначнага, «глабальнае» — да мімалётнага. Адсюль асн. прынцыпы паэтыкі яго маст. прозы: абсалютызацыя суб’ектыўнага, сканцэнтраванасць на ўнутр. жыцці асобы, імкненне да фіксацыі мысліцельнага працэсу («Самотнае», 1912; «Смяротнае», 1913; «Апалыя лісты», т. 1—2, 1913—15; «Мімалётнае» 1915). Проза Р. — сінтэз рэліг. філасофіі і маст. л-ры, літ. крытыкі і публіцыстыкі, спалучэнне рыс эпасу і лірыкі, нарыса, рамана, эсэ, паэмы. Аўтар кн. «Апакаліпсіс нашага часу» (1917—18), літ.-крытычных артыкулаў «Легенда пра вялікага інквізітара Ф.​М.​Дастаеўскага» (1891), «На межах паэзіі і філасофіі» (1900), «Загадкі Гогаля...» (1909), «Апакаліптыка рускай літаратуры» (1918), у якіх разглядаюцца шляхі развіцця рус. і сусв. л-ры, праблемы «пісьменнік — пісьменніцтва — л-ра».

Тв.:

[Соч.] Т. 1—2. М., 1990;

О себе и жизни своей. М., 1990;

Религия. Философия Культура. М., 1992;

«Иная земля, иное небо...». М., 1994;

В мире неясного и нерешенного. М., 1995;

О писательстве и писателях. М., 1995;

Уединенное. М., 1998.

Літ.:

Фатеев В.А. В.​В.​Розанов: Жизнь. Творчество. Личность. Л., 1991;

Носов С. В.​В.​Розанов: Эстетика свободы. СПб., 1993;

В В.​Розанов: pro et contra. СПб., 1995;

Синявский А. «Опавшие листья» В.​В.​Розанова. М., 1999;

Николюкин А.Н. Розанов. М., 2001.

М.​Л.​Хаймовіч.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАЛІТЭ́Т,

ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.

Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.​Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.​Феўр, І.​Меерсон, Р.​Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.

М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш. Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;

Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;

История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Психология масс: Хрестоматия. Самара, 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)