ІДЭА́ЛЬНАЕ,

1) суб’ектыўны вобраз аб’ектыўнай рэальнасці, вынік асваення свету чалавекам, прадстаўлены ў формах яго свядомасці, дзейнасці і культуры (у гэтым сэнсе І. звычайна проціпастаўляецца матэрыяльнаму). Сферу І. ўтвараюць пачуццёвыя і мысліцельныя вобразы, спосабы іх пабудовы і аперыравання імі, духоўныя каштоўнасці і арыентацыі і інш. І. — своеасаблівая рэальнасць, звязаная са свядомасцю чалавека і яго псіхікай; адмысловая сутнасная характарыстыка свядомасці. Як і свядомасць, І. мае ўнутраныя (псіхічныя) і знешнія (быційныя) формы выяўлення. Перш за ўсё І. звязана з вобразным адлюстраваннем на ўзроўні пачуццяў і ўражанняў. Наступным этапам з’яўляецца суб’ектыўная ацэнка ўласцівасцей і іх выяўленне ў выглядзе моўных паняццяў. Удасканальванне гэтай сістэмы вядзе да ўдасканальвання мовы (з’яўляюцца пісьменства, кнігадрукаванне). У выніку ўдасканальваецца і сама сфера І. — з’яўляюцца філас. і тэалагічныя сістэмы, узнікае навука, літ. творчасць. З дапамогай мовы І. выходзіць за межы індывід. свядомасці, набывае характар феномена духоўнай культуры, грамадскай свядомасці. Сутыкаючыся з прадметамі культуры, чалавек адчувае іх ідэальны сэнс і да прадметаў прыроды пачынае ставіцца як да чагосьці створанага, вырабленага, што надае ім асаблівы чалавечы сэнс. Так адбываецца перанясенне сэнсаў з прадметаў культуры на прадметы прыроды, іх ажыўленне, адушаўленне і абагаўленне. Прадметы прыроды надзяляюцца ідэальнасцю, а паступова і само І. робіцца аб’ектам рэальнасці. Так з’яўляюцца вера ў самастойнае існаванне душы, у духа, у бога (гл. таксама Абстракцыя, Свядомасць, Псіхіка).

2) Нешта дасканалае, якое адпавядае ідэалу.

3) Вынік працэсу ідэалізацыі — абстрактны аб’ект, які не можа быць дадзены ў доследзе (напр., ідэальны газ, кропка).

А.М.Елсукоў.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)