РО́ЗАНАЎ (Васіль Васілевіч) (2.5.1856, г. Вятлуга Ніжагародскай вобл., Расія — 5.2.1919),
рускі філосаф, пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). У 1882—93 настаўнічаў. З 1899 супрацоўнік газ. «Новое время». У першым філас. творы «Пра разуменне» (1886) сфармуляваў ідэю пазнання прыроды як цэлага адзінства. Паводле Р., пазнанне прыроды, чалавека, гісторыі і культуры заснавана на суб’ектыўна-індывідуальным успрыманні, спосаб пазнання — ірацыянальны, хутчэй маст., чым навуковы. Асн. пытанні яго філасофіі: сувязь язычніцтва і хрысціянства, сінтэз «духоўнага» і «плоцевага», суб’ектыўнага светаадчування чалавека і касм. абсалюту. Першаасновай жыцця, на думку Р., з’яўляецца пол; істотная сувязь чалавека з Богам рэалізуецца менавіта праз пол, асвячэнне якога вядзе да сцвярджэння святасці сям’і («У свеце няяснага і нявырашанага», 1901; «Сямейнае пытанне ў Расіі», т. 1—2, 1903). Проціпастаўляў старазапаветнае і новазапаветнае хрысціянства, адзначаў у апошнім «авіталізм», які вядзе да разбурэння сувязі чалавека з Богам («Цёмны твар. Метафізіка хрысціянства», «Людзі месячнага святла. Метафізіка хрысціянства», абодва 1911). Абагаўленне сям’і ў яго звязана са сцвярджэннем самакаштоўнасці быт., прыватнага; звычайнае ўзводзіцца да агульназначнага, «глабальнае» — да мімалётнага. Адсюль асн. прынцыпы паэтыкі яго маст. прозы: абсалютызацыя суб’ектыўнага, сканцэнтраванасць на ўнутр. жыцці асобы, імкненне да фіксацыі мысліцельнага працэсу («Самотнае», 1912; «Смяротнае», 1913; «Апалыя лісты», т. 1—2, 1913—15; «Мімалётнае» 1915). Проза Р. — сінтэз рэліг. філасофіі і маст. л-ры, літ. крытыкі і публіцыстыкі, спалучэнне рыс эпасу і лірыкі, нарыса, рамана, эсэ, паэмы. Аўтар кн. «Апакаліпсіс нашага часу» (1917—18), літ.-крытычных артыкулаў «Легенда пра вялікага інквізітара Ф.М.Дастаеўскага» (1891), «На межах паэзіі і філасофіі» (1900), «Загадкі Гогаля...» (1909), «Апакаліптыка рускай літаратуры» (1918), у якіх разглядаюцца шляхі развіцця рус. і сусв. л-ры, праблемы «пісьменнік — пісьменніцтва — л-ра».
Тв.:
[Соч.] Т. 1—2. М., 1990;
О себе и жизни своей. М., 1990;
Религия. Философия Культура. М., 1992;
«Иная земля, иное небо...». М., 1994;
В мире неясного и нерешенного. М., 1995;
О писательстве и писателях. М., 1995;
Уединенное. М., 1998.
Літ.:
Фатеев В.А. В.В.Розанов: Жизнь. Творчество. Личность. Л., 1991;
Носов С. В.В.Розанов: Эстетика свободы. СПб., 1993;
В В.Розанов: pro et contra. СПб., 1995;
Синявский А. «Опавшие листья» В.В.Розанова. М., 1999;
Николюкин А.Н. Розанов. М., 2001.
М.Л.Хаймовіч.
т. 13, с. 399