БЕ́ЛАЎ ((Bellow) Сол) (н. 10.6.1915, г. Лашын, Канада),
амерыканскі пісьменнік. З сям’і эмігрантаў-яўрэяў з Расіі. Скончыў ун-т у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывід. і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культ. традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970; за ўсе Нац. прэміі ЗША 1953, 1964, 1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зб. апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975, Пулітцэраўская прэмія). Проза Белава філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная. Нобелеўская прэмія 1976.
нарвежскі пісьменнік, грамадскі і тэатр. дзеяч. Узначальваў Нарвежскі тэатр у Бергене (1857—58) і Крысціянійскі тэатр (1865—(58), аддаваў перавагу нац. рэпертуару. Вядомы як майстар патрыят. лірыкі (у т. л. тэксту нарв.нац. гімна «Так, мы любім гэты край», 1859). Аўтар рамант. аповесцяў з сял. жыцця «Сюнёве Сульбакен» (1857), «Арне» (1859), «Марш для нявесты» (1877) і інш., нац.-гіст. («Паміж бітвамі», 1857; «Кароль Сверэ», 1861; «Сігурд Злосны», 1862, і інш.) і сац.-крытычных драм («Банкруцтва», «Рэдактар», абедзве 1875; «Кароль», 1877, «Звыш нашых сіл», ч. 1—2, 1883—95), твораў з маральнай праблематыкай (п’есы «Рукавічка», 1883; «Геаграфія і Любоў», 1885, і інш.; раманы «Сцягі ў горадзе і ў порце», 1884; «Божым шляхам», 1889; «Мэры», 1906). Нобелеўская прэмія 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРС ((Bierce) Амброз Гвінет) (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.Кудраўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́НІН (Данііл Аляксандравіч) (сапр.Герман; н. 1.1.1919, в. Валынь Курскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі політэхн.Ін-т (1940). Аўтар раманаў «Шукальнікі» (1954, экран. 1957), «Пасля вяселля» (1958, экран. 1963), «Іду на навальніцу» (1962, экран. 1966), «Карціна» (1980, экранізаваны), «Уцёкі ў Расію» (1994), аповесцей «Перамога інжынера Корсакава» (1949), «Яраслаў Дамброўскі» (1951), «Асабістая думка» (1956), «Нехта павінен» (1970), «Дождж у чужым горадзе» (1973, экран. 1979), «Зваротны білет» (1976), «Яшчэ прыкметны след» (1984), «Зубр» (1987, пра біёлага М.У.Цімафеева-Расоўскага). Асн. тэма яго твораў — рамантыка навук.-тэхн. творчасці, маральна-псіхал. праблемы навук. інтэлігенцыі; у цэнтры ўвагі пісьменніка людзі, якія маюць сваю думку і бяруць адказнасць за ўсе свае ўчынкі. Пісаў дакумент. прозу (кн. «Клаўдзія Вілор», 1976; Дзярж. прэмія СССР 1978; «Блакадная кніга», ч. 1—2, 1977—81, з А.Адамовічам), нарысы, апавяданні, кінасцэнарыі.
Тв.:
Собр. Соч.Т. 1—5. Л., 1989—90.
Літ.:
Финк Л. Необходимость Дон Кихота: Книга о Д.Гранине. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (КАЛО́ЖСКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 15—20 ст. у Гродне. Узнік пры Гродзенскай Барысаглебскай царкве. У 1480 пры першым вядомым ігумене Каліксце гродзенскі мешчанін І.Сергіевіч завяшчаў манастыру фальварак Панямонь, Г.Хадкевіч — штогадовую даніну ў 20 бочак мукі. Каля 1500 вял.кн. Аляксандр падараваў манастыру сад на беразе Нёмана, а кцітар (стараста з міран) каралеўскі пісар Б.Багавіцінавіч — фальварак Чашчаўляны (Чашчэвічы). У сярэдзіне 16 ст. манастыр заняпаў і ў ім не было манахаў. У канцы 16 ст. адрадзіўся і стаў уніяцкім. Сярод уніяцкіх ігуменаў быў вядомы пісьменнік-палеміст Леў Крэўза. З сярэдзіны 17 ст. тут вядомы цудатворны абраз Маці Божай Каложскай (эвакуіраваны ў 1915, месца яго знаходжання невядома). У пач. 18 ст. пры ігумене Воўку-Ланеўскім манастыр зноў заняпаў, а ігумен Яхімовіч аддаў усю зямельную маёмасць гродзенскім кармелітам. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў зноў праваслаўным, у сярэдзіне 19 ст. ён пераведзены ў будынкі закрытага Гродзенскага кляштара бернардзінак. Спыніў існаванне ў 1-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГ ((Grieg) Юхан Нурдаль) (1.11.1902, г. Берген, Нарвегія — 2.12.1943),
нарвежскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыўшы гімназію, служыў матросам (1920—21), уражанні адлюстраваў у зб. вершаў «Вакол мыса Добрай Надзеі» (1922) і рамане «А карабель ідзе далей» (1924). Вучыўся ва ун-тах Оксфарда і Осла. Выдаў кн. эсэ «Рана памерлыя» (1932) пра творчасць Р.Кіплінга, Дж.Кітса, П.Б.Шэлі, Дж.Байрана. На мяжы 1920—30-х г. адбылася яго творчая і светапоглядная эвалюцыя: аптымістычны пафас вершаў (зб. «Нарвегія ў нашых сэрцах», 1929) змяняецца песімізмам (драма «Атлантычны акіян», 1932). У 1932—34 жыў у СССР. У 1937 як ваенны карэспандэнт быў у Іспаніі (зб. «Іспанскае лета», 1937, раман «Свет яшчэ павінен стаць маладым», 1938). Вяршыня яго творчасці — драма «Паражэнне» (1937, пра Парыжскую камуну 1871). У 1940—43 змагаўся супраць фашызму (паэма «Чалавечая прырода», 1942; зб. вершаў «Свабода», выд. 1945; «Надзея», выд. 1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Дзмітрый Васілевіч) (31.3.1822, г. Ульянаўск, Расія — 3.1.1900),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў (Пецярбург, 1836—40), служыў у Дырэкцыі імператарскіх т-раў. Вядомасць яму прынеслі першыя аповесці «Вёска» (1846) і «Антон Гаротнік» (1847), напісаныя ў рэчышчы натуральнай школы, пабудаваныя на супрацьпастаўленні дэспатызму памешчыкаў і бяспраўя сялян. Аўтар аповесцей «Капельмейстар Суслікаў» (1848), «Прыгоды Накатава» (1849), «Няўдалае жыццё» (1850), «Свістулькін» (1855—56), раманаў «Прасёлачныя дарогі» (1852), «Рыбакі» (1853), «Перасяленцы» (1855). Для твораў Грыгаровіча характэрна нарысавая манера выкладання, перавага сац. аналізу над псіхалагічным, па-майстэрску напісаныя пейзажы. Пасля падарожжа вакол Еўропы ў 1858—59 напісаў дарожныя нарысы «Карабель «Рэтвізан» (1859—63). У пач. 1860-х г. адышоў ад літ. дзейнасці і прысвяціў сябе мастацтвазнаўству. Пазней вярнуўся да л-ры, выдаў аповесць «Гутаперчавы хлопчык» (1883) і «Літаратурныя ўспаміны» (1892—93).
Тв.:
Соч.Т. 1—3. М., 1988.
Літ.:
Мещеряков В.П. Д.В.Григорович — писатель и искусствовед. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́МЕЛЬСГАЎЗЕН ((Grimmelshausen) Ганс Якаб Крыстафель фон) (каля 1621, г. Гельнгаўзен, Германія — 17.8.1676),
нямецкі пісьменнік. Перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48, быў яе ўдзельнікам. З 1667 стараста ў г. Рэнхен, дзе напісаў усе свае творы. Самы вядомы з іх — сац.-філас., гратэскна-сатыр. раман «Сімпліцысімус» (1-е выд. 1669, найб. поўнае 1671). Яго гал. герой Сімпліцый («прастак») увайшоў у галерэю вечных вобразаў сусв. л-ры. Раман — своеасаблівая энцыклапедыя жыцця Германіі і ўсёй Еўропы ў гады Трыццацігадовай вайны, прасякнуты антываен. пафасам і трывожным роздумам пра лёс чалавечай цывілізацыі, ідэямі духоўнага стаіцызму. Працягам «сімпліцыяны» сталі раманы «Прастаку насуперак, або Дзіўнае апісанне жыцця махляркі і прайдзісветкі Кураж», «Шпрынгінсфельд» (абодва 1670), «Дзівоснае птушынае гняздо» (1672). У яго спадчыне раманы на гіст. і біблейскія сюжэты («Цнатлівы Іосіф», 1667), фантаст. («Першы абібок», 1670, і «Свет навыварат», 1673). На бел. мову раман «Сімпліцысімус» пераклаў В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН ((Greene) Генры Грэм) (2.10.1904, Беркхэмстэд, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 3.4.1991),
англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1925). Быў журналістам, служыў у разведцы. Аўтар раманаў «Чалавек унутры» (1929), «Стамбульскі экспрэс» (1932, экранізаваны ў 1934; бел.пер. 1993), «Мяне стварыла Англія» (1935), «Сіла і слава» (1940, экранізаваны ў 1962), «Сутнасць справы» (1948), «Ціхі амерыканец» (1955), «Наш чалавек у Гаване» (1958, экранізаваны ў 1959), «Цаной страты» (1961), «Камедыянты» (1966, экранізаваны), «Ганаровы консул» (1973), «Чалавечы фактар» (1978), «Доктар Фішэр з Жэневы, або Банкет з бомбай» (1980), «Мансеньёр Кіхот» (1982) і інш. Пісаў публіцыстыку, вершы, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, літ.-крытычныя эсэ, аўтабіяграфічныя творы. Аддаваў перавагу праблемам індывідуальнай віны і адказнасці, выбару і лёсу, сумлення і абавязку, разглядаў «цёмныя глыбіні» чалавечага духу. Глыбокае раскрыццё паліт. падзей спалучаецца з дасканалым псіхалагізмам, багаццем падтэкстаў, парадаксальнасцю вобразаў і сітуацый. Многія яго творы напісаны ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЁЛЫ (Касьян) (сапр.Аўдзей Вікенцій Іосіфавіч; 1886, паводле інш. звестак 1891, в. Губы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — канец 1916),
бел.пісьменнік. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905), Віленскі настаўніцкі ін-т (1910). Працаваў у гар. вучылішчах Вільні і Вілейкі. Загінуў у час 1-й сусв. вайны. Друкавацца пачаў, калі быў студэнтам настаўніцкага ін-та. У час. «Крестьянин» змяшчаў вершы, апавяданні, допісы. У 1909 надрук. апавяданне «Пустэльнік у свеце», вытрыманае ў духу рэліг. павучання і сац.-бытавую драму «Не розумам сцяміў, а сэрцам», прасякнутую матывамі грамадскай справядлівасці, спагадай да бедных. П’еса была папулярная і часта ставілася самадз. т-рамі ў Зах. Беларусі.
Тв.:
Не розумам сцяміў, а сэрцам. Вільня, 1927;
Тое ж // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.
Літ.:
Семяновіч А. Беларуская драматургія (Дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961. С. 115—120;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 395—397;
Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.