СТЭРН (Sterne) Лорэнс (24.11.1713, г. Кланмел, Ірландыя — 18.3.1768),

англійскі пісьменнік; прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў багаслоўскі ф-т Кембрыджскага ун-та (1738); святар. Вядомасць прынеслі раманы «Жыццё і меркаванні Трыстрама Шэндзі, джэнтльмена» (т. 1—9, 1760—67) і «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» (1768), напісаныя ў рэчышчы змешанай паэтыкі сентыменталізму і ракако. Гульня рэальнасці і вымыслу, персаніфікацыя вобраза чытача, натуральнасць кампазіцыі, геданізм, ігравыя прыёмы, спалучэнне філас. разважанняў і аўтарскай іроніі, глабальных праблем і кур’ёзных дробязей, высокага і нізкага ставяць гэтыя творы ў лік значных з’яў у гісторыі л-ры, што істотна паўплывалі на пошукі л-ры 20 ст. — мадэрнізму (асабліва плыні свядомасці) і постмадэрнізму.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь и мнения Тристрама Шенди, джентльмена. М., СПб., 2000;

Сентиментальное путешествие. Воспоминания. Письма. Дневник для Элизы. М.; СПб., 2000.

Н.​У.​Дзешкавец.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)