ЧАБО́Р Янка (сапр. Патаповіч Іван Сцяпанавіч; 11.7.1911, в. Рачканы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1943),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1931), вучыўся ў Віленскім ун-це. Удзельнік нац.-вызв. барацьбы ў Зах. Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў; на з’ездзе пісьменнікаў у 1933 абраны рэдактарам-выдаўцом час.«Літаратурная старонка». У 1934 асуджаны на 5 гадоў зняволення, у 1936 амнісціраваны. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі (1939) прымаў удзел ва ўстанаўленні сав. улады і ў рабоце першых сав. устаноў. Друкаваўся з 1928. Пісаў вершы публіцыстычнага і маральна-выхаваўчага характару. Месца і абставіны смерці нявысветленыя.
Тв.:
У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965.
Літ.:
Міско Я. Хлопец з вёскі Рачканы // Міско Я Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983.