ПО́ЛЕ ФІЗІ́ЧНАЕ,

адзін з двух (нараўне з рэчывам) відаў матэрыі. Паводле прынцыпу блізкадзеяння з дапамогай П.ф. (як сілавога поля) ажыццяўляецца ўздзеянне (на адлегласці) аднаго цела на другое, што апісваецца ў межах поля тэорыі. Прыклады П.ф.: эл.-магн. і гравітацыйнае ў класічнай фізіцы, квантава-рэлятывісцкія палі ў фізіцы элементарных часціц і іх узаемадзеяннях.

Паняцце сілавога поля (эл. і магн.) у 1830-я г. ўведзена М.Фарадэем. Дж.К.Максвел у 1860-я г. развіў далей ідэі аб эл.-магн. полі і сфармуляваў яго законы (гл. Максвела ўраўненні), прадказаў электрамагнітныя хвалі. Пасля адкрыцця Дж.​Дж.Томсанам электрона (1897) электрычна зараджаныя элементарныя часціцы сталі разглядацца як першасныя крыніцы эл.-магн. поля і эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1900 М.Планк прадказаў, што энергія эл.-магн. поля выпрамяняецца і паглынаецца дыскрэтнымі порцыямі (квантамі). У канцы 1920-х г. паказана, што квантуецца і само эл.-магн. поле. Кванты гэтага поля — фатоны з’яўляюцца элементарнымі часціцамі і пераносчыкамі эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1928 П.А.М.Дзірак увёў квантава-рэлятывісцкае (хвалевае) поле і для адзінак будовы рэчыва, квантамі якога з’яўляюцца элементарныя часціцы — электрон і пазітрон. У межах квантава-рэлятывісцкай тэорыі ў адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам знікаюць бар’еры паміж рэчывамі і сілавымі палямі як рознымі відамі матэрыі. У абодвух выпадках апісанне П.ф. ажыццяўляецца з дапамогай агульнага матэм. апарата і выкарыстоўваюцца аднолькавыя фіз. характарыстыкі П.ф. і квантаў гэтых палёў (элементарных часціц): маса, энергія, імпульс, момант імпульсу, спін, зарад і інш. Пры ўзаемадзеяннях кванты П.ф. аднаго тыпу могуць пераўтварацца ў кванты П.ф. другога тыпу, напр., электроны і пазітроны ў фатоны і наадварот — фатоны ў электрон-пазітронныя пары; кваркі і антыкваркі ў глюоны, а глюоны ў кварк-антыкваркавыя пары. Элементарныя часціцы розных тыпаў (сілавога поля і рэчыва), калі яны маюць адпаведныя сілавыя зарады, могуць быць пераносчыкамі і крыніцамі ўзаемадзеянняў.

А.​А.​Богуш.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТЭРДАМ (Rotterdam),

горад на З Нідэрландаў. Знаходзіцца на паўн. рукаве дэльты р. Рэйн; каналам Новы водны шлях злучаны з Паўн. морам, інш. каналамі — з Амстэрдамам і Гаагай. 1105 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Найб. марскі порт свету (штогадовы грузаабарот каля 300 млн. т), аванпарты на Паўн. моры — Улардынген, Східам, Хук-ван-Холанд, Еўрапорт; вузел суднаходства ў бас. р. Рэйн. Абслугоўвае трансп. сувязі Нідэрландаў (каля 60% знешнегандл. абароту краіны), Германіі, Бельгіі, Швейцарыі і інш. краін. Паромная сувязь з Вялікабрытаніяй. Нафта- і прадуктаправодамі злучаны з прадпрыемствамі Германіі і Бельгіі. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-прамысл. цэнтр краіны (праўленні транснац. манаполій, банкаў). Прам-сць базіруецца гал. ч. на прывазной сыравіне. У Р. і яго ваколіцах буйныя нафтахім. і нафтаперапр. прадпрыемствы (штогод перапрацоўваюць больш за 100 млн. т нафты). З інш. галін прам-сці найб. развіты металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і аўтамабілебудаванне, абсталяванне для партоў, эл.-тэхн. і інш.), хім., лёгкая (асабліва тэкст. і швейная), харч. і харчасмакавая (вытв-сць кармоў, маргарыну, перапрацоўка чаю, какавы, кавы). Метрапалітэн. Ун-т імя Эразма, Акадэмія, мастацтваў, Нац. ін-т навігацыі і караблебудавання і інш. Музеі: гіст., марскі, горада, этналогіі. Карцінная галерэя. Гатычныя цэрквы (15 ст.), у т. л. царква Сінт-Лаўрэнскерк, дамы і ветраныя млыны (17—18 ст.).

На тэр. сучаснага Р. паселішча вядома з 9 ст., у пісьмовых крыніцах — з 1282. З 1 340 горад. У 1572 захоплены і разрабаваны іспанцамі, далучыўся да паўстання Нідэрландаў супраць ісп. панавання. Пасля адмены ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598 у Р. перасялілася шмат франц. пратэстантаў (гандляры і рамеснікі). У 17—18 ст. цэнтр гандлю (у асн. з Францыяй і Англіяй), караблебудаўніцтва і сукнаробства. Пасля злучэння ў 1882 Р. каналам з Паўн. морам — адзін з найб. партоў свету. У 2-ю сусв. вайну моцна пацярпеў ад ням. бамбардзіровак.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРАСКАПІ́Я (ад спектр + ...скапія),

раздзел фізікі, які вывучае сувязь спектраў вылучэння, паглынання, рассеяння і адбіцця эл.-магн. выпрамянення са структурай і станам рэчыва, а таксама часціц, якія ўваходзяць у яго састаў. Служыць асновай развіцця і ўдасканалення метадаў спектральнага аналізу. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях у фізіцы, хіміі, біялогіі, астрафізіцы і інш. Даследаванні вядуцца з дапамогай спектральных прылад.

Пачатак С. — ад назіранняў спектра сонечнага выпрамянення І.​Ньютанам (1666). У пач. 19 ст. адкрыты і даследаваны лініі паглынання ў сонечным спектры (фраўнгоферавы лініі), устаноўлена ўзаемасувязь паміж спектрамі вылучэння і паглынання і праведзена распрацоўка метадаў спектральнага аналізу (Г.​Р.​Кірхгоф і Р.​Бунзен; 1859). Як самастойны раздзел навукі сфарміравалася ў пач. 20 ст. пасля стварэння квантавай механікі і квантавай тэорыі будовы атамаў і малекул, на якіх грунтуецца тэорыя С. У залежнасці ад аб’ектаў даследаванняў адрозніваюць атамную, малекулярную, ядзерную С., а таксама С. газаў, вадкасцей, крышталёў, мікра- і нанаструктур і інш. Паводле дыяпазонаў даўжынь эл.-магн. хваль (ці частот) С. падзяляюць на радыёспектраскапію (мікрахвалевую), аптычную С. (вывучае спектры аптычныя; уключае інфрачырвоную спектраскапію, С. бачнага выпрамянення і ультрафіялетавую спектраскапію); рэнтгенаўскую спектраскапію і гама-спектраскапію. Выкарыстанне лазераў і камп’ютэрнай тэхнікі дазволіла значна павялічыць частотную і часавую раздзяляльную здольнасць метадаў С., прывяло да ўзнікнення лазернай спектраскапіі, нелінейнай спектраскапіі і кінетычнай С. высокага раздзялення.

На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ. Выдаецца часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. 2 изд. М., 2001;

Радиоспектроскопия. М., 1973;

Немошкаленко В.В. Рентгеновская эмиссионная спектроскопия металлов и сплавов. Киев, 1972;

Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;

Грибковский В.П. Теория поглощения и испускания света в полупроводниках. Мн., 1975;

Ахманов С.А., Коротеев Н.И. Методы нелинейной оптики в спектроскопии рассеяния света. М., 1981.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА,

раздзел фізікі, у якім даследуюцца структура і ўласцівасці цвёрдых цел, а таксама з’явы, што адбываюцца ў іх. З’яўляецца тэарэт. асновай стварэння новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі.

Пачала развівацца з пач. 20 ст. пасля стварэння асноў квантавай механікі. Аб’ядноўвае крышталяграфію, фізіку росту крышталёў, фізіку трываласці і пластычнасці, магнетызм, звышправоднасць, радыяцыйную фізіку цвёрдага цела (у т. л. палімераў), фізіку нанаструктураваных матэрыялаў і інш. Тэарэт. аснова Ф.ц.ц. — квантавая механіка, квантавая электрадынаміка, статыстычная фізіка, а таксама тэорыя суцэльных асяроддзяў. Пры апісанні ўласцівасцей цвёрдых цел улічваюцца калектыўныя з’явы: генерацыя фанонаў, плазмонаў, эксітонаў і эксітонных кропляў, фазавыя пераходы, выпрамяненне (спантаннае і вымушанае) і паглынанне эл.-магн. хваль, самаарганізацыя нанаразмерных структур і інш. Эксперыментальныя даследаванні праводзяцца метадамі рэнтгенаўскай, нейтроннай і электроннай дыфракцыі і мікраскапіі, аптычнай спектраскапіі, электрон-пазітроннай анігіляцыі, мас-спектраскапіі другасных іонаў, зваротнага рэзерфардаўскага рассеяння лёгкіх іонаў і інш. Для стварэння новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі праводзяць даследаванні ва ўмовах звышнізкіх і высокіх тэмператур, звышвысокага і звышнізкага ціску, магутных эл. і магн. палёў. Для мадыфікацыі цвёрдых цел выкарыстоўваюць нераўнаважныя метады: лазерную абляцыю, іонную імплантацыю, электроннае і нейтроннае апраменьванне і інш. Новыя галіны ў кіраванні ўласцівасцямі цвёрдых цел — інжынерыя дэфектаў структуры і нанаструктуравання матэрыялаў. Гл. таксама Фізіка дыэлектрыкаў, Фізіка сегнетаэлектрыкаў.

На Беларусі даследаванні па Ф.ц.ц. пачаліся з 1930-х г. у БДУ, з 1957 сістэматычна праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Фізікатэхн. ін-це Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Каганов М.И., Френкель В.Я., Вехи истории физики твердого тела. М., 1981;

Ашкрофт Н., Мермин Н. Физика твердого тела: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1979;

Каганов М.И., Лифшиц И.М. Квазичастицы: Идеи и принципы квантовой физики твердого тела. 2 изд. М., 1989;

Герасименко Н.Н., Джаманбалин К.К., Медетов Н.А. Самоорганизованные наноразмерные структуры на поверхности и в объеме полупроводников. Алматы, 2002.

Ф.​Ф.​Камароў.

т. 16, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́БЕРМАС, Габермас (Habermas) Юрген (н. 18.6.1929, г. Дзюсельдорф, Германія), нямецкі філосаф і сацыёлаг. Праф. Гайдэльбергскага (1962—64) і Франкфурцкага (1964—71, 1983—94) ун-таў. У 1971—83 садырэктар Ін-та даследаванняў жыццёвых умоў навук.-тэхн. свету (г. Штэрнберг). Аўтар прац «Структурныя змены грамадскасці» (1962), «Пазнанне і інтарэс», «Тэорыя і практыка» (абедзве 1963), «Тэорыя камунікатыўнага дзеяння» (т. 1—2, 1981), «Запозненая рэвалюцыя» (1990) і інш. Ранні перыяд у эвалюцыі яго поглядаў характарызуецца ўплывам неамарксізму і франкфурцкай школы, позні — набліжэннем да традыц. лібералізму і гуманізму. Распрацаваў тэорыю камунікатыўнага дзеяння, пад якім разумеў моўнае ўзаемадзеянне індывідаў, што ўпарадкоўваецца паводле абавязковых норм і накіроўваецца на дасягненне згоды ў фармальных і нефармальных структурах грамадства. Камунікатыўнае дзеянне адрозніваў ад інструментальнага ці стратэгічнага, якое характэрна для сферы працы і адпавядае тэхн. нормам і правілам рацыянальнага выбару. Адрозніваў таксама нармалізаванае дзеянне, звязанае з устанаўленнем прававых норм і забеспячэннем іх выканання з выкарыстаннем уладных паўнамоцтваў, і экспрэсіўнае («драматургічнае»), звязанае са стварэннем і разуменнем твораў мастацтва. Ядром грамадзянскай супольнасці лічыў сац. ўтварэнні, што ўзнікаюць па-за межамі дзейнасці дзяржавы і эканомікі (культ. асацыяцыі, царква, спарт. клубы, сродкі масавай інфармацыі, паліт. партыі і інш.), задача якіх — пашырэнне сац. роўнасці і свабоды, перабудова і дэмакратызацыя дзяржавы. Выступаў за стварэнне агульнаеўрап. канстытуцыі, якая б забяспечыла фарміраванне агульнаеўрап. грамадзянскай супольнасці, паліт. культуры і грамадз. салідарнасці.

Тв.:

Рус. пер. — Демократия. Разум. Нравственность: Московские лекции и интервью. 2 изд. М., 1995;

Моральное сознание и коммуникативное действие. СПб., 2000;

Вовлечение Другого: Очерки полит. теории. СПб., 2001;

Почему Европе нужна конституция? // Социология. 2001. № 4. Философия как местоблюститель и интерпретатор // Путь в философию: Антология. СПб., 2001.

Літ.:

Фурс В.Н. Философия незавершенного модерна Юргена Хабермаса. Мн., 2000;

Современная западная теоретическая социология. Вып. 1. Юрген Хабермас. М., 1992;

Современные социологические теории общества. М., 1996.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭПІДЭМІЯЛОГІЯ

Развіццё эпідэміялогіі як навукі пачалося на Беларусі з адкрыцця НДІ Мін-ва аховы здароўя: санітарна-бактэрыялагічнага ў Віцебску (1921), эпідэміялогіі і мікрабіялогіі ў Мінску (1924). У 1920—40-я г. бел. вучоныя вывучалі эпідэміялогію сыпнога тыфу, паветрана-кропельных і кішэчных інфекцый, гельмінтозаў, малярыі (Дз.​П.​Бяляцкі, В.​І.​Дурыхін, Д.​Х.​Зібіцкер і інш.). У выніку да канца 1950-х г. малярыя як масавая хвароба на Беларусі канчаткова ліквідавана. З 1950-х г. вяліся даследаванні склеромы, лептаспірозаў, сальманелёзаў, хваробы Брыля, тулярэміі і інш. Асаблівая ўвага аддавалася поліяміэліту і дыфтэрыі, якія ў пасляваенны час набылі амаль Эпідэмічны характар (В.​І.​Вацякоў, Н.​А.​Ізраіцель, А.​П.​Красільнікаў, М.​І.​Лебедзеў, П.​Р.​Рыцік, Г.​А.​Суджаеў, Э.​У.​Фельдман і інш.). У 1960—80-я г. вывучаліся гепатыты, гемарагічныя ліхаманкі, герпесвірусная інфекцыя; выяўлена павольная інфекцыя цэнтральнай нервовай сістэмы чалавека — аміатрафічны лейкаспангіёз (Вацякоў, Н.​Дз.​Каламіец, І.​І.​Протас і інш.). У выніку пастаяннай прафілактыкі інфекцыйных захворванняў на Беларусі ліквідаваны натуральная воспа, поліяміэліт, блізкі да ліквідавання адзёр; кантралюецца захваральнасць на дыфтэрыю, краснуху, паратыт, гепатыт B. У апошнія дзесяцігоддзі інтэнсіўна развіваецца малекулярная эпідэміялогія. Даследаванні ў гэтым кірунку вядуцца ў Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, у мед. універсітэтах, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1987 даследуюцца этыялогія і эпідэміялогія СНІДу (Н.​Дз.​Каламіец, Рыцік і інш.), вылучаны высокапрадуктыўны штам ВІЧ. Пашыраюцца даследаванні ў галіне фундаментальнай эпідэміялогіі; створана камп’ютэрная база, што дазваляе ўдасканальваць улік і рэгістрацыю захворванняў і іх аналіз (У.​С.​Барткевіч, М.​І.​Вальвачоў, М.​І.​Рымжа, Р.​М.​Чысценка).

Літ.:

Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990;

Чистенко Г.Н. Общая эпидемиология. Мн., 1997;

Полиомиелит в Беларуси: достижения и проблемы профилактики заболевания живой оральной вакциной // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. мед.-біял. навук. 2003. №4.

А.​А.​Самайловіч.

т. 18, кн. 2, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗАЦЫЯ АХОВЫ ПРЫРОДЫ

Арганізацыя аховы прыроды на Беларусі накіравана на захаванне, аднаўленне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных багаццяў і з’яўляецца часткай дзярж. палітыкі. Яна мае экалагічнае, эканам. і сац. значэнне, накіраванае на забеспячэнне ўстойлівага развіцця дзяржавы і рацыянальнае прыродакарыстанне.

На Беларусі спрадвеку выхоўвалася пачуццё ашчаднага і беражлівага стаўлення да прыроды: паляванне на пэўных звяроў і птушак вялося толькі ў адпаведныя сезоны; ашчадна высякаліся дрэвы ў лесе (каб не пашкодзіць маладняк-падрост); каля вясковых пабудоў і двароў, уздоўж вуліц і дарог высаджваліся дрэвы і кусты. Не знішчаліся без патрэбы рэдкія звяры і птушкі; ствараліся буслянкі, шпакоўні; дзецям забаранялася разбураць гнёзды птушак; бортнікі ў дзікіх пчол забіралі толькі частку мёду. Рыбу не лавілі ў час нерасту; нават не званілі царкоўныя званы, каб не пужаць яе. Многія з гэтых звычаяў пазней уведзены ў заканадаўчыя акты. У 16 ст. ў сувязі з памяншэннем у лясах колькасці паляўнічых жывёл прымаліся спец. статуты, якія абмяжоўвалі здабычу каштоўных жывёл, вызначалі правілы палявання і памер штрафаў за іх парушэнне. Ахоўныя «правілы», вызначаныя ў «Статуце на валокі» (1557), у Статутах Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, былі накіраваны на ахову жывёл і асяроддзя іх пражывання. У савецкі час прынята значная колькасць дэкрэтаў і пастаноў аб выкарыстанні і ахове лесу, паляўнічай жывёлы, водных рэсурсаў, рыбных запасаў, садоў і паркаў, помнікаў прыроды, курортных мясцін і інш. У 1923 і 1926 СНК БССР выдаў пастановы аб парадку аховы помнікаў старажытнасці, мастацтва, нар. побыту і прыроды, абвясціў іх дзярж. уласнасцю. У 1925 створаны 1-ы на Беларусі Бярэзінскі дзярж. запаведнік, у 1939 — запаведнік «Белавежская пушча». У 1930—40 у Беларусі вяліся работы па ўпарадкаванні і аднаўленні лясоў, асушэнні балот, вызначаны водаахоўныя лясы. У пасляваенны час адноўлена дзейнасць запаведнікаў, створаны органы рыбааховы, упраўленні пры СНК БССР па справах паляўнічай гаспадаркі, запаведнікаў, у 1960 — Дзярж. камітэт Савета Міністраў БССР па ахове прыроды (з 1994 Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя). У 1961 прыняты закон аб ахове прыроды. У ліку першых у незалежнай Рэспубліцы Беларусь прыняты закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), які рэгулюе прыродаахоўныя адносіны ў сферы навакольнага асяроддзя і з’яўляецца асновай для галіновых законаў, прынятых у 1993—2003. Галіновыя законы прадугледжваюць правядзенне экалагічнай экспертызы, паляпшэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, ахову прыродных тэрыторый і аб’ектаў, ахову і выкарыстанне жывёльнага і расліннага свету, ахову атмасфернага паветра, радыяцыйную бяспеку, гідраметэаралагічную дзейнасць і інш. У 1997—2002 прыняты шэраг кодэксаў Рэспублікі Беларусь, у т. л. аб нетрах, вадзе, зямлі, лесе і інш. Беларусь падпісала 18 (на пач. 2004) міжнар. прыродаахоўных канвенцый і пратаколаў да іх, супрацоўнічае з міжнар. міжурадавымі і фінансавымі арганізацыямі ў галіне прыродаахоўнай дзейнасці. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць у БДУ і Бел. тэхнал. ун-це. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя працуюць Бел. н.-д. цэнтр «Экалогія», Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т, Рэсп. навук.-тэхн. цэнтр «Экамір», Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі навук. даследаванняў па ахове прыроды разглядаюцца на Навук. савеце па праблемах біясферы і Экалагічнай камісіі Нац. АН Беларусі. Даследаванні па ахове прыроды ажыццяўляюць н.-д. ін-ты Нац. АН Беларусі, ун-ты, нац. паркі і запаведнікі. Гл. таксама Ахова прыроды (т. 2).

М.​Ю.​Калінін, А.​М.​Рачэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап. культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл. Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.

Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк. выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.​Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц. этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.

Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, Р.​Падбярэскі, В.​Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.​Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел. нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп. час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, А.​Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел. перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыя нац. паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш. прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш. заканад. актах краіны.

Літ.:

Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд. Мн., 1991);

Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд. Мн., 1921;

Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд. Мн., 1992).

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦОЎНАЕ ПРАВА

Навук. даследаванні ў галіне прац. права Беларусі ў сав. час развіваліся ў цеснай сувязі з развіццём рас. навукі прац. права. Пашырэнне заканатворчых правоў саюзных рэспублік, аднаўленне і фарміраванне асн. навук. цэнтраў — БДУ, АН Беларусі — дало магчымасць стварыць у 1960-я г. перадумовы для падрыхтоўкі навук. кадраў і даследаванняў у галіне прац. права Беларусі. Фарміраванне бел. школы прац. права звязана з імёнамі Л.​Я.​Астроўскага і В.​І.​Семянкова, якія былі пачынальнікамі даследаванняў у галіне прац. часу, аховы працы ў Беларусі. Вывучаліся роля прафсаюзаў у галіне аховы працы, праблемы прац. часу ў прамысловасці, прававыя праблемы аховы працы (Ю.​П.​Смірноў). У 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар прац. і гаспадарчага права. У 1970—80-я г на кафедрах грамадз. працэсаў і прац. права юрыд. ф-та БДУ праводзіліся навук. і метадычныя даследаванні па пытаннях выкарыстання прац. часу, адпачынку, прац. дысцыпліны, атэстацыі працоўных і служачых (Я.​М.​Ануфрыеў, В.​П.​Дуюн, Х.​Т.​Мялешка), прац. спрэчак (В.​Г.​Ціхіня, М.​Р.​Юркевіч), віны ў сав. прац. праве, матэрыяльнай адказнасці работнікаў (А.​М.​Хвастоў), сумяшчэння прафесій і пасад, рэгулявання працы работнікаў аўтатранспарту, прац. дагавора (В.​А.​Глозман) і інш. Падрыхтаваны навук. і навукова-метадычныя працы, у т. л. «Практыкум па савецкаму працоўнаму праву» (1984). Падрыхтоўкай праектаў нарматыўных актаў, сістэматызацыяй заканадаўства аб працы і яго тлумачэннем займаўся Б.​А.​Волкаў, праблемамі прафес. падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў у Рэспубліцы Беларусь — В.​М.​Арцёмава.

Завяршэнне фарміравання бел. школы прац. права звязана з арганізацыяй і правядзеннем комплексных даследаванняў па праблемах калект. дагавору (Г.​І.​Лях), прававога рэгулявання размеркавання прац. рэсурсаў (М.​А.​Гарбаток), прававога стану вытворчай адзінкі і вытворчага аб’яднання ў сістэме прац. адносін (Л.​І.​Ліпень), прац. дагавору (Дз.​А.​Калбасін), матэрыяльнай адказнасці работнікаў сістэмы дзярж. гандлю (Р.​А.​Васілевіч), судовай практыкі і ўдасканалення прац. заканадаўства (В.​С.​Курылёва) і інш. Вывучаліся таксама пытанні ўжывання норм прац. права аб заахвочваннях і спагнаннях, прававыя праблемы ўзгаднення інтарэсаў уласніка і прац. калектыву ў сферы кіравання працай, прававога становішча жанчын у сувязі з мацярынствам, нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы (А.​А.​Войцік, Т.​М.​Петачэнка, М.​М.​Сатоліна, Н.​І.​Красоўская). Тэарэтычныя праблемы кадыфікацыі заканадаўства аб працы вывучаў В.​І.​Крывы, пад кіраўніцтвам якога аўтарскія калектывы ў 1993 падрыхтавалі каментарыі да Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь, у 2000 — паартыкульнага каментарыя да Працоўнага кодэкса Беларусі. Вучоныя-юрысты БДУ даследуюць асаблівасці прававога рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў (А.​А.​Войцік, К.​Л.​Тамашэўскі), пытанні забеспячэння законнасці і дысцыпліны працы (А.​П.​Дубавец), прынцыпы і крыніцы прац. права (Х.​Т.​Мялешка, Т.​М.​Петачэнка), супярэчнасці ў заканатворчасці і правапрымяненні прац. права (В.​С.​Курылёва), калект. і параўнаўчага прац. права (В.​У.​Часаліна). У аддзеле прац. і грамадз. права Ін-та дзяржавы і права Нац. АН Беларусі аналізуюцца асаблівасці прац. статуса наймальніка (Н.​М.​Чарнаруцкая), прац. адносін асоб, якія працуюць па сумяшчальніцтве (Т.​В.​Каробкіна), пытанні прававога рэгулявання прац. дагавора (Н.​І.​Тарасевіч), кампенсацыі маральнай шкоды ў прац. праве (Я.​У.​Моціна), права на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (В.​І.​Семянкоў) і інш. Навукова-даследчай і выкладчыцкай дзейнасцю ў сферы прац. права займаюцца супрацоўнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Т.​Н.​Важанкова, К.​І.​Кенік, Г.​Б.​Шышко), Акадэміі МУС (М.​А.​Гарбаток, А.​А.​Грачанкоў, Дз.​А.​Калбасін). Даследаванні ў галіне прававога рэгулявання працы вядуць таксама Т.​К.​Брытава, К.​К.​Уржынскі і прадстаўнікі Гродзенскай школы права сац. забеспячэння Л.​Я.​Абрамчык, С.​У.​Агіявец, Л.​Р.​Беразоўская, І.​А.​Бялова, І.​В.​Гушчын, В.​С.​Елісееў, Я.​А.​Пажога.

Апублікаваны «Каментарый да Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (пад рэдакцыяй Р.​А.​Васілевіча, 1999, 2-е выд. 2003). Падрыхтаваны і выдадзены першыя падручнікі для студэнтаў: «Працоўнае права» (пад рэдакцыяй В.​І.​Семянкова; 1997, 2002). У межах дзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнага ажыццяўлення і абароны прац. правоў як гарантый стварэння прававой дзяржавы, удасканалення арганізац.-прававых форм узаемадзеяння прац., грамадзянскага і гасп. права, тэндэнцыі іх развіцця. Працягваюцца даследаванні тэарэт. і практычных праблем рэалізацыі прац. права.

Літ.:

Семенков В.И. Надзор и контроль за охраной труда в СССР. Мн., 1963;

Яго ж. Охрана труда в СССР. Мн., 1976;

Островский Л.Я. Рабочее время по советскому трудовому законодательству. Мн., 1963;

Яго ж. Нормы затрат труда рабочих и служащих. Мн., 1970;

Хвостов А.М. Вина в советском трудовом праве. Мн., 1970;

Дуюн В.П. Рабочее время и время отдыха. Мн., 1985;

Кривой В.И. Вахтовый метод: правовые вопросы. М., 1989;

Яго ж. Кодификация законодательства о труде Беларуси. Мн., 1997;

Курылева О.С. Судебная практика и совершенствование трудового законодательства. Мн., 1989;

Мелешко Х.Т. Правовые проблемы аттестации рабочих и служащих. Мн., 1990;

Кеник К.И. Судебная практика по трудовым делам. Мн., 2000;

Шишко Г.Б. Трудовая дисциплина. Мн., 2000;

Важенкова Т.Н. Трудовое право Республики Беларусь. Мн., 2003.

В.​С.​Курылёва, В.​У.​Часаліна.

т. 18, кн. 2, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЧНЫЯ НАВУКІ

Спектраскапія і люмінісцэнцыя (516).

Фізічная оптыка (517).

Лазерная фізіка (518).

Нелінейная оптыка (519).

Радыёфізіка і электроніка (519).

Фізіка цвёрдага цела (520).

Фізіка паўправаднікоў (520).

Магнітныя матэрыялы (521).

Фізіка плазмы (521).

Ядзерная фізіка (522).

Фізіка палёў і элементарных часціц (522).

Гісторыя фізічных навук на Беларусі пачынаецца з 1922, калі ў БДУ адкрыта фіз.-матэм. аддзяленне пед. факультэта, якое ў 1933 пераўтворана ў фіз.-матэм. факультэт. У падрыхтоўцы навук.-пед. кадраў па фізіцы ў першыя гады існавання БДУ вял. ролю адыгралі навук. ўстановы Масквы і Ленінграда. Арганізатарам першых фіз. даследаванняў ва універсітэце быў Я.​Е.​Сіроцін. У 1938 у БДУ арганізаваны кафедры: агульнай фізікі (заг. І.​Р.​Некрашэвіч), тэарэт. фізікі (заг. Ф.​І.​Фёдараў), рэнтгенафізікі (заг. І.​П.​Шапіра), эл.-магн. ваганняў (заг. Я.​В.​Сняткоў); працавалі Я.​П.​Громер, Ц.​Л.​Бурстын і інш. Фізічныя кафедры ў гэты перыяд існавалі таксама ў Бел. лесатэхнічным і політэхнічным ін-тах, Мінскім пед. ін-це, Бел. ін-це нар. гаспадаркі. У 1926 у структуры Ін-та беларускай культуры створана кафедра фізікі (заг. Я.​Е.​Сіроцін), на базе якой у 1931 арганізаваны Фізіка-тэхнічны ін-т АН Беларусі; існаваў да 1938 (у 1933—36 — Фізіка-матэматычны ін-т; у 1947 ін-т аднавіў сваю дзейнасць); у ім працавалі Ц.​Л.​Бурстын, Я.​П.​Громер, А.​І.​Кайгародаў, М.​Д.​Каўцэвіч, І.​Р.​Некрашэвіч, Я.​В.​Сняткоў, І.​П.​Шапіра і інш. Спыненыя вайной заняткі ў БДУ аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой). З восені 1944 навук. і пед. работу па фізіцы ў БДУ узначалілі Ф.​І.​Фёдараў і І.​Р.​Некрашэвіч.

Значны рост даследаванняў па фізіцы пачаўся ў 1950-я г. У 1953 акадэмікамі АН Беларусі выбраны А.​Н.​Сеўчанка і Б.​І.​Сцяпанаў. Яны ўзначалілі ў БДУ кафедры фізічнай оптыкі і спектральнага аналізу. У 1953 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі створаны фіз.-матэм. сектар, які ў 1955 рэарганізаваны ў Ін-т фізікі і матэматыкі. У арганізацыі ін-та значную ролю адыгралі А.​Н.​Сеўчанка, Б.​І.​Сцяпанаў, М.​А.​Барысевіч, Ф.​І.​Фёдараў, В.​В.​Папоў. У 1959 на базе ін-та створаны Ін-т фізікі і Ін-т матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН Беларусі. У 1956 акадэмікамі АН Беларусі выбраны М.​А.​Ельяшэвіч, А.​В.​Лыкаў, М.​М.​Сірата. З 1957 кафедру фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў у БДУ узначальваў М.​М.​Сірата. У 1959 створаны Аддзел (у 1963 рэарганізаваны ў інстытут) фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. З 1963 навук. даследаванні па фізіцы ў Нац. АН Беларусі накіроўвае і каардынуе Аддзяленне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (да 1987 Аддзяленне фізіка-матэматычных навук); акадэмікі-сакратары: Ф.​І.​Фёдараў (1963—87), В.​А.​Лабуноў (1987—89), Л.​І.​Кісялеўскі (1990—91), В.​С.​Буракоў (1992—97), М.​М.​Аляхновіч (1997—2002), М.​С.​Казак (з 2002). У склад Аддзялення ўваходзяць ін-ты фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі, прыкладной оптыкі, Аддзел аптычных праблем інфарматыкі Нац. АН Беларусі. Даследаванні і распрацоўкі па фізіцы вядуцца таксама ва ўстановах Аддзялення фізіка-тэхнічных навук Нац. АН Беларусі: у ін-тах цепла- і масаабмену, прыкладной фізікі, фізіка-тэхнічным, Аб’яднаным ін-це энергетычных і ядзерных даследаванняў і інш., а таксама на фізічных кафедрах ВНУ, у НДІ прыкладных фізічных праблем і НДІ ядзерных праблем БДУ, Нац. цэнтры фізікі часціц і высокіх энергій, Міжнародным лазерным цэнтры.

Дасягненні бел. фізікаў адзначаны высокімі дзярж. ўзнагародамі. Ін-т фізікі першы сярод навуковых устаноў Нац. АН Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967). Званне Героя Сац. Працы прысвоена А.​Н.​Сеўчанку (1971), Б.​І.​Сцяпанаву (1973), М.​А.​Барысевічу (1979), Ф.​І.​Фёдараву (1979). Лаўрэаты Ленінскай прэміі: М.​А.​Ельяшэвіч (1966), М.​А.​Барысевіч, В.​У.​Грузінскі, В.​А.​Таўкачоў (1980); Дзярж. прэміі СССР: М.​А.​Ельяшэвіч (1949, 1950), Б.​І.​Сцяпанаў (1950, 1972, 1982), В.​А.​Мастоўнікаў, А.​М.​Рубінаў (1972), М.​А.​Барысевіч, В.​Р.​Верашчагін (1973), Ф.​І.​Фёдараў (1976), П.​А.​Апанасевіч, Я.​В.​Івакін, А.​С.​Рубанаў (1982), Б.​В.​Бокуць (1984), А.​А.​Кавалёў, У.​А.​Піліповіч (1985), К.​М.​Салаўёў (1986), Б.​У.​Бяляеў, А.​А.​Каляда, Л.​І.​Кісялеўскі, В.​В.​Равінскі, А.​Ф.​Чарняўскі (1991). Бел. фізікі 26 разоў удастоены Дзярж. прэміі Беларусі. Аўтарамі навук. адкрыццяў з’яўляюцца М.​А.​Барысевіч (1977), У.​Р.​Барышэўскі (1979, 1988), Ф.​І.​Фёдараў (1980), В.​А.​Лапіна (1991). У Мінску выдаюцца часопісы: «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964), «Весці Нац. АН Беларусі. Серыя фізіка-матэматычных навук» (з 1965), «Вестник Белорусского государственного университета. Серия 1. Математика. Физика. Механика» (з 1969).

П.​А.​Апанасевіч, А.​А.​Богуш, В.​А.​Гапоненка.

т. 18, кн. 2, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)