СПЕКТРАСКАПІ́Я (ад спектр + ...скапія),

раздзел фізікі, які вывучае сувязь спектраў вылучэння, паглынання, рассеяння і адбіцця эл.-магн. выпрамянення са структурай і станам рэчыва, а таксама часціц, якія ўваходзяць у яго састаў. Служыць асновай развіцця і ўдасканалення метадаў спектральнага аналізу. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях у фізіцы, хіміі, біялогіі, астрафізіцы і інш. Даследаванні вядуцца з дапамогай спектральных прылад.

Пачатак С. — ад назіранняў спектра сонечнага выпрамянення І.​Ньютанам (1666). У пач. 19 ст. адкрыты і даследаваны лініі паглынання ў сонечным спектры (фраўнгоферавы лініі), устаноўлена ўзаемасувязь паміж спектрамі вылучэння і паглынання і праведзена распрацоўка метадаў спектральнага аналізу (Г.​Р.​Кірхгоф і Р.​Бунзен; 1859). Як самастойны раздзел навукі сфарміравалася ў пач. 20 ст. пасля стварэння квантавай механікі і квантавай тэорыі будовы атамаў і малекул, на якіх грунтуецца тэорыя С. У залежнасці ад аб’ектаў даследаванняў адрозніваюць атамную, малекулярную, ядзерную С., а таксама С. газаў, вадкасцей, крышталёў, мікра- і нанаструктур і інш. Паводле дыяпазонаў даўжынь эл.-магн. хваль (ці частот) С. падзяляюць на радыёспектраскапію (мікрахвалевую), аптычную С. (вывучае спектры аптычныя; уключае інфрачырвоную спектраскапію, С. бачнага выпрамянення і ультрафіялетавую спектраскапію); рэнтгенаўскую спектраскапію і гама-спектраскапію. Выкарыстанне лазераў і камп’ютэрнай тэхнікі дазволіла значна павялічыць частотную і часавую раздзяляльную здольнасць метадаў С., прывяло да ўзнікнення лазернай спектраскапіі, нелінейнай спектраскапіі і кінетычнай С. высокага раздзялення.

На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ. Выдаецца часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. 2 изд. М., 2001;

Радиоспектроскопия. М., 1973;

Немошкаленко В.В. Рентгеновская эмиссионная спектроскопия металлов и сплавов. Киев, 1972;

Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;

Грибковский В.П. Теория поглощения и испускания света в полупроводниках. Мн., 1975;

Ахманов С.А., Коротеев Н.И. Методы нелинейной оптики в спектроскопии рассеяния света. М., 1981.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)